Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да прыезду Лукашэнкі людзей абяззбройваюць


Жыхары Оршы дагэтуль адыходзяць ад пятнічнага візыту Аляксандра Лукашэнкі на мясцовы ільнокамбінат. Цягам дня ад цэнтральнай часткі горада былі адрэзаныя цэлыя мікрараёны, сотні чалавек не маглі своечасова трапіць на працу і дадому, а паляўнічыя на нейкі час былі пазбаўленыя сваіх стрэльбаў.


За дзень да прэзыдэнцкай інспэкцыі найбуйнейшага прадпрыемства рэгіёну ў горад пачалі сьцягвацца міліцыянты і людзі ў цывільным. Як кажа былы працаўнік ільнокамбінату Сяргей Касьпяровіч, першымі на прыцэл да службы аховы прэзыдэнта трапілі ўладальнікі зарэгістраванай зброі:

“Яшчэ за некалькі дзён да візыту пазабіралі ў людзей паляўнічыя стрэльбы. У мяне адзін прыяцель ёсьць, які 37 гадоў займаецца паляваньнем, яго ўвесь горад ведае, дык нават у яго стрэльбу забралі. У мэтах “прафіляктыкі”. А ўсё таму, што жыве на праспэкце Тэкстыльшчыкаў, што ўпіраецца ў Палац культуры ільнокамбінату. Відаць, небясьпечная блізкасьць. Пакуль ружжы не аддалі, ён ня ведае нават, калі і чакаць назад”.

Спадар Касьпяровіч таксама дадае, што своечасова трапіць з аднаго месца горада ў іншае было амаль немагчыма. Практычна у аблозе аказаліся тыя, хто жыве непасрэдна ў раёне ільнокамбінату:

“Міліцыянты стаялі на кожным кроку. Асабліва быў “акупаваны” людзьмі ў пагонах раён льнокамбінату -- ад плошчы і далей да жылых дамоў. Гэты квадрат у літаральным сэнсе аказаўся зонай, забароннай для перамяшчэньня -- ні праехаць, ні прайсьці”.

Тацяна Круцько цягам дня таксама ня мела ніякай магчымасьці даехаць дадому, які стаіць на праспэкце Тэкстыльшчыкаў -- іншых абыходных шляхоў на гэтым маршруце няма. Паводле яе, быў перакрыты нават мост праз Дняпро, якім можна трапіць ад льнокамбінату да жылога мікрараёну:

“Цалкам перакрылі мост на мікрараён: паралізавалі рух цалкам, нельга было праехаць. Машыны стаялі,а потым вымушаныя былі аб’яжджаць перашкоду зь іншага боку горада, а гэта кілямэтраў дзесяць, калі ня болей. Таксама была перакрытая плошча, цэлы дзень я не магла дадому даехаць – прыкладна ад 11-й да 18-й. Дашнікі, міліцыя стаялі, усіх разварочвалі, нікога нікуды не пускалі, ні на якія ўгаворы не рэагавалі”.

Паводле майго суразмоўцы Сяргея Касьпяровіча, і сам паход Аляксандра Лукашэнкі па цэхах ільнокамбінату наўрад ці можна назваць паўнавартасным. Прыкладам, ён так і не зазірнуў у цэх першаснай апрацоўкі ільну, дзе людзі працуюць у “пячорных умовах”:

“Гэта так званая першая чарга, дзе сыравіну перапрацоўваюць на мешкавіну – гэта самы першы цыкл апрацоўкі. Што там творыцца – не перадаць словамі. Там праз пыл ня бачна ўвогуле нічога! Калі я яшчэ там працаваў, хадзіць без працягнутай рукі было немагчыма – нічога не відаць! А людзі вымушаныя працаваць проста ў нечалавечых умовах…”.

Зрэшты, стан падвышанай нэрвознасьці суправаджае любое наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам як сталічных установаў, так і прадпрыемстваў у рэгіёнах. Пры тым, што Лукашэнка ўжо паўтара дзясятка гадоў называе сябе выключна “народным прэзыдэнтам”, ступень дыскамфорту ад надзвычайных захадаў крыху зьдзіўляе: як выказаўся адзін з аршанскіх суразмоўцаў, “гэта ж як трэба любіць свой народ, каб гэтак яго баяцца…”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG