Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як да месяца


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец
Калі табе прынясуць месяц, усё зьменіцца, ці ня так? І ў тое жа імгненьне немагчымае стане магчымым і ўсё зьменіцца. Чаму б і не, Калігула? Хто можа ведаць? Вакол мяне ўсё менш і менш людзей, і гэта пацешна.

Камю. Калігула


Нядаўна бачыў на сьценах ГУМа рэклямную абвестку, і яна, якраз як агітацыйны плякат, клікала: да перадсьвяточных марнаваньняў. Так, адыходзіць зімовая пара, нашпігаваная сьвятамі, якія прыхарошваюць манахромны побыт і дапамагаюць прадаўцам больш-менш непатрэбных рэчаў ацалець у рынкавым віры. Апошняя буйная агульнанародная падзея засталася — 8 сакавіка: Дзень вялікай усемужчынскай папойкі. Гэта зноў моцна адцягне нацыю ад хвалюючага працэсу мясцовых выбараў, як раней перашкаджалі засяродзіць увагу на ім то Валянцінаў дзень, то Алімпіяда, то Дзень безалькагольнага абаронцы… І ўсё ж у падсьвядомасьці неспакойна варочаецца пачуцьцё грамадзянскага абавязку і выяўляецца так ці інакш, у большай ці меншай сувязі зь бягучымі падзеямі. Нездарма тая ГУМаўская рэклямка была ў выглядзе агіткі, ой, нездарма!

Але і ў справе прапаганды трэба ўлічыць гендэрнае вымярэньне дзён, якія надыходзяць. Перад 8 сакавіка можна паспрабаваць выкарыстоўваць сваю і пазычаную мужчынскую абаяльнасьць. Але рабіць гэта трэба асьцярожна і густоўна. Пётар Піцко пазнаў у партрэце Зьмітра Дашкевіча рысы няхітрых візуальных тэхналёгій:

Як вам фота Дашкевіча??? Нічога не нагадвае???

Ну проста Эрнэста Чэ Гевара.

Маглі б Вашы піяршчыкі і арыгінальнейшае штосьці прыдумаць.

А то папросту скапіявалі раскручаную выяву, узнавілі той жа заваротак галавы, той жа пагляд «праз гады».

Гатовы паспрачацца, што на фатасэсіі доўга спрачаліся: у галаўным уборы фатаграфаваць ці не? І калі так, то ў якім???

А ўвогуле нядрэнна атрымалася — станоўчы такі вобраз.

(саўкоўскія карані ў падсьвядомасьці нашых грамадзян яшчэ моцныя, так што на электарат будзе партрэцік дзеяньне мець.)


via lioksa

Цяжка пагадзіцца, што справа ў саўковых архетыпах. Ну, па-першае, Гевара Лінч дэ ля Сарна — больш заходнеэўрапейскі брэнд, а ў СССР ён быў на некаторым падазрэньні і прымаўся ў гомэапатычных дозах. А па-другое, на Дашкевічу — ані барады, ані растрапаных доўгіх валасоў: акуратнасьць далёка не партызанская. Тут мы маем, хутчэй, іншы архетып і іншую мэнтальнасьць: рамантычныя 90-я зь іх эпічным нацыянальным дзеячам.





Што ж, змаганьне ў сфэры знакаў — таксама змаганьне. І яно можа прынесьці вынік: часьцей за ўсё «чыста сымбалічны». Каго не задавальняе трыюмф у плятонаўскім сьвеце ідэй, той імкнецца не адрывацца ад народнай глебы і ад праблем, якія буйна квітнеюць на ёй ва ўсякае надвор’е. Meliashkevich у сваёй адносна маладой Малінаўцы сутыкаецца зь нечаканымі перавагамі і разьбіраецца з чаканымі непрыемнасьцямі:

Як апынулася, тое, што я лічыў недахопам — 27 гадоў ад нараджэньня, амаль ніхто не акрэсьлівае як недахоп. Але пастаянна гучаць устойлівыя фармулёўкі — «Маладым трэба даць дарогу!», «Вам трэба прабівацца!», «Пакуль ёсьць сілы працуйце!», «У старых не атрымалася, можа вы зробіце!» і г.д.

Пытаньне парковак і якасьці пітной вады адназначна хвалюючыя пытаньні…

Парковак і вады! З такім кароткім дэвізам можна разьлічваць на перамогу. Гучыць незвычайна, але толькі таму, што звычайна нашы тутэйшыя кандыдаты ня робяць ласку весьці агітацыю і пагатоў — галосныя разборы з колькі-небудзь адчувальнымі праблемамі. Яны звыклі сьвяціць з калязямной арбіты адлюстраваным сьвятлом непераможнага сонца, напамінаючы пра тое, што «нішто ня нова пад месяцам» (закрэсьліць) ўсё стабільна, а будзе яшчэ стабільней.

Партрэт тыповага нетыповага кандыдата паспрабаваў скласьці overdd. Ён зьвёў дадзеныя трох, як яму здалося, самых яркіх прадстаўнікоў у табліцу і высьветліў, што агульнае ў іх… — наяўнасьць блога ці сеткавай групы. Ані сяброўства ў палітычнай партыі, ані «досьведу заканатворчай ці сур’ёзнай грамадзкай працы», нічога прыстойнага. Малады, дзяўчына, гарэзны… вось якія рысы павінны мець неардынарныя кандыдаты будучых выбараў. Ім супрацьстаяць «дасьведчаныя», «сур’ёзныя» важкія тузы, да чыйго трывалага становішча нашым «новым людзям» — як да месяца.

Зрэшты, улегцы і ўзьляцець можна. Ці даплысьці, ускараскацца — як запавядаў вялікі Джым Морысан.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG