Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкі суд пакараў двух вандалаў


Помнік маршалу Жукаву ў Слуцку.
Помнік маршалу Жукаву ў Слуцку.

Суд Слуцкага раёну вынес рашэньне адносна двух мясцовых жыхароў, зьвінавачаных у вандалізьме. Напрыканцы мінулага году яны разрабавалі бронзавыя помнікі Георгію Жукаву і Сафіі Слуцкай.

З абодвух помнікаў вандалы адарвалі бронзавыя мэмарыяльныя дошкі з надпісамі, а з манумэнту Сафіі Слуцкай зьнялі німб, які таксама быў выраблены з каляровага мэталу. Частку здабытага зьнявечылі, а частку пасьпелі прадаць у Расею. У выніку Ігар Забароўскі атрымаў чатыры гады абмежаваньня волі (так званай “хіміі”), а 16-гадовы Фёдар Базылевіч — 2 гады “хіміі” ўмоўна. Абодва асуджаныя вырасьлі ў няпоўных сем’ях, беспрацоўныя, паведаміў “Свабодзе” мясцовы журналіст Алесь Дастанка:

Ігар Забароўскі падчас суду
З роднымі і сябрамі пасьля абвяшчэньня прысуду
Фёдар Базылевіч падпісвае дакумэнты пасьля суду.
Фота — Алесь Дастанка.
“Паседжаньне праходзіла ў звыклым рэжыме за выключэньнем таго, што ў залі сабралася шмат сваякоў, блізкіх і сяброў падсудных і міліцыянты забаранялі размаўляць на цыганскай мове. Было відаць таксама, што гэтыя хлопцы зразумелі, куды яны патрапілі, і што вельмі шкадуюць з-за гэтага”.

Асуджаныя мусяць таксама кампэнсаваць каля пяці мільёнаў рублёў матэрыяльных страт гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, якая помнік маршалу пасьпела аднавіць. А Сьвята-Міхайлаўскай царкве, якая ўсталёўвала і апекавалася сымбалем гораду, помнікам Сафіі Слуцкай, яны мусяць вярнуць каля трох мільёнаў рублёў, кажа настаяцель царквы айцец Міхаіл:

“Німб мы адрэстаўравалі, і тут праблем няма, а дошку трэба аднаўляць. Спадзяёмся, што цягам месяца-двух адновім. Ставімся да гэтага як да непаразуменьня жыцьцёвага — людзі ня ведаюць, што робяць”.

Выкраданьні каляровых мэталаў у Слуцку — зьява ня новая, але крадзеж бронзы з двух помнікаў стаўся надзвычайнай падзеяй для жыхароў. Таму шмат каго гэтае здарэньне таксама прымусіла задумацца, кажа Алесь Дастанка:

“Горад абурыў гэты выпадак, тым больш, што апаганены быў адзін з сымбаляў гораду. Калі б чалавек быў адукаваны, каб ведаў гісторыю краю, дзе ён жыве, то ў яго б на гэта проста не паднялася рука. І справа тут не ў нацыянальнасьці, а ў ступені адукацыі чалавека. Ад гэтага і ўсе праблемы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG