Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня акругаў можа стаць безальтэрнатыўнай


8 сакавіка ў Беларусі пачынаецца новы этап кампаніі абраньня дэпутатаў мясцовых саветаў – фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Цягам трох дзён трэба вызначыць склад амаль 7 тысяч камісіяў, зацьвердзіць прыблізна 70 тысяч прозьвішчаў. Менавіта ва ўчастковых камісіях ідзе непасрэдны падлік выбарчых бюлетэняў.

Канечне, спадзяваньняў на тое, што ўсе гарадзкія і раённыя выканкамы, якія будуць фармаваць участковыя камісіі, зоймуцца гэтай справай менавіта 8 сакавіка, у сьвяточны дзень, няшмат. Але каляндарны плян усёй выбарчай кампаніі традыцыйна складаецца без уліку выходных і сьвяточных дзён.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік упэўнены, што з фармаваньнем участковых камісіяў праблем ня будзе. Паводле ягоных словаў, цяперашняя кампанія праходзіць, як ніколі раней, спакойна:

Мікалай Лазавік
“Палітычныя партыі, працоўныя калектывы вылучаюць сваіх кандыдатаў. Працуюць ініцыятыўныя групы, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў праз збор подпісаў. І ў цэлым гэта работа ідзе спакойна, без канфліктаў. Хацелася б, каб такая сацыяльна-палітычная сытуацыя і надалей захавалася”.

Казаць пра канкрэтныя лічбы пакуль не выпадае. Па-першае, дакумэнты на кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі можна было падаваць яшчэ і ўчора, у нядзелю. Па-другое, некаторыя прэтэндэнты ідуць ад партыяў, іншыя праз збор подпісаў. І тут, як заўжды бывае ў такіх выпадках, зьяўляецца пэўная блытаніна.

Аднак для апанэнтаў улады вельмі важна, колькі іх вылучэнцаў патрапяць ва ўчастковыя камісіі. Менавіта фармаваньне самых масавых выбарчых камісіяў стане чарговым тэстам для ўладаў. Трэба пабачыць, ці яны сапраўды скіраваныя на лібэралізацыю, ці яны толькі афішуюць яе – гаворыць кіраўнік інфармацыйна-аналітычнай службы АДС Юры Пацёмкін. Ён згадвае, што прэзыдыюм Палітрады АДС прыняў спэцыяльную заяву адносна мясцовых выбараў:

Сяргей Альфер
“АДС разглядаюць у якасьці крытэраў дэмакратычнасьці гэтай кампаніі наступнае. Па-першае, уключэньне ў склад выбарчых камісіяў усіх вылучаных апазыцыйнымі партыямі кандыдатаў. Па-другое, рэгістрацыя ўсіх кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыйных палітычных партыяў. Далей – АДС будуць сачыць за тым, наколькі свабодна будзе весьціся агітацыя. І на апошнім этапе выбараў – ці будуць перашкоды для назіральнікаў з боку ўлады? Пры гэтым АДС будуць весьці бесперапынны маніторынг выкананьня ўладамі гэтых мінімальных умоваў”.

Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфэр згадвае, што 25 красавіка ў Беларусі абяруць 21 тысячу дэпутатаў ад сельсаветаў да абласных саветаў. Экспэрт прагназуе:

“Дэмакратычныя палітычныя партыі змогуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў ня больш чым у 5% ад усёй колькасьці акруг. І астатняе вылучэньне будзе галаўным болем для мясцовых адміністрацыяў. Патрэбна будзе “заганяць” адпаведных людзей – кіраўнікоў разных арганізацыяў і ўстановаў, для таго, каб яны сталі дэпутатамі. І бальшыня акругаў, як і раней, зноў будзе безальтэрнатыўнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG