Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 гадоў таму, калі я прыехаў сюды першы раз, мянушка мясцовых яшчэ ад 16 стагодзьдзя, ад часоў ВКЛ — «самахвалы» — гучала, бадай, з сумнай іроніяй. На найпладнейшых землях Меншчыны ў двух з трох найбуйнейшых сельскагаспадарчых НДІ краіны людзі кідалі працу — не выплачваліся нават мізэрныя заробкі.

У пасёлак, што за 20 кілямэтраў ад сталіцы, праблема была дабрацца. Яшчэ большая — выбрацца аўтатранспартам. Пустэльна было і ў пяці камэрцыйных крамах — пакупнікам бракавала грошай. Пры гэтым кошты ў дзяржаўных крамах былі на 30-40% вышэйшыя. Праз 7 гадоў я спраўдзіў вышэйсказанае ў дзьвюх пажылых кабет, якія стаялі ўжо ў крамнай чарзе на невялікай плошчы Самахвалавічаў.

Спадарыні: «Цэны ў дзяржаўнай краме большыя — гэта захавалася. Мы атаварваемся заўжды ў камэрцыйных — тут і сьвяжэйшае прывозяць, і таньней, і кожны дзень…»

Шукаю памятную скасабочаную хатку, дзе тады месьціўся сельсавет. Бачу, аднак, прасторны цагляны будынак, дзе кіпіць рамонт. І — нязьменную сакратарку, спадарыню Марыю Сьцефановіч, якая тут жа прымаецца дзяліцца навінамі.

Сьцефановіч: «Ой, калі расьпісваліся людзі, абцасік мог увайсьці ў дзірачку (сьмех). Цяпер пры ўезьдзе — схема Самахвалавічаў, таблічкі на пачатку і пры канцы ўсіх вуліц. Ёсьць Слабада, новая забудова, каля 300 участкаў. Там гарадзкія людзі. Прапісаныя ў Менску, продаж праз натарыяльную кантору, мы толькі рэгіструем. У амбуляторыі рамонт правялі капітальны — рухаемся да аграгарадка…»

7 гадоў таму ў амбуляторыі працякаў дах, пацыентаў сустракалі аблезлыя ад фарбы сьцены. Сьмяшлівая загадчыца, спадарыня Зінаіда Шаўлюкевіч распавядае, што зараз тут 3 дактары ды прыём соцень чалавек у дзень.

Шаўлюкевіч: «Дах не працякае, адрамантаваны. Зроблены ўнутраны рамонт — калідоры, столь, вокны ўстаўленыя са шклопакетамі. А ў сэнсе заробкаў — у нас дзяржбюджэт, што ж можна сказаць…»

Што стаіць за апошнімі словамі, мне тлумачыць на вуліцы расчырванелая кабета зь белым каўпаком на галаве.

Спадарыня: «23 гады працую. Як 7 гадоў таму, заробкі такія ж засталіся. Я працую санітаркай за 180…»

Размову са спадарыняй Сьцефановіч працягваем ужо ў іншай танальнасьці.

Сьцефановіч: «Зарплаты слабыя, канечне. Шостая частка езьдзіла на працу ў Менск — 20 адсоткаў і езьдзіць. Працоўных месцаў у нас больш стала дзякуючы недзяржаўным прадпрыемствам. Напрыклад, „Міран“ робіць плястмасу…»

Пабываў я і ў «Міране» — адным з 10 прыватных прадпрыемстваў. Аднак норавы, што там пануюць, нагадалі нядобра забытыя часы. Калі я прыйшоў, ні з чаго падняўся пярэпалах і зьявіўся змрочны чалавек, які паведаміў:

Спадар: «Усе паўнамоцтвы агалошваць інфармацыю па „Міране“ толькі ў дырэктара. Дырэктар скажа гаварыць тое, тое, тое — буду гаварыць. Астатняе — камэрцыйная таямніца. Хіба ня так?»

Карэспандэнт: «Ня так! Ды ў вас горш, чым у любой канторы…»

У спадарыні Сьцефановіч ня мог не запытацца пра ход вылучэньня кандыдатаў на выбары ў сельсавет.

Сьцефановіч: «Неахвотна ідуць. Вядома, прапануем — калі маеце такое жаданьне, зьбірайце подпісы. Але ў нас ёсьць грамадзянін, які мае жаданьне. Ня ведаю прозьвішча, але ад яго прыйшлі на кансультацыю…»

Рызыкну дапусьціць, што ахвотных пайсьці ў дэпутаты сельсавета ў Самахвалавічах стане болей. У мінулым годзе жывой, як тут кажуць, справай заняўся новы старшыня — 26-гадовы амбітны выпускнік БДУ ды Акадэміі кіраваньня Ўладзімір Локун. Зь яго ініцыятывы ў мінулым годзе было праведзена 9 аўкцыёнаў па продажы 9 участкаў прыватным уладальнікам з усяе краіны. І — дайце веры — сродкі прыйшлі-такі на рахунак сельсавету. Сёлета экспэрымэнт набудзе проста мэгапамеры для пасёлка з 3,5 тысячы насельнікаў, лічыць спадар Локун.

Локун: «Падбіраем месцы, дзе падведзены ўсе камунікацыі. У сярэднім участак каштуе 60 мільёнаў…»

Карэспандэнт: «Каму яны прададзеныя?»

Локун: «І з Гомелю ёсьць, менчукі — маюць права ўсе. У сярэднім было 15-18 прэтэндэнтаў на адзін участак. Кошты ў часе аўкцыёну ўзрасьлі ў 5-6 разоў. Пачатковы кадастравы кошт у 10-11 мільёнаў — залежыць ад плошчы. Гэтыя ўчасткі — ад 12 да 19 сотак. Мы падабралі 24 участкі і сёлета плянуем іх прадаць…»

Адрасоў для прыкладаньня сродкаў не пералічыць, кажа спадар Уладзімір.

Локун: «З 12 вёсак толькі ў дзьвюх газ — будзем праводзіць. Ёсьць праблемы з водаправодам — сеткі вельмі старыя, хочам замяніць іх, каб у людзей зьявілася чыстая вада. У вёсцы Слабада ў гэтым годзе ўжо ёсьць праект. Ёсьць сьветлавыя апоры, якім па 40 гадоў. Гэтыя грошы з аўкцыёнаў будзем укладаць…»

Карэспандэнт: «Вядома, гэта добра ў Самахвалавічах, дзе побач Менск, чыстае паветра, бярозавы гай…» (сьмяюцца).

Ну, ня ўсё так добра, вядома. Непадалёк ад сельсавету ж — драўляная, перакошаная хаціна з выбітымі шыбамі. Тут знаёмлюся з 60-гадовым пэнсіянэрам, інвалідам 2-й групы Васілём Гаспадарчыкам. Пытаюся, каму ў Самахвалавічах жыць хораша, каму — ня надта.

Гаспадарчык: «Суседзі — муж, жонка — у іх гарод і на палетках участак. Мільёны мільёнаў, двухпавярховы катэдж адшліфавалі, крышталь. Яны градку вырасьцілі, раз — і на кірмаш на машыне оптам. Калісьці займаўся гародам — нармальна было. Цяпер пэнсія толькі. Цэны ж растуць — зубы паставіць не зьбяруся. Жывуць бедна пэнсіянэры. На плошчу выйдзеш, адразу бачна — бутэлькі зьбіраюць…»

* * *
Для гэтай вандроўкі ў Самахвалавічы была інфармацыйная падстава. У інтэрнэце і друку апошнім часам зьявіўся шэраг публікацый, дзе сьцьвярджаецца, што ў сувязі з глябальным пацяпленьнем у Беларусі пачне зьніжацца ўраджайнасьць бульбы. Па камэнтар зьвярнуўся да намесьніка па навуковай ды інавацыйнай працы навукова-практычнага цэнтру бульбаводзтва і пладагароднінаводзтва, спадара Бусько. Цэнтар «праглынуў» тры былыя галіновыя інстытуты АН РБ. Іван Іванавіч з публікацыямі знаёмы, але ставіцца да іх скептычна.

Бусько: «А ня веру! Вэгетацыйны пэрыяд не зьмяняецца з году ў год. Але і зараз пачынае пасадку ў красавіку Берасьцейская вобласьць, у сярэдзіне траўня — Віцебская…»

7 гадоў таму адзінай тутэйшай установай, якая выйшла на 90% самаакупнасьці ды стабільны заробак, быў тагачасны Інстытут бульбаводзтва. Яго ўзначальваў вядомы навуковец Сяргей Банадысеў. Але я яго ўжо не засьпеў — зьнялі з пасады. Спадар Бусько, які гадамі працаваў разам, апускае вочы.

Бусько: «Слабая праца ў вобласьці насеньняводзтва сельскагаспадарчых культур» — нібы так сфармулявана. А бюджэтнае фінансаваньне сёньня складае ў нас ужо 25-30%…"

Тутэйшыя ж людзі дагэтуль узгадваюць Банадысева добрым словам. Ён выступаў за поўную гаспадарча-фінансавую самастойнасьць інстытуту. Абураўся сытуацыяй, калі, займаючы першае месца на плянэце па вытворчасьці бульбы на душу насельніцтва, мы ня мелі права экспартаваць «валютнае» бульбяное насеньне. Тое ж пытаньне праз 7 гадоў — спадару Бусько.

Бусько: «Абмежаваньні на вываз? І ў гэтым годзе не выключэньне. Іх робіць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчоў. Тлумачаць — „з-за недахопу насеньня ў рэспубліцы“. Скажыце, а як тады выканаць экспарт, які даводзіцца інстытуту на ўзроўні 350 тысяч даляраў у год?!»

Карэспандэнт: «І заказаў на бульбяное насеньне хапае?»

Бусько: «Больш за 20 беларускіх сартоў афіцыйна занесеныя ў рэестар Расейскай Фэдэрацыі. Арыгінатар сорту абавязаны яго падтрымліваць, каб не зьніжаў свае пасяўныя якасьці. Штогод мы мусім пастаўляць пэўную колькасьць бульбы гэтай дзяржаве. Вельмі шмат заявак ёсьць. Вось толькі што зь сельгаскаапэратыву „Зьмітровы горы“ — просяць „Скарб“ і „Брыс-лілею“ 270 тон. Каб была магчымасьць, мы б выканалі. Пытаюцца беларускіх сартоў бульбы і з Малдовы, Украіны, Казахстану, ад літоўцаў прапановы…»

Карэспандэнт: «Якое месца беларуская бульба займае на сусьветным рынку?»

Бусько: «Сёньня беларускія сэлекцыянэры робяць стаўку на смакавую якасьць, што карэнным чынам адрозьнівае нас ад іншаземцаў. Маленькі прыклад. Асабліва шмат маем зносінаў зь фірмамі зь Нямеччыны. Зрабілі экспэрымэнт — зварылі іхныя сарты і нашы. Засакрэчана паставілі для дэгустацыі. Перавагу немцы аддалі беларускім сартам, чамусьці. (Сьмех.) Хаця такое паняцьце, як „разварыстасьць“, для іх неістотнае…»

Карэспандэнт: «У сувязі з гэтым — колькі вам вінны калгасы за насеньне?»

Бусько: «Доўг гаспадарак — да 500 мільёнаў рублёў. Можа быць адтэрміноўка плацяжу, ідзём на сумеснае вырошчваньне — усё роўна не выконваюць абавязацельствы. Вядома, гэта ўплывае на заробак нашых спэцыялістаў…»

У гэтым месцы наступіў для суразмоўцы неспадзяваны канфуз. У бугальтэрыі паведамілі, што сярэдні заробак нібы даходзіць аж да мільёна 19 тысяч. Не чырванейце, Іван Іванавіч! Вось што гадзінай пазьней я пачуў на вуліцы ад вашых супрацоўнікаў — электрыка Ліпніцкага ды іншых.

Ліпніцкі: «Я працаваў яшчэ, як „Ленінскі“ камбінат быў. 2 разы звальняўся. Народ усяляк атрымлівае. Восеньню ўсе болей. Я калі па 10 гадзін штодзень, нацягваю да паўтара мільёна. А так няшмат — аклад 300 тысяч. Трактарысты таксама няшмат, крычаць, што ім мала…»

Спадарыня: «Заробак выплачваюць, але…»

Карэспандэнт: «Застаўся 300 рублёў?»

Спадарыня: «Ну так!»

Спадарыні: «Заробак, вядома, — жадаць лепшага. Ведаеце, як выжываюць у Самахвалавічах? Курачкі ў хлявах. Свой кавалачак зямлі з гародам, свае саленьні, бульбу вырошчваем… Пэнсія маленькая — за 38 гадоў стажу 285 тысяч — хіба можа быць?!.. А я за 40 гадоў стажу — 275 тысяч. І ня крадзем, бізнэсам не займаемся. Таму што такія заробкі былі, як цяпер…»

Карэспандэнт: «А як вас завуць?»

Спадарыні: «Тацьцяна Ўладзіміраўна… Валянціна Паўлаўна, а прозьвішчаў не скажам, баімся… (Сьмех.) Затое мы вас чуем заўжды…»

Ізноў да размовы зь вядомым бульбаводам і намесьнікам дырэктара цэнтру бульбаводзтва і пладагароднінаводзтва Іванам Бусько.

Карэспандэнт: «Да перабудовы бульбяныя палеткі займалі ў вас тэрыторыю ў 700 тысяч гектараў. 7 гадоў таму — у 10 разоў меней. Сёньня?»

Бусько: «Сёньня плошча бульбы — 48 тысяч гектараў. Ёсьць пытаньні збыту. Ёмістасьць унутранага рынку невялікая і задавальняецца цалкам. І сёньня трэба ня як раней, калі бульба гніла ў вагонах. А як на Захадзе, калі заходзіш у краму і бачыш „брэнд“ — добрая ўпакоўка, для гэткіх мэтаў, па якасьці. Такая бульба будзе купляцца па добрых коштах і па-за межамі краіны. Самахвалавічы стануць, як раней называлі, сталіцай беларускай бульбы, гародніны і пладоў…»
XS
SM
MD
LG