Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні чакаюць адказу Лукашэнкі


Эдмінас Багдонас на прэсавай канфэрэнцыі.

Эдмінас Багдонас на прэсавай канфэрэнцыі.

Аляксандар Лукашэнка пакуль не адказаў на запрашэньне сваёй літоўскай калегі Далі Грыбаўскайце наведаць 11 сакавіка ўрачыстасьці ў Вільні. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. Ён пацьвердзіў, што літоўскі бок перадаў такое запрашэньне, і ў Вільні чакаюць на яго адказу.

Урачыстыя сьвяткаваньні 20-й гадавіны аднаўленьня незалежнасьці Літвы адбудуцца 11 сакавіка ў Вільні. Эдмінас Багдонас нагадаў: 20 гадоў таму дэпутаты літоўскага парлямэнту праз пайменнае галасаваньне выказалі сваю волю — абвясьціць Літву незалежнай сувэрэннай краінай, якая мае грунтаваць сваю будучыню на дэмакратычных прынцыпах.

На сьвяткаваньні запрошаныя кіраўнікі шмат якіх краінаў. Сярод іх і Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта паведаміў амбасадар Багдонас:

«Так, я пацьвярджаю, што запрашэньне было. Але адказу пакуль няма».

Запрашэньне ў Вільню беларускага лідэра палітолягі называюць адказам літоўскага прэзыдэнта на тое, што Генэральная пракуратура Беларусі нарэшце дапытала генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які жыве ў Менску. Афіцыйная Вільня публічна вітала і гэты крок, і тое, што беларускія пракуроры перадалі пратакол допыту генэрала літоўскаму боку.

Усхопчык камандаваў віленскім гарнізонам у часе падзеяў 13 студзеня 1991 году. Тады савецкія войскі ў Вільні накіравалі танкі на дэманстрантаў, якія патрабавалі незалежнасьці. У выніку супрацьстаяньня загінула 14 чалавек, каля тысячы атрымалі траўмы рознай цяжкасьці.

«Чаму Літве так важна атрымаць усю інфармацыю пра падзеі, якія адбыліся ўжо 19 гадоў таму?» У адказ на гэтае пытаньне «Свабоды» амбасадар Багдонас патлумачыў:

Гэта ня проста факт апытаньня таго ці іншага чыноўніка таго часу, які меў або ня меў рацыю. Гэта факт прызнаньня дзяржаўнасьці Літвы.
«Гэта ня проста факт апытаньня таго ці іншага чыноўніка таго часу, які меў або ня меў рацыю. Гэта факт прызнаньня дзяржаўнасьці Літвы. Мы заявілі пра гэта 11 сакавіка 1990 году. А падзеі, зьвязаныя з Усхопчыкам, адбыліся 13 студзеня наступнага, 1991 году. І калі ацэньваць так, што генэрал дзейнічаў у рамках Канстытуцыі СССР, то гэта можна ацэньваць як агрэсію на тэрыторыі незалежнай дзяржавы. Вось мы з гэтага і сыходзім».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа — вельмі цяжка прагназаваць, паедзе Лукашэнка ў Вільню ці не:

«Вельмі складана гадаць, што ў галаве ў Лукашэнкі. Але, на мой погляд, яму будзе вельмі цяжка адмовіць Далі Грыбаускайце на яе асабістае запрашэньне зноў сустрэцца. І калі ён там будзе, то для яго гэта стане пазытывам — быць сярод кіраўнікоў іншых эўрапейскіх краінаў. Да таго ж шэраг аглядальнікаў мяркуюць, што Лукашэнку выгадна быць у Вільні і на тле адмовы зьявіцца туды расейскага прэзыдэнта. Але я не выключаю, што беларускі бок знойдзе нейкую падставу, каб там прысутнічаў нехта іншы, а ня сам Лукашэнка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG