Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “Жанчыны за 5 гадоў выходзяць са строю”


А.Лукашэнка наведаў Аршанскі льнокамбінат, дзе яго чакалі некалькі месяцаў. Рабочыя спадзяваліся вырашыць праблемы з заробкамі ды ўмовамі працы, а кіраўніцтва прадпрыемства імкнулася давесьці, што выйсьце з заняпаду ўжо амаль знойдзена.

Аляксандар Лукашэнка наведвае Аршанскі льнокамбінат ужо трэці раз. Але ніколі раней прадпрыемства не было ў такім бядотным стане: на складах ляжыць нерэалізаваным больш як паўгадавы запас гатовай прадукцыі, а работнікам, якіх тут амаль 6 тысяч, зьніжаюць і затрымліваюць заробкі.

Тым ня менш гасьцям зь Менску адміністрацыя прадпрыемства імкнулася паказаць, што ня ўсё так дрэнна: Лукашэнку прадэманстравалі новую швайцарска-нямецкую лінію па апрацоўцы кароткага льновалакна і некалькі сучасных ткацкіх машын. На тэхнічнае пераабсталяваньне камбіната было выдаткавана 53 мільярды рублёў дзяржаўных субсыдый. За гэтыя грошы купілі 122 адзінкі тэхналягічнага абсталяваньня.

Работнік ільнокамбінату распавёў, што апошнія некалькі дзён, пакуль чакалі Лукашэнку, новыя машыны не працавалі — каб раптам нешта не паламалася ды каб не ўздымаць пылу пасьля генэральнага прыбіраньня:

«Тыдзень нічога не рабілі, венікамі павымяталі ўвесь камбінат і ўвесь сьнег».

Спробы тэхнічнай мадэрнізацыі, якую сёньня дэманстравалі Аляксандру Лукашэнку, работнікі лічаць ужо безвыніковымі:

Я чуў, што цяпер новы завод пабудаваць таньней, чым нашу старызну мадэрнізаваць.
«Я чуў, што цяпер новы завод пабудаваць таньней, чым нашу старызну мадэрнізаваць. Усё адно ўся Эўропа завалена кітайскім тэкстылем, які таньнейшы. А прадаваць амаль задарма, як нашы робяць, — дык і гэта нават нявыгадна: кітайцаў нам усё адно не пераплюнуць. Застаецца, можа, апошняе: прадаць наш камбінат каму-небудзь, і няхай у таго галава баліць».

Адміністрацыя таксама тлумачыць праблемы са збытам тым, што Кітай заняў усе рынкі збыту, а таксама наступствамі сусьветнага крызісу — адгрузка прадукцыі ў краіны далёкага замежжа скарацілася амаль на 50 адсоткаў. Але на складах дагэтуль ляжыць прадукцыя, вырабленая ў далёкім «дакрызісным» 2003-м годзе.

Не ратуе становішча і распараджэньне старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, каб ільнокамбінат паступова пераходзіў ад вырабу льнопалатніны да гатовых вырабаў — да прыкладу, шыў і прадаваў адзеньне ды спэцвопратку для ЖКГ, гандляроў, лекараў і гэтак далей. Сёньня Аляксандру Лукашэнку паказвалі, што на прадпрыемстве можна выпускаць брызэнтавую і джынсавую тканіну з ільновалакна. І казалі, што новыя віды прадукцыі прынясуць прадпрыемству да 2-х мільярдаў рублёў у год.

Але шараговыя работнікі сёньня пра мільярды ня мараць — хіба толькі пра варты заробак, які даводзіцца адпрацоўваць у шкодных умовах. Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі 234 работніцы 2-й фабрыкі йльнокамбінату напісалі ліст у прэзыдэнцкую адміністрацыю і ў Беллегпрам. Але канструктыўнага адказу не атрымалі, кажа аршанскі праваабаронца Алег Граблеўскі, які дапамагаў складаць лісты:

«Былі напісаны лісты з патрабаваньнем падвысіць заробкі, якія складаюць 600 тысяч, а таксама пра неадпаведнасьць тэмпэратурнага рэжыму — калі ўлетку плюс 30, а ўзімку мінус 22, і вільготнасьць падвышаная ў некалькі разоў. Калі гэтыя лісты пайшлі, з работніцамі правялі гутарку, што салігорскім шахцёрам жывецца яшчэ цяжэй, а таксама прыводзілі ў прыклад Кітайскую Народную Рэспубліку, дзе працуюць і ў горшых умовах».

Аляксандар Лукашэнка заявіў кіраўніцтву, што пасьля таго, як на камбінаце паставяць новыя станкі, «ні сьлёзы, ні соплі праліваць тут ня будуць ні работнікі, ні прафсаюзы». Ён згадаў, што ў часы, калі ён кіраваў саўгасам, лён у іхных ваколіцах быў найлепшы ў краіне, а цяпер «мы ідзем ад лепшага да горшага». І раней «людзі на каленях стаялі перад тым Касыгіным», які за савецкім часам аддаў загад пабудаваць у Воршы ільнокамбінат, дзе на сёньня амартызацыя асноўных фондаў складае амаль 57 адсоткаў. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ад працы на старым абсталяваньні і ў цяперашніх умовах «жанчыны за 5 год выходзяць са строю», і прапанаваў адправіць сюды папрацаваць жонку прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.

Але ўрэшце выказаў спадзяваньне, што мадэрнізацыя паправіць становішча на прадпрыемстве, і аддаў чарговыя загады. За мінулыя 5 гадоў Аляксандрам Лукашэнкам было дадзена 68 даручэньняў дзеля аптымізацыі працы ільнаводчай галіны і Аршанскага камбінату, аднак плёну яны пакуль не прынесьлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG