Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулую нядзелю ў Іраку адбыліся другія пасьля скіданьня Садама Хусэйна парлямэнцкія выбары. Паводле самай апошняй інфармацыі, на іх лідзіруе блёк “Дзяржава закону” дзейнага кіраўніка ўраду Нуры Аль-Малікі. На другім месцы – блёк “Аль-Іракія” на чале з былы прэм’ер-міністрам Айядам Алаўі.


На 325 месцаў ў ірацкім парлямэнце прэтэндавалі 6292 кандыдата ад 12 перадвыбарчых блёкаў і 165 палітычных фармаваньняў. Узброеная апазыцыя спрабавала сарваць выбары. Толькі ў Багдадзе 7 сакавіка адбылося 20 выбухаў, ахвярамі якіх сталі ня менш як 35 чалавек. Выбухі і мінамётныя абстрэлы адбыліся таксама ў гарадах Масул, Фалуджа, Бакуба і Самарра. Аднак нягледзячы на кампанію тэрору, насельніцтва даволі актыўна ўзяла ўдзел у галасаваньні, паводле папярэдняй інфармацыі, да выбарчых скрыняў прыйшло 65% дарослых іракцаў.

Назіральнікі адзначалі чэргі ля выбарчых участкаў нават у суніцкіх кварталах Багдаду, жыхары якіх амаль цалкам ігнаравалі папярэднія парлямэнцкія выбары ў 2005 годзе.

Тым ня менш у лідэрах, як і чакалася, аказаліся шыіцкія палітычныя арганізацыі. Паводле самай апошняй інфармацыі, перамогу на выбарах атрымаў блёк “Дзяржава закону” на чале з дзейным прэм’ер-міністрам Нуры Аль-Малікі, урад якога здолеў істотна зьнізіць узровень гвалту ў грамадзтве і залагодзіць канфлікты паміж шыітамі і сунітамі.

Аднак гэта не канчатковыя дадзеныя. Першыя вынікі нацыянальных экзыт-полаў сьведчылі пра посьпех блёку “Аль Іракія “ Айяда Алаўі, які быў прэм’ер-міністрам Іраку ў пераходным урадзе пасьля скіданьня Хусэйна. Алаўі і ягоныя прыхільнікі лічацца самымі сьвецкімі сіламі ў краіне і карыстаюцца падтрымкай як шыітаў, гэтак і сунітаў.

У сталіцы Багдадзе “Дзяржава закону” набрала 40%, блёк Алаўі – 25%, Ірацкі нацыянальны альянс, які аб’ядноўвае шыіцкіх клерыкалаў – 18%, і суніцкі фронт “Тавафук” –7%.

Аднак паводле папярэдніх вынікаў, посьпех на гэтых выбарах меў рух “Аль Іракія “ Айяда Алаўі, які быў прэм’ер-міністрам Іраку ў пераходным урадзе пасьля скіданьня Хусэйна. Алаўі і ягоныя прыхільнікі лічацца самымі сьвецкімі сіламі ў краіне і карыстаюцца падтрымкай як шыітаў, гэтак і сунітаў.

“Дзяржава закону”, хаця і перамагла ў сталіцы, набраўшы 40% галасоў, у цэлым па краіне паводле папярэдніх дадзеных апынулася на другім месцы. Вынікі гэтых выбараў лічацца вырашальным выпрабаваньнем для працэсу нацыянальнага прамірэньня, які робіцца асабліва важным напярэдадні заплянаванага на 2011 год вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама высока ацаніў мужнасьць мільёнаў іракцаў, якія прыйшлі прагаласаваць, нягледзячы гвалт, які толькі ў дзень выбараў забраў жыцьці амаль 40 чалавек у Багдадзе ды іншых гарадах. Амэрыканскі лідэр расцаніў гэтыя выбары, як крок наперад у вялікай працы аднаўленьня краіны.

Урад і народ Іраку павіншаваў генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн, паводле яго "нягледзячы на гвалт экстрэмістаў, гэтыя выбары зьяўляюцца яшчэ адным важным дасягненьнем для разьвіцьця дэмакратычнага Іраку".

Высока ацаніла ірацкія выбары кіраўнічка зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан. З задавальненьнем ўспрынялі вынікі галасаваньня і ў Маскве, ў паведамленьні МЗС Расеі выказваецца задавальненьне, што “ўпершыню пасьля амэрыканскага ўварваньня ў Ірак у 2003 году ў выбарах узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл і этнаканфэсійных грамадаў краіны”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG