Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Рамановіч чытаў вершы пра каханьне, зьбіраючы подпісы за сваё вылучэньне


Уладзімер Рамановіч чытае вершы віцебскім дзяўчатам.

Уладзімер Рамановіч чытае вершы віцебскім дзяўчатам.

Актывіст стваранай партыі БХД хоча балятавацца ў Віцебскі гарсавет, і некалькі дзён на сваіх пікетах па зборы подпісаў будзе праводзіць сьвяточныя акцыі, прысьвечаныя жаночаму сьвяту 8-га сакавіка. Першая такая акцыя прайшла сёньня.

Уладзімер Рамановіч разьмясьціў на адмысловым транспаранце вершы пра каханьне, вясну і жаночую прыгажосьць. Гэта былі творы клясыкаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, і ўласныя вершы віцебскага актывіста, а таксама вершы тых, хто адгукнуўся на ягоны заклік у інтэрнэце. Уладзімер кажа, што ягоная ініцыятыва прыйшлася даспадобы многім мясцовым паэтам-пачаткоўцам, і давялося нават ладзіць адбор дасланых твораў.

Уладзімер Рамановіч: «Гэтая акцыя мусіць паказаць, што збор подпісаў — гэта ня толькі грукат у дзьверы, маўляў, адчыніце, калі ласка, падпішыцеся за мяне. А можна яшчэ спалучыць яе зь нейкімі прыемнымі момантамі. Тут жа 8 сакавіка і проста першыя веснавыя дні. На жаль, сёньня марозна і няма той адлігі, пра якую пішуць паэты ў вершах... Але хачу, каб гэтая акцыя хаця б у сэрцах і ў думках камусь узьняла настрой і неяк сагрэла людзей».

Уладзімер Рамановіч прымацоўвае замест палітычных улётак — вершы пра каханьне.

Уладзімер Рамановіч спадзяваўся, што акцыя прыцягне ўвагу дзяўчат-стадэнтак , бо ў той акрузе, дзе ён зьбірае подпісы, месьцяцца некалькі студэнцкіх інтэрнатаў і Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт. Але каля інтэрнатаў было малалюдна, і ён вырашыў зладзіць пікет на Маскоўскім праспэкце.

Мінакі падыходзілі ня дужа актыўна.

Мінакі, чамусьці, бянтэжыліся падыходзіць блізка, нават калі Уладзімер Рамановіч чытаў уласныя вершы ўголас. Але некалькі чалавек запыталі, зь якімі мэтамі ён, яшчэ малады чалавек, ідзе на выбары.



Актывіст мяркуе, што да такіх нязвыклых пакуль у горадзе спосабаў знаёмства з патэнцыйнымі выбарцамі землякоў трэба прывучаць паступова, і тады яны будуць больш актыўнымі. Таму бліжэйшымі днямі ён мяркуе выставіць пікеты са сваімі фотаздымкамі і вершамі каля гандлёвага цэнтру «Эўропа» ды ў іншых месцах, дзе праходзіць шмат мінакоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG