Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квота на прадстаўніцтва жанчын у парлямэнце, усталяваная ў Беларусі – прыкмета гендэрнай роўнасьці ці несвабоды? Ці можа жанчына дасягнуць палітычных вяршынь у Беларусі? Чаму доля жанчын на лідзіруючых пазыцыях такая розная ў розных сфэрах дзейнасьці? Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: прафэсар Мэрылендзкага ўнівэрсытэту Алена Гапава, аглядальнік газэты “Народная воля” Марына Коктыш і палітык Павал Севярынец.


СЛУХАЦЬ:

Дракахруст: Напярэдадні 8 сакавіка прынята гаварыць пра жанчын, на палітычным радыё, як наша, пра правы жанчын, ці гаворачы больш навуковай мовай – пра гендэрную роўнасьць. Роўныя яна з мужчынамі ў беларускім грамадзтве ці не.

Ня будзем парушаць традыцыю і сёлета. Я прапаную абмеркаваць некалькі праблемаў, якія гэтай роўнасьці тычацца. Ужо другое

скліканьне палаты прадстаўнікоў у Беларусі дзейнічае загад прэзыдэнта – каб было 30% жанчын. У нашых умовах як кіраўнік сказаў так і зрабілі. І ў выніку, паводле гэтай самай долі, Беларусь апярэджвае суседзяў: у Польшчы ў Сэйме жанчын 20%, ва Ўкраіне ў Вярхоўнай Радзе – 8%. А ў Беларусі – 31%. Можна сказаць – ды які ж гэта парлямэнт, усім жа ўсё зразумела, туды можна было хоць немаўлят прызначыць. Можа яно і так, але вось даводзілася бачыць іншую лічбу – у тых скліканьнях парлямэнту, якія абіраліся больш менш свободна – 1990, 1995 – жанчын было 3%.

Дык вось узьнікае такая дылема – свабода, у дадзеным выпадку свабода выбару, замацоўвае, падкрэсьлівае выразную няроўнасьць. А набліжэньне да роўнасьці дасягаецца адміністрацыйнымі мерамі, несвабодай, скажэньнем народнага волевыяўленьня. Дык можа свабода горш за несвабоду, па меншай меры ў дадзеным выпадку? А можа наадварот – Бог зь ёй, той гендэрнай роўнасьцю? Свабода важней, даражэй. Колькі жанчын абіраюць – значыць столькі і ёсьць здольных да гэтага. Алена, як вы мяркуеце?

Гапава: Гэтыя 31% ня маюць ніякага дачыненьня да гендэрнай роўнасьці. Калі мы кажам пра гендэрную роўнасьць, то маем на ўвазе, што нешта ў грамадзтве зьмянілася і большая колькасьць жанчын атрымала магчымасьць быць абранай праз свабодныя выбары. Калі адбываецца такое прызначэньне, якое мае месца ў беларускім парлямэнце, гэта паказчык таго, што выбары несвабодныя, што яны праходзяць пад кантролем, таму што атрымаць 30% жанчын у парлямэнце бяз квотаў ці іншых штучных прыёмаў наагул немагчыма. Такога ня можа быць.


Так што гендэрная роўнасьць тут ні пры чым. Што да вашага пытаньня пра свабоду і роўнасьць, то тут і не пра свабоду гутарка. Выбарчы працэс – гэта пэўныя правілы. На іх, скажам, вызначаецца колькасьць гадзінаў, на працягу якіх кожны кандыдат можа выступаць па радыё і тэлебачаньні, колькі грошай кандыдат можа патраціць на кампанію. Калі не вызначаць гэтыя правілы, мы можам атрымаць у парлямэнце 100% алігархаў, бо гэтыя людзі будуць мець магчымасьць купіць час на тэлебачаньні ці наўпрост галасы.

Таму калі мы кажам, што 3% гэта свабода, а 30% – гэта несвабода, гэта ня так. Тыя 3 ці 5% жанчын, якія былі ў постсавецкіх

Атрымаць 30% жанчын у парлямэнце без квотаў ці іншых штучных прыёмаў наагул немагчыма.
парлямэнтах ва ўсіх краінах, гэта быў той адсотак жанчын, якія знаходзіліся ў савецкай ці постсавецкай эліце, і таму мелі магчымасьць быць абранымі.

Дракахруст: Павал, а якое вашае меркаваньне на гэты конт? Можа ўлада і нехлямяжа паступіла, кепска, калі ўсіх прызначаюць. Але тую ж ідэю можна было б аформіць і неяк інакш пры дапамозе таго, што ў ЗША называюць пазытыўнай дыскрымінацыяй. Выдзяліць жанчынам нейкую квоту з улікам таго, што патрыярхальнае беларускае грамадзтва лічыць, што жанчыне месца ў палітыцы няма. І каб гэта пераламіць можа і варта было б выдзяліць жанчынам нейкую квоту ў палітыцы? А можа і ня толькі ў палітыцы?

Севярынец: Чаму Лукашэнка зрабіў 30% у беларускай «палатцы», мне зразумела. Жанчыны – гэта ягоны асноўны электарат, ён у нечым падабаецца жанчынам, многія жанчыны схільныя яго падтрымліваць таму, што ён моцны мужчына, спартовы, сказаў – зрабіў, жорсткі з ворагамі і супраціўнікамі. Такі вобраз, па якім засумавала беларуская жанчына.

Але я б наагул ня стаў будаваць нейкія схемы. Пытаньні стасункаў мужчыны і жанчыны – гэта настолькі глыбокая, сур'ёзная і нават пяшчотная тэма, што яе лічбамі і квотамі ня вырашыць нідзе – ні ў палітыцы, ні ў бізнэсе, ні ў ток-шоў, гэта жыцьцё. І тут трэба ісьці ад жыцьця.

Калі Бог даў мужчыне ролю моцнага, ролю лідэра, ролю чалавека, які клапоціцца пра бясьпеку і здабыцьцё рэсурсаў, значыць так таму і быць. Калі жанчына мае сацыяльную ролю не ніжэйшую, а, магчыма, і больш каштоўную – будаваць жыцьцё ад сям'і, займацца тымі пытаньнямі, якія мужчына вырашыць проста ня можа, альбо можа, але неэфэктыўна, то таксама так таму і быць.

Калі жанчына ў палітыцы гэта хутчэй выключэньне, чым правіла, я ў гэтым бачу адлюстраваньне задумы Творцы на гэты конт.

Калі жанчына ў палітыцы гэта хутчэй выключэньне, чым правіла, я ў гэтым бачу адлюстраваньне задумы Творцы на гэты конт. Ну вось мала пасьпяховых жанчын у бізнэсе – у мужчын гэта лепш атрымліваецца. Мала бацькоў, якія гадуюць дзяцей, і выхавацеляў у дзіцячых садках – значыць у жанчын лепш атрымліваецца гэта.

Дракахруст: Марына, а вы таксама лічыце, што ёсьць Боская задума, якая вядомая Паўлу, што камусьці наканавана быць лідэрам і здабытчыкам, а камусьці чакаць дома гэтага здабытчыка, кашу варыць?

Коктыш: Я згодная з Аленай ў тым, што, на жаль, у беларускі парлямэнт жанчын прызначаюць, а не выбіраюць, а з Паўлам – у тым, што квотамі ня вырашыць праблемы ні ў палітыцы, ні ў бізнэсе, ні ў нейкай іншай сфэры. На мой, і ня толькі на мой погляд, наяўнасьць жанчын ва ўладных структурах – адна з прыкметаў дэмакратычнага грамадзтва.

Дракахруст: Марына, прабачце, але вось я прыводзіў дадзеныя: у дэмакратычныя гады ў Беларусі ў парлямэнце было 3% жанчын, зараз – 31%. Жанчын больш – дэмакратыі менш.

Коктыш: Але жанчыны сёньня толькі ўпрыгожваюць беларускі парлямэнт і тое ня ўсе, бо зьнешні выгляд – гэта ў палітыцы таксама не апошняя справа. На жаль, у нас няма дэпутатак, якія б агучвалі вострыя тэмы, скажам, тая ж дапамога для жанчын, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, на гэтую дапамогу вельмі складана купіць пампэрсы, якіх не хапае на месяц. Ад беларускіх дэпутатак ніхто не патрабуе ісьці на барыкады і зьдзяйсьняць рэвалюцыі, але немаленькі дэпутацкі заробак трэба таксама
У Авальнай залі ня бачна зараз і харызматычных палітыкаў-мужчын, за якімі, не раздумваючы, можна было б пайсьці на край сьвету.
адпрацоўваць.

Тое самае тычыцца і мужчын. У Авальнай залі ня бачна зараз і харызматычных палітыкаў-мужчын, за якімі не раздумваючы можна было б пайсьці на край сьвету.

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які варта адзначыць. Сёньня шмат жанчын уваходзіць у склад выбарчых камісій: гэта настаўніцы, урачы, выхавацелькі дзіцячых садкоў. Яны ў выбарчых камісіях часта па колькасьці нават пераважаюць мужчын. Усім вядома, як у нас апошнія гады праводзяцца выбары, але я лічу, што справа тут ня столькі ў прыроднай падпарадкаванасьці жанчын мужчынам ці нейкім правілам, якія мужчыны ўсталёўваюць. Проста многія жанчыны ня бачаць вялікага сэнсу ў зьмене эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага курсу краіны, бо ня бачаць рэальнай цікавай альтэрнатывы ад беларускіх мужчын, у якіх адрозныя ад афіцыйнай пазыцыі погляды.

Дракахруст: Алена, а зараз я папрасіў бы вас выказаць сваё стаўленьне да канцэпту Паўла, што Богам вызначана, каму чым займацца, каму быць лідэрам, а каму ня быць.

Гапава: Я магу толькі пазайздросьціць Паўлу, бо ён ведае, чаго хоча Бог. А я хоць і ўсё жыцьцё верніца, не заўсёды ведаю, чаго хоча Бог, і як правільна. Павал адзначыў, што значная частка электарату Лукашэнкі – жанчыны. Але не па тых прычынах, якія былі

Лукашэнка пачаў гаварыць пра сацыяльныя пытаньні і вырашаць іх, у той час як апазыцыя гаварыла пра сьцяг і пра гісторыю.
тут названыя – што ён харызматычны мужчына, а перш за ўсё таму, што ён пачаў гаварыць пра сацыяльныя пытаньні і вырашаць іх, у той час як апазыцыя гаварыла пра сьцяг і пра гісторыю, пра рэчы вельмі важныя, але такія, якія мелі ўскоснае дачыненьне да надзённага жыцьця. А ён пачаў вырашаць тыя праблемы, ад якіх жанчыны, ну і мужчыны таксама, пакутуюць. Але жанчыны знаходзяцца ў больш залежным становішчы ад таго, як разьмяркоўваюцца сродкі ў грамадзтве. І таму яны складаюць значную частку яго электарату.

Севярынец: У цэлым магу пагадзіцца з тым, што Лукашэнка тут даволі добра згуляў, але гэта была менавіта гульня. Праблема алькагалізму – адна з ключавых, яна трымае пад татальным прэсам жанчын, разбурае сем'і, разбурае дзяцінства, разбурае мужчын і многіх жанчын, гэтая праблема Лукашэнкам ня толькі не вырашаецца, але і стымулюецца яе разьвіцьцё. У савецкія часы гарэлку можна было купіць за 5 рублёў, а кілбасу за 2.20. Паесьці было не праблема, а выпіць праблема. А зараз кілбаса 15-20 тысяч, а гарэлка – значна таньней, хоць заліся. І п'юць жа нават не гарэлку, а «чарніла», тое яшчэ горшае. Лукашэнка мэтанакіравана спойвае беларускі народ, у першую чаргу мужчын. Можна сесьці і падлічыць, колькі каштуе тое і гэтае, колькі ў бюджэт ідзе «п'яных грошай». Любая жанчына зрабіць гэта ў стане. Калі жанчыны і былі паланёныя памкненьнямі Лукашэнкі вырашаць іх сацыяльныя праблемы, то час ужо зразумець, што за гэтым стаіць.

Аборты ў нас практычна ня ёсьць праблемай. Лукашэнка ніколі не казаў пра гэта, як пра маральную праблему, найбольш важную для

Жанчыны ў Беларусі вымушаныя браць на сябе неўласьцівыя для іх ролі карміцелькі сям'і, галоўнай працаўніцы, і зараз яны вымушаныя ісьці ў палітыку і ў журналістыку.
жанчын у першую чаргу.

Лукашэнка практычна не вырашае праблемы самотных маці, праблемы сем'яў. Калі дапамогі не хапае на пампэрсы, то гэта сьмеху вартая дапамога.

Але зь іншага боку ганьба і сорам сёньняшнім апазыцыйным лідэрам мужчынам, якія не займаюцца гэтымі пытаньнямі, не вырашаюць іх і наагул «не цягнуць». Жанчыны ў Беларусі вымушаныя браць на сябе неўласьцівыя для іх ролі карміцелькі сям'і, галоўнай працаўніцы, і зараз яны вымушаныя ісьці ў палітыку, у журналістыку – у вельмі небясьпечныя сфэры для сёньняшняга беларускага грамадзтва. Гэта не віна жанчын, гэта віна і праблема беларускіх мужчын. Трэба прызнаць – зараз беларускія мужчыны не спраўляюцца.

Дракахруст: Марына, я так зразумеў, што калі б былі іншыя ўмовы, вы б у журналістыку не пайшлі, а стаялі б за плітой. Я хачу працягнуць тэму прадстаўніцтва жанчын у палітыцы ў параўнальным аспэкце. Дарэчы, калі браць выканаўчую ўладу, то ў Беларусі з 24 міністраў адна жанчына і 7 намесьніц міністраў. А вось кіраўнік нашай паўночнай суседкі Літвы – жанчына Даля Грыбаўскайце, да гэтага тыдня прэм’ерам нашай паўднёвай суседкі Ўкраіны была Юлія Цімашэнка, яна ж ледзь ня стала і прэзыдэнтам Украіны. Віка Вайрэ Фрэйбэрга была прэзыдэнтам Латвіі, Ганна Сухоцка – прэм’ерам Польшчы. А магчыма нешта падобнае ў Беларусі? Хай сабе ня першая пасада ў дзяржаве, але ж вось і кіраўнікі, першыя асобы апазыцыйных партый – таксама ня тое што ў большасьці, але спрэс мужчыны. Як, дарэчы, і ў Расеі. Чаму? Няздольныя беларускі, патрыярхальная культура, што іншае?

Коктыш: Мне здаецца, што калі б сярод кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду на наступных выбарах зьявілася хоць адна жанчына, выбары прайшлі б значна весялей, ва ўсялякім выпадку не па стандарту. Я думаю, што жанчына набрала б ня менш галасоў, чым

Жанчыны больш свабодалюбівыя, непрадказальныя. Гэта разумеюць тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, і таму на ключавых пасадах у нас сёньня больш мужчын.
некаторыя палітыкі-мужчыны, якія ўдзельнічаюць амаль у кожнай выбарчай кампаніі. Я падзяляю погляд старшыні Беларускай жаночай лігі Ніны Стужынскай, якая кажа, што сёньня сярод чыноўнікаў і нават сярод апазыцыйных лідэраў адна шэрасьць і нават няма каго абмеркаваць.

Калі казаць пра прэзыдэнцкую пасаду, то мушу нагадаць, што ў 2001 годзе Натальля Машэрава акрэсьліла сваё жаданьне балятавацца ў прэзыдэнты, і імгненна яе рэйтынг наблізіўся да 30%. Мне падаецца, што справа была ня толькі ў прозьвішчы яе знакамітага бацькі.

Сацыялягічныя апытаньні, праўда, паказваюць, што ў Беларусі хочуць бачыць прэзыдэнтам мужчыну, але мне здаецца, што гэта толькі пакуль. Калі б тая жанчына, якая б заявіла пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, некалькі разоў свабодна выступіла б на беларускім тэлебачаньні, я думаю, што яе рэйтынгі імгненна падвысіліся б.

Калі ж казаць не пра прэзыдэнцкую, а пра міністэрскую ці проста пра высокую пасаду, то на мой погляд мужчынамі лягчэй кіраваць. Жанчыны больш свабодалюбівыя, непрадказальныя. Гэта разумеюць тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, і таму на ключавых пасадах у нас сёньня больш мужчын.

Дракахруст: Павал, а як бы вы патлумачылі гэтую зьяву – што паводле ўдзелу жанчын у палітыцы на першых-другіх ролях Беларусь падобная да Расеі і не падобная на астатніх суседзяў?

Севярынец: Мне здаецца, што праблема тут глыбей, чым нейкая традыцыя ці залежнасьць мужчын, якімі прасьцей кіраваць. Ня думаю, тут па-рознаму, ёсьць рэчы, у якіх лягчэй маніпуляваць мужчынамі, ёсьць рэчы – дзе лягчэй жанчынамі. Здаецца, што ў палітыцы жанчынамі ўсё ж кіраваць прасьцей, мужчыны больш крытычна ставяцца да любых ідэяў, прапановаў і поглядаў.

Гэта адна з загадак беларускага мэнталітэту. Ва Ўкраіне не знайшлося мужыка, знайшлася Юлія Цімашэнка. І нават на Майдане многія казалі: «Адзін мужык ва Ўкраіне і той – Юлія Цімашэнка». У Беларусі пакуль што гэтага няма. Можа быць гэта пытаньне

Можа быць гэта пытаньне беларускай гісторыі, дзе лідэры-жанчыны былі хутчэй лідэрамі духоўнымі, лідэрамі ў пісьменьніцтве, у асьветніцтве, у культуры.
беларускай гісторыі, дзе лідэры-жанчыны былі хутчэй лідэрамі духоўнымі, лідэрамі ў пісьменьніцтве, у асьветніцтве, у культуры: Эўфрасіньня Полацкая, Рагнеда, Цётка, Ажэшка, можна прыгадаць Ларысу Геніюш. Гэта не палітык, а паэтка, дысыдэнтка, яна пераконвае і вядзе за сабой людзей не арганізацыйным чынам, а сваёй паэзіяй. Магчыма, у Беларусі не хапае як раз такога духоўнага лідэра.

Але я думаю, што пакуль ня будзе дэмакратыі, пакуль ня будзе ў нас свабоды, мы так і не даведаемся, які патэнцыял сапраўды ў беларускіх жанчын.

Дракахруст: Алена, а на ваш погляд, чаму так адбываецца? Можна сказаць, што ўлада недэмакратычная, кепская і г.д. Але і ў апазыцыі жанчыны калі і прысутнічаюць, то далёка не на першых ролях.

Гапава: Вы пачалі сваё пытаньне з прыкладаў Літвы, Латвіі і Польшчы. Што да Ўкраіны, то Юлія Цімашэнка – гэта такая харызматычная фігура, якая можа ўзьнікнуць, а можа і ня ўзьнікнуць. А вось Літва, Латвія і Польшча знаходзяцца ў Эўразьвязе і там існуе пэўная палітыка прадстаўніцтва і вылучэньня жанчын на пэўныя пасады. І вялікая колькасьць жанчын ва ўладзе ў гэтых краінах – у пэўнай ступені вынік гэтай палітыкі ЭЗ.

Што тычыцца пытаньня, чаму жанчын мала ў апазыцыі і тым больш на кіруючых пасадах, то жанчыны наагул мала ідуць у палітыку. У гэтай сфэры жанчыне цяжка прабіцца, а людзі – істоты рацыянальныя. Яны ня ідуць туды, дзе адчуваюць, што ад іх высілкаў будзе мала плёну. Ну і другі момант – як прымаюцца рашэньні ў партыях, хто там ставіцца на першае месца, а хто – на апошнія. І калі ў

Літва, Латвія і Польшча знаходзяцца ў Эўразьвязе і там існуе пэўная палітыка прадстаўніцтва і вылучэньня жанчын на пэўныя пасады.
партый ня будзе асэнсаванай палітыкі прасоўваньня жанчын, само сабой нічога ня зьменіцца, але зьменіцца вельмі мала.

Дракахруст: Алена, я не зусім зразумеў наконт палітыкі прасоўваньня жанчын – дык гэта ў нас усплывае тая ж квота. Калі вы кажаце пра фармаваньне кіраўніцтва, то можна падумаць, што сядзяць там мужыкі і вырашаюць – уключаць нам жанчын ці не. Партыя, яе кіраўніцтва вырашае, каму быць лідэрамі. Гэта могуць быць і жанчыны. Але ў Беларусі неяк гэта не атрымліваецца.


Гапава: Такой змовы, што мужыкі сядзяць і думаюць, як ім не пусьціць жанчын – гэтага няма, я сабе такой сытуацыі не ўяўляю. Тое, што мы маем – гэта вынік пэўнага сацыяльнага парадку, у якім мужчыны знаходзяцца на адных пазыцыях, а мужчыны на іншых. І калі адбываецца вылучэньне людзей на лідэрскія пазыцыі на розных узроўнях, вынік гэтага вылучэньня зьяўляецца адлюстраваньнем гэтай сацыяльнай герархіі, якая ў нас існуе. Жанчыны ад пачатку рэдка трапляюць у тую эліту, зь якой потым адбываецца рэкрутаваньне ва ўладу, яны маюць значна менш рэсурсаў, каб патрапіць туды. Грамадзтва ставіцца да жанчын па-іншаму, вось зараз мы чулі ад Паўла, што жанчыны вымушаныя займацца некаторымі справамі толькі таму, што ў нас мужчыны кепскія. Жанчыны займаюцца, прынамсі, палітыкай і журналістыкай ва ўсім сьвеце, ня толькі ў Беларусі. І гэта адбываецца не таму, што

Гэта адбываецца не таму, што мужчыны кепскія ці няздатныя, а таму, што жанчыны такія ж сацыяльныя істоты, як і мужчыны.
мужчыны кепскія ці няздатныя, а таму, што жанчыны такія ж сацыяльныя істоты, як і мужчыны. Жанчыны – гэта людзі, іх таксама цікавяць праблемы, што будзе з краінай, як далей жыць, куды сьвет ідзе ці коціцца. Яны таксама хочуць прымаць удзел у вырашэньні гэтых пытаньняў. Але рэсурсаў, каб патрапіць на пазыцыі, дзе можна ўплываць на вырашэньне гэтых пытаньняў, у іх менш.

Дракахруст: У розных сфэрах дзейнасьці долі жанчын на лідзіруючых пазыцыях вельмі адрозьніваюцца. У той жа палітыцы іх вельмі няшмат, сярод дырэктараў заводаў, напрыклад, па пальцах пералічыць, але ў прыватным бізнэсе – доля жанчын значна большая, у гуманітарных навуках, у пісьменьніцтве, у мэдыцыне, у шоў-бізнэсе, у журналістыцы – нашым з Марынай хлебе – таксама даволі высокая, па меншай меры значна больш высокая, чым у палітыцы ці вытворчасьці. Існуе погляд, што доля жанчын большая ў малапрэстыжных сфэрах, якія мала аплочваюцца. Але тут як сказаць – чаму палітыка больш прэстыжная, чым шоў-бізнэс ці журналістыка, напрыклад? Дык у чым тут прычына? Калі гэта дыскрымінацыя, то чаму яна такая незразумела сэлектыўная? А можа тут справа ў тым, што вы, Павал, казалі – Бог сказаў, што гэтым жанчына можа займацца, а гэтым – ужо не.

Севярынец: Мяркую, што як раз другое. Ня трэба казаць, што мы ня ведаем, што Бог прызначыў мужчыне і жанчыне, дастаткова пачытаць Біблію. Ня ў тым справа, што Бог паставіў кагосьці вышэй, а кагосьці ніжэй. У выхаваньні дзяцей, у стварэньні хатняй утульнасьці жанчына – галоўная. Там чалавек праводзіць большую частку часу. Але ёсьць рэчы, зь якімі мужчына спраўляецца лепш, таму што Бог даў яму большыя магчымасьці ад прыроды. Напрыклад, крызіснае кіраваньне – тут патрэбны мужчына.

Ня трэба штучна ўраўноўваць мужчыну і жанчыну. Гэта ня толькі бессэнсоўна, але і шкодна.
Жанчыны водзяць машыну вельмі ахайна і акуратна, але цалкам губляюцца ў крытычных сытуацыях. Адсюль міт, што жанчына за рулём – гэта вельмі кепска. Так, у аварыйнай сытуацыі мужчына значна лепш з'арыентуецца. Так уладкаваны мозг, так склаліся ролі. І ня толькі пад уплывам традыцыі, я веру, што яны былі закладзеныя ад пачатку.

Так што прычына – звыш. Ня трэба штучна ўраўноўваць мужчыну і жанчыну. Гэта ня толькі бессэнсоўна, але і шкодна. І мужчыны і жанчыны павінны проста дапамагаць адзін аднаму. Каб беларускія мужчыны выйшлі з той ямы сьпітасьці, лайдацтва і бязьвер'я, у якой зараз яны апынуліся.

Дракахруст: Марына, дык чаму вы парушылі Боскую задуму пра вас, і занялі тое месца ў журналістыцы, якое вам і не належыць?

Коктыш: Я ведаю сем'і, дзе побытавымі рэчамі і стварэньнем утульнасьці займаюцца як раз мужчыны. І атрымліваецца ў іх гэта вельмі добра і яны робяць гэта зь вялікім задавальненьнем. Я сама ежджу за рулём і ведаю, што часам мужчыны, якія трапляюць у крытычную сытуацыю, вядуць сябе вельмі нэрвова і непрыгожа ў адрозьненьні ад жанчын. Што тычыцца прафэсіі, то жанчына сама вырашае, дзе ёй быць – ісьці ў палітыку ці стаяць ля пліты. Палітыка – такая ж прафэсія, як і ўсе астатнія. І калі беларускія жанчыны могуць, як Павал, лес валіць і кіраваць машынамі, і класьці шпалы, і стаяць ля станкоў, то яны могуць і прасьпяваць, і станчыць, і

Калі жанчына здольная прыгатаваць смачны боршч, яна здольная прыгатаваць і смачную палітычную кампанію.
выкласьці свае думкі на паперы.

Наконт палітыкі мне падабаецца прымаўка – калі жанчына здольная прыгатаваць смачны боршч, яна здольная прыгатаваць і смачную палітычную кампанію. І наагул мне здаецца, што жанчыны могуць усё – было б натхненьне і здароўе.


Гапава: Я жыву ў Амэрыцы ў штаце Мічыган, дзе зімой складаныя ўмовы надвор'я. А грамадзкага транспарту тут амаль няма, і за рулём усе – і мужчыны, і жанчыны. І ва ўнівэрсытэт, дзе я выкладаю, мне трэба ехаць 160 кілямэтраў у адзін бок. І жанчыны радзей трапляюць у аварыі, бо яны больш дысцыплінаваныя кіроўцы.

Да вашага, Юры, пытаньня, чаму жанчын так мала ў палітыцы і значна болей у шоў-бізнэсе. Таму што палітыка – гэта разьмеркаваньне ўлады. А жанчын мала там, дзе ўлада. А шоў-бізнэс – гэта продаж пэўнага тавару, зьвязанага са зьнешнім выглядам і з сэксуальнасьцю. Але гэта ня тая сфэра, дзе знаходзіцца ўлада.

Дракахруст: А лес валіць у Малым Сітне, дзе Павал яго валіў – гэта таксама надта прэстыжны занятак, што жанчын там няма?

Гапава: А гадаваць немаўлят у дзіцячым садочку – вы лічыце, што гэта прэстыжна? Тое, пра што вы гаворыце – гэта полавае разьмеркаваньне працы. Яно калісьці адбылося і аднаўляецца ўжо колькі стагодзьдзяў і тысячагодзьдзяў. Валіць лес мужчынам – гэта вынік таго разьмеркаваньня працы, якое калісьці адбылося. Але яно мяняецца. Калі будзе разьвівацца тэхналёгія, мэханізацыя, то гэтую працу будуць рабіць і мужчыны, і жанчыны націсканьнем кнопкі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG