Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 3% вылучаных ва ўчастковыя камісіі – прадстаўнікі партый


У склад участковых выбарчых камісій вылучана больш за 77 тысяч чалавек, зь якіх усяго каля дзьвюх тысяч — прадстаўнікі палітычных партый.

Менш за 3% ад агульнай колькасьці вылучаных у склад участковых выбаркамаў на мясцовых выбарах складаюць прадстаўнікі палітычных партый, паведамляе Інтэрфакс.

Ад Аграрнай партыі вылучана 132, ад Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” — 160, БСДП (Грамада) — 24, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 434, КПБ — 516, Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — 8, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 95, АГП — 281, БСДГ — 9, партыі БНФ — 122, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 358 чалавек.

Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, “галоўная праблема партый — іх слабая структураванасьць. Па сутнасьці, яны “тусуюцца на асфальце” — у сталіцы, у абласных гарадах. Таму партыям вылучаць ва ўчастковыя камісіі ў рэгіёнах проста няма каго”.

Ад грамадзкіх аб'яднаньняў у склад участковых выбаркамаў вылучана 26 629 чалавек. Зь іх ад “Белай Русі” — 3440 чалавек, БРСМ — 4101, Беларускага саюзу жанчын — 3787, Беларускага аб'яднаньня вэтэранаў — 2247, Фэдэрацыі прафсаюзаў — 9370, ад іншых — больш за 3,6 тысячы чалавек.

Фармаваньне ўчастковых камісій завершыцца 10 сакавіка.
XS
SM
MD
LG