Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія жанчыны больш адукаваныя за мужчын


Цягам некалькіх гадоў беларускія жанчыны, паводле зьвестак статыстычнага камітэту, у працэнтных адносінах займаюць вышэйшыя пазыцыі, чым мужчыны, у справе авалоданьня сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыяй.

Так, на пачатак 2009 навучальнага году колькасьць жанчын, якія вучацца, у краіне склала 879 тысяч (гэта 51,1% ад агульнай колькасьці навучэнцаў), а колькасьць мужчын — 840 тысяч (48,9%).

У прафэсійна-тэхнічных навучальных установах дзяўчаты складаюць 32,9% навучэнцаў. Доля дзяўчат сярод навучэнцаў сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў большая за палову (53,8%). Стабільна высокай застаецца ўдзельная вага дзяўчат сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў — 59%.

У 2009 годзе ў асьпірантуры вучылася 2.671 жанчына (58,4% ад агульнай колькасьці), у дактарантуры — 46 (41,8%).

Што да агульнай колькасьці рабочых, то там пераважаюць мужчыны — 56,3%, у агульнай колькасьці служачых — жанчыны (68,1%). У асноўным жаночымі зьяўляюцца калектывы арганізацый гандлю і грамадзкага харчаваньня, устаноў культуры, фінансаў, крэдыту і страхаваньня, адукацыі і аховы здароўя.

Удзельная вага жанчын у гэтых галінах складае ад 73,9% да 85,7%. Выкладчыкамі школ таксама працуюць пераважна жанчыны. На пачатак 2009/10 навучальнага года іх доля ў агульнай колькасьці настаўнікаў склала 85,3%, з колькасьці дырэктараў і іх намесьнікаў жанчыны складаюць 82,6%.

Сярод выкладчыкаў устаноў, якія забясьпечваюць атрыманьне сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, таксама пераважаюць жанчыны, агульная колькасьць якіх складае 7,7 тысячы чалавек (72% ад агульнай колькасьці выкладчыкаў). Зь іх маюць вучоную ступень кандыдата навук 32 чалавекі. Ва ўстановах, якія забясьпечваюць атрыманьне вышэйшай адукацыі, на выкладчыцкай рабоце працуюць звыш 13 тысяч жанчын (55,4%), сярод іх 235 дактароў навук, каля 4 тысяч кандыдатаў навук, 223 прафэсары і 2,9 тысячы дацэнтаў.
XS
SM
MD
LG