Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 сакавіка, у гадавіну сьмерці праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, у Менскім офісе БНФ адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма “Забойства напярэдадні вясны”, які зьняла рэжысэр Вольга Мікалайчык.

Цягам 24 хвілін гледачы фільма жылі ў часе, блізкім да трагічных падзей 7 сакавіка 2009 году, у тым ліку бачылі Яну Палякову жывой і чулі яе голас. З экрану праваабаронца распавядала відэаапэратару пра тое, як яе зьбілі ў міліцыі падчас допыту ўлетку 2009 году:

“Паехалі ў міліцыю, падняліся на другі паверх. “Сядайце”. Я прысела на крэсла. Кажуць: “Вось, падпішыце”. Кажу, што я мушу ведаць, што я падпісваю. Толькі я працягнула руку да гэтых папер, каб паглядзець, што я падпісваю, як мне па руцэ ўдарылі. Паднялася, каб выйсьці, мяне ўдарылі па нагах. Але найбольш дагэтуль баліць рука. І пры гэтым мне адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы супроць тых, хто мяне зьбіваў”.



Яне Паляковай ня толькі адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы на міліцыянтаў, якія яе зьбілі, але і завялі справу на яе саму паводле абвінавачаньня ў навядзеньні паклёпу на міліцыянта. Праз чатыры дні пасьля суду, які асудзіў Яну Палякову на 2,5 гады “хіміі”, праваабаронца павесілася ў сваёй кватэры.

Сяргей Панамароў
Актывіст з Клецку Сяргей Панамароў добра ведаў Яну Палякову, рабіў зь ёй разам праваабарончую працу ў Салігорскім рэгіёне. Пасьля дэманстрацыі фільма “Забойства напярэдадні вясны” Сяргей Панамароў згадаў пра дадатковыя факты, якія сьведчаць на карысьць вэрсіі пра давядзеньне маладой жанчыны да самагубства:

“У мяне ёсьць шмат фотаздымкаў, на якіх бачныя сінякі на яе целе. Жудасныя сінякі. Гэтыя здымкі пакуль нідзе не дэманстраваліся. Па-чалавечы Яну “зламалі”. Бо псыхолягі яны добрыя, гэтыя сілавікі, праваахоўнікі, пракуроры, судзьдзі. Яны убачылі, што яна адна, што яшчэ па-сутнасьці дзяўчына, нікога побач з ёй няма, толькі старая маці, і яны ціснулі на яе ўвесь час – дзень і ноч”.

Актывіст Сяргей Панамароў, былая палітвязень Эніра Браніцкая ды іншыя выступоўцы казалі ня толькі пра свой боль ад утраты, але і пра віну: што недаглядзелі, у патрэбную хвіліну не знайшлі яшчэ аднаго слова падтрымкі для такога вельмі ранімага чалавека, якім была Яна Палякова. Вось што сказаў на гэты конт палітык Мікалай Статкевіч:
Мікола Статкевіч

“Беражыце адзін другога. Яна, магчыма, не дачакалася простага віншаваньня яе як жанчыны з нагоды 8-га сакавіка. Для тых, хто прызнае гэта сьвята, ці не прызнае, я ўсё ж хачу скарыстацца нагодай і павіншаваць вас з гэтым сьвятам. Савецкія людзі, каб ачалавечыць жыцьцё вакол, зрабілі з гэтага пралетарскага сьвята сьвята каханьня. Таму любові вам, жанчыны, каханьня і шчасьця”.

Такія ж аплядысмэнты па заканчэньні фільма гучалі і на адрас аўтара Вольгі Мікалайчык. Сама Вольга здымае дакумэнтальныя фільмы толькі 3 гады, але навічком ў дакумэнтальным кіно яе не назавеш – яна ўжо шмат гадоў працуе ў гэтай сфэры як прадусар. У прыватнасьці, Вольга Мікалайчык прадусіравала некалькі фільмаў вядомага рэжысэра Юрыя Хашчавацкага, таксама супрацоўнічала з дакумэнталістам Алегам Дашкевічам. Вось што Вольга Мікалайчык распавяла пра гераіню сваёй новай працы Яну Палякову:

Вольга Мікалайчык
“Я бачыла, як балюча людзям гэтая гісторыя, і сёньня я бачыла, як балюча людзям казаць пра яе, бачыць пра яе. Таму што сапраўды сышоў з жыцьця чалавек вельмі сьветлы, які меў ідэалы, меў тыя якасьці, якія не дазволілі ёй пайсьці на кампраміс. Яна ж магла сказаць: “Добра, я ня буду зьбіраць подпісы за Вольгу Казуліну”, – і ад яе б адчапіліся. Але ёй гэтак сказаць не дазваляла сумленьне. А з сумленьнем вельмі цяжка жыць. Ад пакутаў, ад несправядлівасьці адбыўся такі ўнутраны надлом, што прасьцей аказалася пайсьці з жыцьця”.

Фільм “Забойства напярэдадні вясны” пабачаць удзельнікі фэстывалю праваабарончых фільмаў у Кіеве, таксама ён прапанаваны для паказу ў Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Фінляндыі.

На імпрэзе ў офісе БНФ актывіст Вячаслаў Сіўчык паведаміў пра пачатак збору сродкаў на надмагільны помнік Яне Паляковай. Было абвешчана, што помнік пагадзіўся зрабіць вядомы скульптар Алесь Шатэрнік.



Цягам году пасьля сьмерці Яны Паляковай яе маці, а таксама беларускія праваабаронцы спрабавалі дамагчыся, каб пракуратура завяла крымінальную справу супроць міліцыянтаў з Салігорску паводле артыкулу аб давядзеньні да самагубства. Як пракуратура гораду, гэтак і суд Менскай вобласьці адмовіліся заводзіць такую справу.

ВІДЭА

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG