Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-20 сакавіка ў паветранай прасторы краін Балтыі адбудуцца першыя сёлета вучэньні NATO Baltic Region Training Event. У іх будуць удзельнічаць ваенныя кантынгенты Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, а таксама Францыі і ЗША. На думку шэрагу экспэртаў, краіны Балтыі сур'ёзна задумаліся аб сваёй бяспецы пасьля расейска-грузінскай вайны і расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2009».

Як паведамляе партал naviny.by, у вучэньнях ад ВПС Францыі будуць задзейнічаныя зьнішчальнікі Mirage 2000C, ад Літвы – L-39 Albatros, ад Польшчы – F-16. ЗША дадуць самалёты-запраўшчыкі. А задачай радыёлякацыйных станцый, разьмешчаных на тэрыторыі Латвіі і Эстоніі, стане наземны кантроль за паветранай прасторай. Пляуецца таксама, што баявыя самалёты NATO зробяць пасадку ў грамадзянскім міжнародным аэрапорце Таліна для дазапраўкі і адпрацоўкі тэхнічнага абслугоўваньня.

Як адзначылі ў штабе аб'яднанага камандаваньня паветранымі сіламі NATO ў нямецкім Рамштайне, падчас вучэньняў асаблівую ўвагу плянуецца надаць «павышэньню ўзаемадзеяньня ВПС краін NATO і спэцыфіцы патруляваньня паветранай прасторы».

Гэтыя вучэньні стануць першым этапам з цэлай сэрыі падобных мерапрыемстваў на тэрыторыі дзяржаў Балтыі і шэрагу іншых краін NATO.
У чэрвені гэтага году на поўначы Эстоніі прыкладна ў 100 км ад расійскай мяжы пройдуць дзесяцідзённыя вучэньні, у якіх будуць прымаць удзел ВМС краін Балтыі і 500 марскіх пехацінцаў ЗША. Плянуецца адпрацаваць высадку дэсанту на ўзьбярэжжы, а таксама правесьці сухапутныя манэўры.

Увосень разгорнуцца самыя маштабныя манэўры з усіх заплянаваных. У іх будуць задзейнічаныя больш за дзьве тысячы салдат і афіцэраў Латвіі, Літвы, Эстоніі і ЗША.

Некаторыя назіральнікі выказваюць меркаваньне, што краіны рэгіёну сур'ёзна задумаліся аб сваёй бясьпецы пасьля расейка-грузінскай вайны ў жніўні 2008 года, а таксама шырокамаштабных расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2009».

У тых вучэньнях удзельнічала каля 12,5 тыс. вайскоўцаў: 6,5 тысячы – ад Беларусі і 6 тысяч – ад Расеі. З ваеннай тэхнікі было задзейнічана звыш 220 танкаў, каля 470 баявых бронемашын, 230 самаходных гармат, мінамётаў і рэактыўных сыстэм залпавага агню, 60 самалётаў і 40 верталётаў.

У прыватнасьці, у манэўрах ўдзельнічалі бамбавікі далёкага радыюсу дзеяньня і самалёты радыёлякацыйнага выяўленьня расейскіх ВПС, а таксама дзяжурныя сілы і сродкі СПА Аб'яднанага стратэгічнага камандаваньня паветрана-касмічнай абароны Расіі.

Вучэньні праходзілі 8–29 верасьня 2009 году пад агульным кіраўніцтвам міністра абароны Беларусі генэрал-палкоўніка Леаніда Мальцава і начальніка генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расеі генэрал-палкоўніка Мікалая Макарава. На заключным этапе вучэньняў за іх ходам назіралі галоўнакамандуючыя ўзброенымі сіламі дзьвюх краін – прэзыдэнты Аляксандр Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG