Лінкі ўнівэрсальнага доступу


"Відавочна ж, што той, хто ... , і павінен быць значней, вышэй, круцей за таго, каго ..."
(Тацьцяна Масквіна, "Ганьба і чысьціня")

З базавымі адрозьненьнямі прадстаўніц жаночага полу ад сябе многія хлопчыкі знаёмяцца яшчэ ў дзіцячым садку. Некаторых зь іх, кажуць, настолькі ўражвае адсутнасьць у дзяўчынак адной хлапечай дэталі, надзвычай важнай, на іх думку, што яны робяць выснову пра недасканаласьць гэтай пароды людзей. Выснова абуджае зьмяшаныя пачуцьці - адначасова пагарду і шкадаваньне да няшчасных стварэньняў, якія, канечне, павінны ўсьведамляць сваю дэфэктыўнасьць і зайздросьціць паўнавартасным людзям. Прынамсі, менавіта гэта сьцьвярджаў Зыгмунд Фройд: жанчыны зайздросьцяць палавым органам мужчыны. Пазьней гэтая тэза інтэрпрэтавалася як зайздрасьць да ўлады і прывілеяў, прыналежных людзям з пэнісам.

Д'ЯБЛА Я НЯ ХЛОПЕЦ?!


Меў рацыю Фройд або палавыя органы - справа дзясятая, нельга аспрэчыць той факт, што мы жывем у сьвеце, створаным мужчынамі пад сябе, дзе жанчыне адведзена другарадная, падпарадкаваная роля. Вось вам паказальны прыклад, які яскрава дэманструе, што апазыцыйныя катэгорыі жаночага і мужчынскага маюць неаднолькавую сацыяльную вартасьць:

"Я і раней заўважала, і цяпер, калі намагаюся адважыцца і падзяліць фрэндоў па полавай прыкмеце, усё не магу зразумець: Чаму дзяўчаты любяць казаць пра сябе ў мужчынскім родзе? Што гэта за псыхалягічная фішка? Сярод мужчынаў такога не заўважала... Зрэшты, жанчыны часта любяць пераапранацца ў мужчынаў, у тым ліку на сцэне, аднак адваротнае назіраецца хіба сярод мужчынаў нетрадыцыйнай арыентацыі..." (ku_palinka)

"Жанчыны любяць надзяваць мужчынскія апранахі: кашулі, байкі, швэдары, гальштукі, капялюшы. Гэта і мужчынам падабаецца і многім жанчынам. І нічога крамольнага ў такім маскарадзе няма. Правільна? Чаму ж, калі мужчына апранае жаночае адзеньне: сукенку, халат, спадніцу, ці абувае чаравікі з панчохамі, то… Ні жанчынам, ні мужчынам такое не падабаецца?" (ul_sciapan)

"Я жончын халат не бяру. Ну можа браў адзін ці два разы. А яна… Прыходжу дамоў, а ў маім халаце ходзіць жонка. У яе ёсьць свой халат, але яна любіць хадзіць у маім. Падкасае рукавы і ходзіць. Нават калі я прыходжу, а жонкі дома няма, дык усё адно часьцяком знаходжу свой халат з падкасанымі рукавамі". (adam_hlobus)

Усе тры працытаваныя запісы зробленыя ў адзін тыдзень, можна лічыць іх адлюстраваньнем тэндэнцыі. У межах патрыярхальнай культуры, да якой адносіцца і нашая культура, мужчынскасьць катыруецца вышэй за жаноцкасьць. Адпаведна, у першым выпадку жанчына нібыта "ўзвышаецца" да мужчыны, а ў другім - мужчына "апускаецца" да жанчыны. Чытачкі адказвалі Купалінцы наступным чынам:

"Гэта імкненьне да таго, каб быць або здавацца роўнай мужчынам". (an4ik)

"Я пра сябе кажу ў мужчынскім. Я ўвогуле напаўжартам шкадую, што я ня хлопец-праграмміст. Дзяўчынай таксама быць добра, але часам думаеш - д'ябла я ня хлопец?!" (shielda)

"Я пайшоў"... Ад слова чалавек. Чаму не?! Усе мы людзі. І зусім неабавязкова разглядаць сябе як дзяўчыну, а можна як чалавека ўвогуле". (oddana_amaya)

Бачыце, дзяўчына разглядаецца ў якасьці "недачалавека", а "чалавекам увогуле" аказваецца мужчына... Між іншым, нават "мужчыны нетрадыцыйнай арыентацыі", згаданыя Купалінкай, дэманструюць імкненьне пазбавіцца жаноцкага вобразу, звычайна прыпісванага ім. Блогерка natali_abram4uk цытуе словы Аляксандра Палуяна, арганізатара конкурсу "Містэр Гей Беларусь 2010":

"Пара ўжо ў нашым грамадзтве адыходзіць ад стэрэатыпу мужчыны ў жаночай сукенцы і боа".


КАЛІ Я НАШУ КАНДЗІБОБЕР НА ГАЛАВЕ - ГЭТА НЯ ЗНАЧЫЦЬ, ШТО Я ЖАНЧЫНА




Гэты відэазапіс зроблены тэлекампаніяй СТВ падчас апытаньня мінакоў на вуліцах. Выкладзены ў суполцы by_trash блогерам kognito.

Удзельнікі дружна рагаталі, хто грамчэй, хто цішэй, і ніхто не даўмеўся асэнсаваць, аб чым прагаварылася жанчына ў чырвоным "кандзібоберы", прызнаная ўдзельнікамі суполкі "гарадзкой вар'яткай". Калі яна насамрэч хворая, вінаватыя ў гэтым тыя, хто паслаў яе, ейнага мужа, брата, увогуле хоць каго-небудзь на аўганскую вайну. А таксама апяваў гэтую ды іншыя войны як пачэсную і высакародную справу. Гонар рабіць якую прадастаўляецца мужчынам. Уласна, у першую чаргу менавіта праз статус ваяра і вызначаецца мужчына - нездарма ж "мужчынскі дзень" сьвяткуецца 23-га лютага.

Як казаў герой Уладзімера Гасьцюхіна ў фільме расейскага патрыятычнага рэжысэра Аляксея Балабанава "Вайна" свайму сыну, удзельніку "контратэрарыстычнай апэрацыі" у Чачэнскай рэспубліцы: "Правільна, што ты на вайне пабываў. Вайна з хлопца мужыка робіць. А мужыком быць правільна". Ніхто над ім чамусьці не сьмяецца. Хаця ён сказаў фактычна тое самае, што і жанчына ў чырвоным "кандзібоберы": "Я жадаю ўсім мужчынам прайсьці аўганскую вайну. Бо мужчына вызначаецца справай, а ня словам".

Мужыком быць правільна, а жанчынай - ну, неяк ня вельмі сур'ёзна і дакладна меней пачэсна. "Калі я нашу кандзібобер на галаве - гэта ня значыць, што я жанчына або... балерына", - ганарліва, з выклікам гаворыць гераіня відэароліка, не адмаўляючы, а прымаючы патрыярхальныя правілы гульні.


ЖАНЧЫНА "АМУЖЫЧЭЛА", МУЖЫК ПАДРАБНЕЎ


"Ехаў я з трэнькі дахаты і пабачыў цікавую карціну ў траліку: вадзіла - жанчына, а кандуктар - мужык. І куды ж мы, панове, кацімся-та? Чамусь амаль ніхто зараз не зьдзіўляецца мужыкам-кандуктарам у грамадзкім транспарце. Зразумела, мужыкі-кантралёры й раней трапляліся, але ж кандуктары... Нешта дзіўнае ў сьвеце гэтым робіцца. Яшчэ пару гадоў таму кандуктар-мужык быў нібыта зьвер заморскі, на якога ўсім паглядзець ахвота было. А цяпер жа ў нас тут цэлы пераязны заапарк атрымоўваецца. Самае ж цікавае тое, што ўсё-такі зьяўляецца нагодай для такіх зьменаў. Ці на самой справе так мужык падрабнеў, а жанчына "амужычэла"?

- піша dziki_kaban, дэманструючы яшчэ адзін стэрэатып патрыярхальнай культуры: жанчына прыдатная толькі для ня надта сур'ёзнай і патрабавальнай (адпаведна, меней удзячнай і аплачванай) працы. Выкончваючы якую, мужык, бачыце, адразу "драбнее".

Хаця сытуацыя пакрысе зьмяняецца, аб чым сьведчыць і гэты допіс, паводле статыстыкі, зьмешчанай у суполцы gender_by, беларускім жанчынам - нягледзячы на тое, што яны больш адукаваныя за беларускіх мужчынаў - па-ранейшаму даводзіцца рэалізоўваць сябе ў найменш аплачваных сфэрах дзейнасьці.

ПРАВЫЯ ПАСТАВЯЦЬ ЖАНЧЫНУ НА НАЛЕЖНАЕ МЕСЦА


ІКУ "Правы альянс" распачынае кампанію па супрацьдзеяньні "маральнаму разлажэньню нашага грамадзтва" пад лёзунгам "Беларусь - не бардэль!", аб чым паведаміў у сваім блогу kurt_bielarus.

Наракаючы на тое, што "хутка наша краіна будзе аспрэчваць першынство па “сэкс-турызме” з Дамініканскай рэспублікай і Тайляндам", ІКУ "Правы альянс" заклікае "аб'яднацца супраць гэтай хваробы" і, сярод іншага, прапануе ўвесьці крымінальную адказнасьць для "спажыўцоў сэксуальных паслугаў". З гэтай прапановай, вядома, нельга не пагадзіцца.

Карыстаньне паслугамі прастытуткі - адна з даступных формаў рабаўладаньня ў сучасным сьвеце. Тым яно і прыемна, што дае магчымасьць нікчэмнасьці на некаторы час адчуць сябе Гаспадаром. Прастытуткай карыстаюцца як унітазам або як цацкай, увогуле, як сродкам, рэччу сярод іншых рэчаў. Пры гэтым ні ў грош яе ня ставяць, пагарджаюць, лічачы "бруднай подсьцілкай". З прастытуткай звычайна не цалуюцца, і гэта азначае, па сутнасьці, што яна мае статус "недатыкальнай". Якім бы гідкім з-за прысмаку мэханікі ні было словазлучэньне "займацца каханьнем", зь ёй нават каханьнем не займаюцца. Яе папросту легальна гвалтуюць. "Легальна", бо грамадзтва дасюль не асуджала кліентаў прастытутак уголас, дазваляючы ім адчуваць сябе нявіннымі трусамі, з сваімі нявіннымі трусінымі патрэбамі, аплачанае задавальненьне якіх калектыў ім даруе. Асуджаная будзе нягодная "шлёндра". Безумоўна, гэта ненармальная сытуацыя і яна патрабуе зьменаў.

Але ці слушна ІКУ "Правы альянс" дыягнастуе прычыну хваробы, сьцьвярджаючы, што справа ў "страце традыцыйных духоўных арыенціраў" і дэвальвацыі "традыцыйнага вобразу жанчыны-маці"? Наўрад ці, як на мой погляд. "Традыцыйнае грамадзтва" зусім не гарантуе зьнікненьня прастытуцыі. Хіба ж ня ў ім яна ўзьнікла і сфармавалася?

"Прастытутка" і "жанчына-маці" (чытай: хатняя гаспадыня, абслуговы пэрсанал мужчыны) - гэта проста дзьве розныя традыцыйныя патрыярхальныя стратэгіі іх падпарадкаваньня і выкарастыньня.

Паны-дабрадзеі з "Правага альянсу", як на мой погляд, дэманструюць ня столькі бескарысьлівы клопат пра жаночую долю беларусачак, сколькі жаданьне ўзяць на сябе кантроль за іх лёс і мець магчымасьць указваць ім належнае месца.


БЛОГЕРКІ І ПАЛІТЫКА: ІДЗІ АДСЮЛЬ, ДЗЕВАЧКА!


Блогерка rimaio была зьвінаваціла мяне праз суполку gender_by у дыскрымінацыі жанчынаў у аглядах блогасфэры. У тым сэнсе, што іх я цытую радзей. Блогерка падлічыла суадносіны працытаваных паводле полавай прыналежнасьці ў шасьці асобных аблогах:



Як бачыце, мужчыны сапраўды цытаваліся значна часьцей. Нягледзячы на тое, што жанчыны, паводле некаторых падлікаў, пераважаюць у кірылічным сэгмэнце блогасфэры. Аднак мне зусім не ўласьцівы "мужчынскі шавінізм" і, далібог, я не адсяваў блогерак адмыслова. Выглядае на тое, што блогеркі проста ня так часта пішуць на агульназначныя грамадзка-палітычныя тэмы.

З пытаньнем, чаму так адбываецца, я зьвярнуўся да чытачоў свайго блогу і атрымаў наступныя адказы:

М: "Будучы прыгнечанай групай, жанчыны схільныя да таго, што прыносіць максымальна хуткі вынік, да "прамога дзеяньня" тут і цяпер. Дыскусіі - для тых, каму няма куды сьпяшацца, каму і падыскутаваць - прыемна ды хораша". (czerniec)

Ж: "Палітычныя тэмы патрабуюць больш-менш валодаць сытуацыяй, для гэтага патрэбны час - штосьці прачытаць, штосьці прагледзець. У блогерак часу на "вольнае інтэрнэт-плаваньне", пры ўмове, што яны працуюць і займаюцца сям'ёй, усё-ткі менш, чым у мужчын". (ganna_yanich)

М: "Каб удзельнічаць у палітычных дыскусіях, неабходна пачувацца паўнавартарсным чальцом грамадзтва і мець шырокі далягляд. На жаль, у аўтарытарных краінах зь нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця жанчына так безнадзейна залежыць ад мужчыны, што гэтая залежнасьць выліваецца ў пачуцьцё ўласнай другараднасьці". (pasha1980)

Ж: "У жанчын і без таго хапае безнадзейнага ў жыцьці - рэчаў, якія з гадамі зьмяняюцца вельмі павольна і зь цяжкасьцю. І ў якіх усё сумна-сумна..." (orsa_maggiore)

Ж: "Палітыка - гэта дзярмо. А дзяўчыны асобы датклівыя, ня хочуць у дзярмо ўляпацца. Я дык увогуле пазьбягаю розных палітычных суполак, таму што ў мяне жж не для срачу і высьвятленьня адносін, а для душы. Ось так". (ku_palinka)

Ж: "Яны разумнейшыя і дарма ў паветры чым ні попадзя не трасуць". (lady_begood)

М: "Жанчыны па большай частцы ня любяць спрэчку і суперніцтва, а мужчынам, наадварот, падабаецца спаборнічаць такім спосабам "у розуме ". Палітычныя тэмы гэта ня што іншае, як "спрэчкі пра суперніцтва", прычым спрэчкі бясконцыя: "Мая партыя круцейшая за тваю!" - "Не, мая!". Тое самае тычыцца і дыскусіяў пра спорт, у якіх жанчыны, як правіла, калі і ўдзельнічаюць, то без выразнага азарту". (din_di)

А blanqi падзяліўся пазнавальнай (і, напэўна, паказальнай) гісторыяй пра тое, "як цяжка быць палітычным блогерам з жаночым юзэрпікам":

"Не падумайце нічога дрэннага. Калі я зайшоў у ЖЖ, то не зьбіраўся затрымоўвацца. У сваім журнале нічога не пісаў, толькі чытаў і камэнтаваў. Для прыстойнасьці трэба было завесьці юзэрпік - узяў першы малюначак з працоўнага стала. Гэта была Рыта Хэйворт зь фільма "Уцёкі з Шоўшэнка". Няхай - падумаў я, бо ненадоўга - буду ўжываць безасабовыя сказы.

Вынікі неабдуманага рашэньня не прымусілі сябе чакаць. Галоўным чынам мяне цікавяць палітычныя, грамадзкія, гістарычныя тэмы. З маім юзэрпікам я хутка атрымаў "ідзі адсюль, дзевачка". Акрамя таго, пісаць усё ў безасабовай форме, без апазнаньня роду (не жадаў ашукваць і не пісаў ад жаночай асобы) аказалася нязвыклай задачай.

Але гэта стала цікавым! Я ўпёрся і працягнуў, нягледзячы на "кіса-куку", "цётка здурнела" і проста пагардлівае ігнараваньне маіх мудрагелістых камэнтароў. Дасягнуў вялікага мастацтва ў складаньні безасабовых сказаў і ўжо не заміраў над клявіятурай у пошуку патрэбных словаў. Спадзяюся, ня зганьбіў жаночы род...

Прашу прабачэньня ва ўсіх ахвотнікаў пацалаваць мне ручку ці шчочку".


МАНАЛЁГІ ВАГІНЫ


Адказваючы на пытаньне, чым увогуле адрозьніваецца блогер-мужчына ад жанчыны-блогера, які асноўны круг тэмаў у першых і другіх, мне пісалі:

- Тэмы жаночых блогаў у асноўным круцяцца вакол пачуцьцяў, сямейных справаў, дзяцей, рэлігіі... Мужчынаў адрозьнівае большая ўпэўненасьць у сабе, але меншая давяральнасьць.

- У мужчын блогі часьцей тэматычныя. Яны рэдка ў адным допісе пішуць пра палітыку, а ў іншым пра свае хваробы. Жаночыя допісы больш палярныя. Тут табе і казкі, і раманы, і фільм паглядзела і з мужам пасварылася і вось фотачкі.

- Ну, напрыклад, zmagarka, у яе блог нетыповы для жанчыны: сацыялка, палітыка, а ўсё адно часам праблісквае нешта пра мужчын, каханьне... Мужчыны сабе такога ў палітычных блогах не дазваляюць. У іх і думкі такой няма. Я б сказала, што жаночыя больш цэльныя, таму што ахопліваюць і прыват, і ўсё на сьвеце, а мужчынскія не. У мужчынаў больш сарказму.

- Сярэднестатыстычны блогер-мужчына больш разважае пра тэхніку (кампутарную і наогул). Больш зьмяшчае фатаздымкаў напаўголых і голых дзяўчынаў. Часьцей мацюкаецца.

- Вельмі складана, амаль немагчыма супрацьпаставіць гэтыя дзьве групы, кожны асобны блогер уяўляе сабой больш-менш яркую індывідуальнасьць, ці гоніць мэйнстрым, незалежна ад полу... Журналы мужчынаў як быццам болей зацыкленыя на эга аўтара і на яго ўпадабаных абстрактных тэмах.

Асабліва ж мне спадабалася гіранічнае выказваньне блогеркі zri, на якое я выпадкова натрапіў, блукаючы па блогасфэры:

"Усе без выключэньня жаночыя блогі - гэта маналёгі вагіны. Вагіна пра турботы, вагіна пра сямейнае жыцьцё, вагіна пра палітыку. Я чую яе, адрозьніваю абертоны... Прарыў цёмнага, незасвоенага чыста жаночага падсьвядомага ў мову. Мужчынскія нэўтральныя. Вечнае зьзяньне чыстага розуму. Я ня ведаю, як гэта ім удаецца".

Паколькі гэты запіс быў зроблены яшчэ ў мінулым годзе, я запытаўся, ці не перадумала яна за той час, што мінуў з моманту напісаньня. Блогерка адказала:

"Не, я толькі пачала думаць, што маё цьверджаньне ў той жа ступені датычыць пераважнай большасьці мужчынскіх блогаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG