Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыўдзяць жанчын у Беларусі


8 сакавіка ў Беларусі шмат што сьведчыць пра адданасьць традыцыям савецкага сьвята. Але кветкі і падарункі — не для усіх. Карэспандэнты «Свабоды» у рэгіёнах пазнаёмяць з жанчынамі, якія маюць вялікую крыўду на чыноўнікаў, дэпутатаў й уладу.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Я цяпер дамагаюся справядлівасьці ад беларускіх „палатачнікаў“


Дом у Берасьці з-за якога цярпіць Ірына Сьмірнова.
Жыхарка Берасьця Ірына Сьмірнова атрымала ў спадчыну палову дома й палову зямельнага надзела. Але прыватызаваць сваю уласнасьць яна ня можа, бо сусед — супраць. Ён дзейнічае з пазыцыі сілы, бо працуе ў гарвыканкаме. Ірына Сьмірнова паскардзілася на „Свабоду“.

„У нашай дзяржаве вельмі цяжка абараняць свае правы. Практычна мяне дзяржава зрабіла абсалютна бяспраўным чалавекам. На працягу шасьці гадоў супраць мяне адбываецца уціск, у мой бок ідуць пагрозы. Такім чынам мяне выжываюць з участка ў цэнтры гораду“.

Надзел у цэнтры Берасьця — прывабны кавалачак. Гарвыканкам не жадае перадаваць яго ва уласнасьць. Навязвае прымусовую арэнду. А жанчыну палохаюць часовыя ўмовы арэнды. Таму і канфліктуе. Сытуацыю тлумачыць берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей:

„Улада, як гаворыцца, паклала сваё вока на гэтую зямлю, што ў цэнтры гораду, недалёка ад вакзала. Відавочна, што ў чыноўнікаў ёсьць намер разарваць спачатку арэнду з уласьнікам, а пасьля некаму іншаму аддаць участак цалкам для будовы, скажам так, прыстойнага замка“.

Канстытуцыя дае мне права на атрыманьне інфармацыі, на жыльлё, на спадчыну ўласнасьці. Аднак чаму мясцовая улада адбірае гэта?
Ірына Сьмірнова зьвярталася ў суды і выйграла іх. Але спраўдзіць рашэньне пра атрыманьне зямлі ў пажыцьцёвае карыстаньне замінае недасканаласьць Закону „Аб зямлі“. Жанчыне давялося зрабіць запыт у Палату прадстаўнікоў.

„Мне даслалі чатыры адпіскі. Па сутнасьці, дэпутаты адмовіліся даць афіцыйныя тлумачэньні па адпаведных артыкулах Закону „Аб зямлі“. Я была змушаная была падаць скаргу на бязьдзейнасьць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у суд Маскоўскага раёну Менску“. Але і з гэтага суду атрымала вызначэньне: „Скарга, якая не разглядаецца ў судзе“. Даводзіцца і гэта абскарджваць праз прыватную скаргу ў Менскім гарадзкім судзе».

Дачакаемся судовага выніку. Але на сёньня ўжо зразумела, з-за чаго крыўдуе Ірына Сьмірнова:

«Канстытуцыя дае мне права на атрыманьне інфармацыі, на спадчыну уласнасьці, на жыцьцё і жыльлё, у мяне ёсьць права добрай волі. Аднак чаму улада так ставіцца да мяне — мне невядома».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У рэгіёне павялічваецца колькасьць маці-адзіночак


На Магілёўшчыне павялічваецца колькасьць маці-адзіночак. На уліку сацыяльных службаў толькі ў абласным цэнтры летась іх было зарэгістравана 664. У 2008 годзе — 587.

Ці дастаткова зараз у Беларусі робіць дзяржава для таго, каб жанчына наважылася гадаваць дзіця адна?

Не, сьцьвярджае кіраўніца няўрадавай арганізацыі «Жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі» Валянціна Гвазьдзёва:

«Вялікую ролю адыгрывае падзеньне адказнасьці і ў мужчын і ў жанчын, да гадаваньня дзяцей. Гэта раньнія шлюбы, раньнія палавыя сувязі, калі непаўналетнія нараджаюць. Гэта усё прыводзіць да беднасьці, да жыцьця на дапамогу, якая не вырашае ў поўнай ступені праблемы жанчыны зь дзіцём».

У сацыяльных службах з камэнтаром спадарыні Гвазьдзёвай згаджаюцца:

«Трэба падымаць статус сям’і і больш зьвяртаць увагу моладзі на маральны бок сямейных адносінаў. Але ў асноўным — гэта права выбару кожнага чалавека».

Жыхарка Магілёва спадарыня Алена даўно ня лічыць сябе маладой. Яна адна гадуе дачку. Дванаццаць гадоў таму яна разышлася са сваім мужам, бо стамілася ад ягоных праблемаў. На ногі трэба было ставіць і дачку й дапамагаць мужу, мне гэта надакучыла, кажа яна:

«Мужчыны цяпер ня ў стане утрымліваць сям’ю. Яны нашмат слабей, таму жанчына сама вырашае гэтыя праблемы».

Яшчэ адна жыхарка Магілёва і таксама Алена, якая ў поўнай сям’і гадуе двух дачок, заяўляе — у Беларусі зьневажаецца інстытут сем’і на самым высокім узроўні. Павага да сям’і гэта толькі фраза:

«Глава дзяржавы сваім уласным прыкладам паказвае, што не абавязкова мець поўную сям’ю для гадаваньня дзяцей. Ад 1994 году мы яго ніводнага разу ня бачылі каб ён разам з жонкай, дзецьмі быў хаця б на даным мерапрыемстве».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Ад выбараў да выбараў — ніхто не адчыніў дзьверы»


Ганна Мельнікава
У чарнобыльскіх паселішчах Гомельшчыны дажывае свой век нямала самотных жанчынаў. Адна зь іх — 70-гадовая Ганна Мельнікава зь вёскі Дзям’янкі Добрускага раёну.

Спадарыня Ганна амаль сорак гадоў працавала ў сваёй вёсцы — у жывёлагадоўлі, у сельскім савеце, у ашчаднай касе.

Калі пасьля Чарнобылю вёску адсялялі, Ганна прасіла, каб ёй далі жытло ў Менску альбо Гомелі, дзе жывуць яе сыны. Аднак з гэтага нічога не атрымалася:

«Таму што мне не давалі хаты й не даюць — райвыканкам ня даў! Калісьці займаўся гэтым адсяленьнем старшыня Старацітараў. У Старацітарава прасіла. Ён паглядзеў у сьпіс і кажа: „Цябе ў сьпісе няма, бо няма малых дзяцей. Мы ў першую чаргу адсяляем сем’і з малымі дзецьмі. Вёска адносіцца да паселішчаў наступнага адсяленьня“. А пасьля я руку і нагу зламала — і плюнула на іх усіх і ня стала хадзіць і прасіць міласьціну».

У Дзям’янках цяпер засталося тры сям’і. Чацьвёртая не так даўно загінула — гаспадар і гаспадыня задыхнуліся ў дыме.

Ганна Васільеўна жыве адна. На увагу дзяцей ня скардзіцца: сыны, па магчымасьці, наведваюць яе. Улады ж на такіх самотных, як яна, увагу зьвяртаюць хіба толькі падчас выбараў, калі трэба прагаласаваць:

«У адзіноце я часта сяджу й думаю: па Канстытуцыі я ні кім не абаронена. Ніхто ніколі нават не пацікавіўся: як ты, баба, прывезла дровы? Як ты, баба, засеяла сядзібу? Ніхто ніколі не адчыніў дзьверы — толькі ад выбараў і да выбараў».
XS
SM
MD
LG