Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не падкажаце, колькі цяпер градусаў ніжэй нуля?

“Апэрацыя Ы…” (рэж. Л. Гайдай)


Па краіне пракацілася адно зь сьвятаў, якія патрабуюць максымальнай сабранасьці й волатаўскага здароўя. У гэтыя суровыя, мужныя дні пытаньне мясцовых выбараў мела для значнай часткі беларускіх грамадзян сэнс смакавы й эстэтычны. Менавіта яго за добрыя два тыдні да сьвяточных працэсаў прадчуваў ales-chyhir, які ўгледзеў на родных прылаўках тавары, выкананыя ў духу новага курсу на саграваньне адносін з Захадам. Адважымся забясьпечыць арыгінальную фатаграфію блогера сваім кароткім камэнтаром на чорным фоне:

Аднак ня ўсё ў гэтыя дні зводзілася да ўжываньня айчынных сэнсаў у эўрапейскай абгортцы. Як вядома, 7-га чысла крохкую судзіну беларускай дзяржаўнасьці (а менавіта — комплекс “Менск-Арэна”) скаланала цалкам аўтэнтычнае спараджэньне сучаснага эўрапейскага духу — “Таранны камень” з радзімы Канта й Крупа. Выбар месца правядзеньня вольнага часу для беларускага грамадзяніна ўскладніўся да неймавернасьці. Бо ня толькі нямецкія госьці разважліва прызначылі свой агітацыйны мітынг эпахальны канцэрт на 7-га, калі электарат яшчэ цьвярозы ды ўспрымальны, але ўжо разьмякчаны прадчуваньнем лішняга выходнага. Маленькае аўтадафэ, якім так даўно пагражаў lipkovich захавальніку маладой беларускай маральнасьці Чаргінцу, таксама адбылося за дзень да сьвята ў невялікай, але цёплай дзякуючы вогнішчу з кніг кампаніі на ўлоньні Севастопальскага парку. Мала таго, у той жа дзень група пасіянараў зь беларускай нацыянал-бальшавіцкай партыі афіцыйна перайшла ў апазыцыю да афіцыйнай улады шляхам урачыстай прэс-канфэрэнцыі. Пра гэта паведамляе revanshist у допісе з хрэстаматыйнай назвай “На ростанях”, і калі прайсьціся па пададзеных тамака спасылках, то высьветліцца, што новыя Лабановічы ня столькі рупяцца аб традыцыйна грозным рэнамэ нацыянал-бальшавізму, колькі заклапочаныя тым, як бы “дамагчыся вольных выбараў з удзелам усіх палітычных сіл, якія рэальна існуюць”.

У гэты ж час некаторыя “палітычныя сілы, якія рэальна існуюць”, знаходзяцца ў зьдзіўленьні і бясьсільнай злосьці ад нечаканага разьвіцьця акцыі “Говори правду!” Паштоўкі канфіскаваныя, некалькі актывістаў арыштаваныя. І вось мароз прайшоў па скуры ва ўсіх палітычна-задуменных блогераў, нягледзячы на першыя пошугі вёсны і бадзёры бразгат крышталя з боку “Менск-Арэны”.


“За тым кандыдатам ёсьць “палітычная сіла”, а ў таго няма”! Ну і ШТО?! Вынік жа — АДНОЛЬКАВЫ! … Нават выбары ў нікчэмныя мясцовыя Саветы павінны быць паводле сьпісу! Аніякай вольнасьці! Усё пад кантролем!” — усклікае патэнцыйны прэзыдэнт “незалежнай дэмакратычнай багатай Беларусі” grycuk.


Сынхронна й сынаптычна адзначае пахаладаньне novosiad у нататцы: “Мясцовыя выбары: ледніковы пэрыяд”. Інтанацыі яго нашмат больш стрыманыя, але высновы таксама маласуцяшальныя:


“Па сутнасьці, нічога не адбылося. Выбарчая машына, як і раней, паедзе тым жа савецкім маршрутам па аднапартыйнай каляіне з прадказальным пераможным вынікам для блёку працаўнікоў сфэры адукацыі й аховы здароўя. Аднак ня будзем забегаць наперад. Для канчатковых высноў дачакаемся заканчэньня выбарчай кампаніі”


Значыць, прынамсі, застанемся сяк-так здаровыя і сяму-таму навучаныя. А калі яшчэ спраўдзяцца надзеі krasotaeu, то будзем атрымліваць асалоду ад рэштак прыгажосьці роднага гораду яшчэ некаторы час. Ды яшчэ кандыдатка спадзяецца канчаткова разьвеяць уласьцівыя шмат каму дзіцячыя аблуды:


“Дзякуй майму сыну Елісею, якому ў траўні будзе 4 гады і які спачатку вельмі не жадаў, каб мама была дэпутатам, тлумачачы гэта тым, што “дэпутат — гэта дзядзька”, але зараз ужо ня крыўдзіцца, што мне прыходзіцца зьбіраць подпісы да позьняга вечара і значна менш праводзіць зь ім часу ў выходныя дні”.


Дэпутат — ня дзядзька, голад — ня цётка, і наогул надышоў час спыніць спробы магічнага прыручэньня стыхійных сіл з дапамогай уяўнага прыняцьця іх у родапляменны гурт. Сардэчна запрашаем на вуліцу, дзе адразу ж чуваць зіма — падыхаць градусамі рэальнасьці!

XS
SM
MD
LG