Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску подпісы за вылучэньне кандыдата зьбірала непаўналетняя


 Аляксей Гаўруцікаў і непаўнагадовая зьбіральніца подпісаў
Аляксей Гаўруцікаў і непаўнагадовая зьбіральніца подпісаў

Шаснаццацігадовая дзяўчына прыйшла сёньня да віцебскага актывіста Аляксея Гаўруцікава, сказаўшы, што яе накіравала зьбіраць подпісы настаўніца СШ № 42 Вэнэра Мангутава.

Сябар аргкамітэту па стварэньні БСДП «Народная Грамада» спадар Гаўруцікаў пачаў распытваць дзяўчыну, і тая патлумачыла, што зьбірае подпісы за вылучэньне ва ўчастковую камісію. Настаўніца сказала ёй, каб ўсе асабістыя зьвесткі непаўналетняя зьбіральніца запісвала алоўкам, бо ў яе дзіцячы почырк, і толькі каб подпісы выбарцаў былі ўласнаручныя.

Аляксей Гаўруцікаў папрасіў дазволу, каб сфатаграфавацца разам з вучаніцай, а таксама сфатаграфаваў падпісны аркуш, дзе стаіць сёньняшняя дата — 6 сакавіка.

Ён кажа, што відавочныя правапарушэньні. Па-першае, непаўналетнія ня маюць права на ўдзел у выбарчай кампаніі. Па-другое, вялікім дзівам выглядае тое, што подпісы зьбіраюць сёньня, бо ў Першамайскай раённай адміністрацыі сёньня і заўтра выходныя дні і падпісныя аркушы няма як здаць.

Падпісны аркуш, запоўнены алоўкам без пазначэньня даты
Давялося тэлефанаваць у райвыканкам ды пытацца, ці прымаюць сёньня подпісы на вылучэньне ва ўчастковыя камісіі. Дзяжурная сказала, што ня ведае.

На думку спадара Гаўруцікава, подпісы, можа, і прымаюць, але не ва ўсіх. Бо праз пару гадзін пасьля дзяўчыны да яго ўсё-ткі завітала з прабачэньнямі сама настаўніца. Яна паказала той самы падпісны аркуш, які запаўняў актывіст і дзе пасьля яго падпісаліся яшчэ некалькі чалавек. Дата наступных за ягоным подпісаў учорашняя, 5 сакавіка. Адсюль і высновы пра спробу аформіць дакумэнты «заднім чыслом», а здаць пазьней.

Меркаваньні Аляксея Гаўруцікава ўскосна пацьвярджае і сёньняшні выпадак, пра які распавёў віцебскі каардынатар руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў. Ён паспрабаваў здаць подпісы на вылучэньне ва ўчастковую камісію ў Кастрычніцкі райвыканкам. Але кіраўніца справамі адміністрацыі заявіла, што ва ўстанове сёньня выходны дзень, і прыгразілася выклікаць міліцыю, калі Хрыстафор Жаляпаў папрасіў дазволу патэлефанаваць у Цэнтравыбаркам.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG