Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Домрачава: Памеры формы нам не падышлі, хадзілі як нейкія сьнегавікі


Сёньня найбольш пасьпяховыя беларускія спартоўцы трымалі справаздачу перад журналістамі за выступы на Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры. Чарговым разам стала відавочна, што беларускія посьпехі ў зімовых дысцыплінах трымаюцца на прадстаўніках выключна двух відаў спорту — фрыстайлу і біятлёну. На якую адзнаку яны самі ацэньваюць свой удзел у галоўных стартах чатырохгодзьдзя?

Цалкам натуральна, што асноўная ўвага была прыцягнутая да алімпійскага чэмпіёна ў лыжнай акрабатыцы Аляксея Грышына. Па-першае, ён ужо двойчы ўздымаўся на алімпійскі п’едэстал — восем гадоў таму быў трэцім у Солт-Лэйк-Сіці і зусім нядаўна першынстваваў у Ванкувэры. Па-другое, менавіта Грышын здабыў першы для Беларусі залаты мэдаль на зімовых Алімпіядах — неацэнны падарунак для 30-гадовага спартоўца, які ў літаральным сэнсе паклаў дзеля гэтай мэты нямала здароўя:

Аляксей Грышын
«На пачатку кар’еры, вядома, плянаваў — калі-небудзь буду дабівацца вялікіх посьпехаў. Але толькі калі пачаў атрымліваць першыя мэдалі — ад юнацкага чэмпіянату сьвету — менавіта тады зразумеў: гэта маё, і трэба ўкласьці ўсё, каб дабіцца алімпійскага золата. Увогуле, мяне з раньняга дзяцінства аддалі ў спорт, таму цалкам зразумела, што я марыў быць добрым спартоўцам. А каб ня трапіў у спорт? Цяпер пра гэта цяжка меркаваць. Напэўна, калі чалавек ставіць перад сабой мэту і яе дасягае, то ў любым відзе дзейнасьці — калі ён мэтанакіраваны — ён яе даб’ецца».

Калі меркаваць па выніках ванкувэрскай Алімпіяды, у эліту зімовых відаў спорту ці ня поўным складам уваходзяць мужчынская і жаночая каманды фрыстайлу (у фінал, апроч згаданага Грышына, таксама трапілі Дзьмітрый Дашчынскі, Цімафей Сьлівец, Ала Цупер і Асоль Сьлівец), а таксама лыжнікі-стральцы ў асобах бронзавай прызэркі Дар’і Домрачавай і ўладальніка срэбнай узнагароды Сяргея Новікава. Прадстаўнікі астатніх дысцыплінаў у Ванкувэры нічым не адзначыліся.

Пасьля заваяваньня першай для Беларусі ўзнагароды Дар’я Домрачава не хавала эмоцый — гэта добра бачылі і беларускія тэлегледачы. Аднак Дар’я кажа, што пасьля эўфарыі абавязкова прыходзіць асэнсаваньне таго, што, у прынцыпе, можна было выступіць і лепш, перадусім — у іншых відах праграмы:

Дар’я Домрачава
«Застаўся, вядома, асадак. Мяне, на жаль, крыху падвяло здароўе. Пасьля той самай мэдалёвай гонкі я прастудзілася, цэлы дзень праляжала. Як магла лекавалася, намагалася выйсьці з гэтага хваравітага стану. У выніку выйшла на мас-старт, але, шчыра скажу, у жахлівым стане. Але ўсё ж гэта Алімпіяда, і трэба сябе пераадольваць. Вядома, трэба ставіць перад сабой самыя высокія мэты. Таму, я думаю, усе важныя перамогі яшчэ наперадзе».

Я папрасіў Сяргея Новікава параўнаць стаўленьне да алімпійскіх прызэраў у Беларусі і ў іншых дзяржавах. На гэтым тыдні ў Нямеччыне, Швайцарыі, скандынаўскіх краінах адбыліся ўрачыстыя сустрэчы герояў ванкувэрскай Алімпіяды. Пад аплядысмэнты ўдзячных заўзятараў іх правезьлі па галоўных вуліцах сталіцаў, а на цэнтральных плошчах у прысутнасьці шматтысячнага натоўпу былі наладжаныя шоў у іх гонар. Беларусь, хоць і называе сябе спартовай дзяржавай, але на справе асаблівага імпэту не выяўляе:

Сяргей Новікаў
«Так, я па тэлевізары гэта бачыў. Нават ня ведаю, ці можна такое наладзіць у нас. Можа, калі такое і здарыцца — усіх прызэраў зьбяруць разам. Аднак у нас жа яшчэ надалей старты будуць, магчыма, вырашылі не закрываць дачасна сэзон. Шчыра кажучы, мяне і так усё задавальняе, бо яшчэ не было часу нават паляжаць дома на канапе, адпачыць толкам. Адтуль — адразу да рэктара на прыём, потым да губэрнатара Магілёўскай вобласьці, кантактаваньні з прэсай. Таму для мяне катаньне па горадзе на машыне — ня самае прынцыповае: каб было, то пакаталіся б, а няма — дык асабліва не сумую. Не катаюць — і ня трэба. Самі пакатаемся!»

У сваю чаргу, спартоўцы расказалі, што ў Ванкувэры стаўленьне да беларусаў было надзвычай добрае — шмат для каго ўвогуле было адкрыцьцём, што недзе ёсьць такая краіна. Таму, мабыць, часьцей, чым у іншых, у беларусаў прасілі аўтографы, фатаграфаваліся — на памяць пра «экзотыку». Нават некаторыя замежныя атлеты прасілі памяняцца спартовай экіпіроўкай. Дар’я Домрачава не бязь сьмеху кажа, што некаторую частку строяў можна было б і падарыць:

«Магу сказаць, што спартовая форма насамрэч вельмі прыгожая і ўдалая, але нашай жаночай камандзе чамусьці не падышлі памеры спартовай экіпіроўкі. То бок чамусьці былі ўсе вельмі вялікія курткі, і мы там хадзілі як нейкія сьнегавікі. Гэта, бадай, адзіны відавочны мінус. А так да расфарбоўкі, да якасьці формы прэтэнзій ніякіх няма».

Асоль Сьлівец
Пракамэнтавалі атлеты і правальны выступ спартоўцаў Расейскай Фэдэрацыі, якія перад Алімпіядай заяўлялі, што трапяць у шэраг лідэраў у агульнамэдалёвым заліку. Фрыстайлістка Асоль Сьлівец кажа, што пры такой саманадзейнасьці на лідэрства прэтэндаваць адпачатку было складана:

«Увогуле, там была надзвычай вялікая колькасьць расейскіх чыноўнікаў. А паколькі „Рускі дом“ знаходзіўся проста на выхадзе з Алімпійскай вёскі, то ўсё было навідавоку. І магу сказаць, што вельмі непрыгожа паводзілі сябе некаторыя дэпутаты, шмат хто быў заўважаны, мякка кажучы, у своеасаблівым стане. То бок, відавочна, занадта быў зроблены акцэнт на такую прысутнасьць. Чыноўнікаў была сапраўды процьма: у агульнай масе па вёсцы была, напэўна, большая перавага чыноўнікаў, чым спартоўцаў».

На разьвітаньне Сяргей Новікаў прадэманстраваў журналістам тое, да чаго, магчыма, імкнуўся ўсё сваё спартовае жыцьцё — срэбны мэдаль ХХІ Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG