Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцёму Дубскаму да траўня забаранілі атрымліваць пасылкі


Арцём Дубскі

Арцём Дубскі

Зьняволены маладафронтавец Арцём Дубскі скардзіцца на захворваньне cтраўніка і просіць маці прывезьці яму лекі.

У чацьвер Арцём Дубскі зрабіў з калёніі кароткі званок на тэлефон маці. Хлопец пытаўся пра тое, калі яна прыедзе на спатканьне і ці прывязе пэўныя лекі — у Арцёма хворы страўнік. Настрой Арцёма Дубскага сьведчыў, што ў яго зноў пачаліся праблемы, мяркуе маці актывіста Алена Дубская.

«Ня вельмі мне спадабаўся ягоны настрой. Мінулым разам, дні чатыры таму, калі ён званіў, то голас быў больш бадзёры. А ўчора... Можа, у яго балеў страўнік, ці што, але было усё інакш. Сказаў, што чакае, каб з намі пагаварыць, а пра што, не сказаў. Пры сустрэчы скажа».

Алена Дубскя
Арцём Дубскі адбывае год зьняволеньня ў Магілёўскай калёніі. На мінулым тыдні палітвязень выйшаў з турэмнага ізалятару пасьля двух тыдняў пакараньня. Алена Дубская днямі атрымала ад турэмнай адміністрацыі ліст, у якім пералічаюцца парушэньні, за якія пакаралі сына ізалятарам.

«Такім чынам, вось іх словы. Арцём «сваімі дзеяньнямі парушыў правілы ўнутранага распарадку. Менавіта, не выконваў правілы і распарадак дня ўстановы і законныя патрабаваньні прадстаўнікоў адміністрацыі, ня ўтрымліваў у чысьціні жылое памяшканьне, паводле ўсталяванага ўзору не запраўляў ложак, а пры сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі не падымаўся і не вітаўся».

Таксама Алене Дубскай паведамілі з калёніі, што яе сына пазбавілі права да 1 траўня атрымліваць пасылкі. На волю Арцём Дубскі мусіць выйсьці 25 траўня.


10 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачнецца працэс над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам і ягоным знаёмым, былым вайскоўцам Уладзімерам Асіпенкам, якіх абвінавачваюць ў падпале дому міліцыянта і падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў. Праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што справа сфальшаваная і сапраўдных доказаў віны ў сьледчых няма.

Алег Воўчак
Воўчак: «Выбухоўкі не знайшлі, мінаў, зброі, як казалі, не знайшлі. Саўдзельнікаў няма, хаця казалі, што там суцэльная банда аўганцаў дзейнічае. Таму будзе гэтак: адзін сьведка скажа, што чуў, нібыта Аўтуховіч рыхтуе тэракт ад гэтага. Таго дапытаюць, ён пакажа на іншага. А той скажа, што чуў на рынку, што Аўтуховіч рыхтуе замах. Вось так будзе. Паверце, ніхто наўпрост ня скажа, што чуў непасрэдна».

Паводле Алега Воўчака, працэс будзе ісьці некалькі тыдняў, ягоны сцэнар ужо цалкам складзены.


Адвакат Зьміцер Лаеўскі ў камэнтары газэце «Салідарнасьць» назваў «нонсэнсам» прысуд, які быў вынесены ў Першамайскім судзе Менску ягонаму падабароннаму, прадпрымальніку, актывісту АГП Андрэю Бандарэнку.

Зьміцер Лаеўскі
«Чыімі грашыма мог завалодаць Бандарэнка, калі фірмы „Беразіно“ і „Ўша“ грошы пералічылі на рахунак „Белвысотстрой Груп“ паводле дамовы? Такім чынам, грошы там аказаліся цалкам законна і ў іх грошы ніхто незаконна не забіраў, ніякага крадзяжу не было. І ў гэтым нонсэнс, які складана камэнтаваць. Грошы быццам скралі ў адных, а падманвалі другіх. Прычым няма доказаў ані крадзяжу, ані падману».

Андрэя Бандарэнку суд прызнаў вінаватым у крадзяжы грошай фірмаў-пастаўшчыкоў і асудзіў да 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Прадпрымальнік абскардзіў прысуд, які лічыць палітычна матываваным.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG