Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Лапіцкі па-ранейшаму ня мае магчымасьці наведваць школу


Ян Лапіцкі

Ян Лапіцкі

Сям’я Лапіцкіх з Жодзіна працягвае змагацца за магчымасьць беларускамоўнага навучаньня для 14-гадовага Янкі. З гэтага навучальнага году ў гімназіі № 1 Жодзіна скасавалі адзіную беларускамоўную клясу. У выніку Янка Лапіцкі навучаецца ў хатніх умовах самастойна.

Пра скасаваньне беларускамоўнай клясы, дзе навучаўся Янка, Сьвятлана і Аляксей Лапіцкія паведамілі ў Міністэрства адукацыі і ў Генэральную пракуратуру. Таксама яны абскардзілі гэтае рашэньне жодзінскага гарвыканкаму ў судзе. Суд пазоў адхіліў, і ў выніку Янка Лапіцкі па-ранейшаму ня мае магчымасьці наведваць школу. Юнак працягвае навучацца самастойна ў хатніх умовах, а ў чыноўніцкіх кабінэтах Жодзіна па-ранейшаму адмоўчваюцца, кажа Аляксей Лапіцкі:

«Учора я быў у аддзеле адукацыі, размаўляў з намесьнікам, і ён сказаў, што ня ведае новага рашэньня выканкаму. А выканкам стварае канфліктную сытуацыю і цісьне на бацькоў, нягледзячы на іх права выбіраць тып і мову навучаньня. Я проста ў разгубленасьці: як усё ж такі мэханізм абароны гарантыяў, пазначаных у Канстытуцыі, адносна абароны правоў чалавека будзе тут выконвацца?»

Як паведамілі Лапіцкія, на звароты ў Міністэрства адукацыі і ў Генэральную пракуратуру яны атрымалі адказы, што заявы перанакіраваныя ў ніжэйшыя інстанцыі. Чыноўнікі ніжэйшага рангу — жодзінскага выканкаму — заяўляюць, што Янка Лапіцкі не наведвае школу зь віны бацькоў. У прыватнасьці, вось што паведаміла выканаўца абавязкаў кіраўніка камісіі ў справах непаўналетніх Ірына Данілава:

Бацькі перашкаджаюць навучаньню.
«Бацькі перашкаджаюць навучаньню. Мы толькі можам папярэдзіць, што яны адказныя за навучаньне дзіцяці. Але бацька адмовіўся падпісацца пад папярэджаньнем і сышоў».

Карэспандэнтка: «Значыць, калі бацька дамагаецца беларускамоўнага навучаньня для свайго сына, то гэта называецца перашкаджаць навучаньню, так?»

«На беларускай мове — гэта ў іх там сваё пытаньне, гэта трэба размаўляць з гімназіяй. Мы за тое, каб дзіця атрымоўвала адукацыю».

Як паведамілі Сьвятлана і Аляксей Лапіцкія, зараз яны чакаюць перагляду ў Менскім абласным судзе рашэньня суда Жодзіна, які не прыступіў да разгляду справы аб скасаваньні беларускай клясы ў гарадзкой гімназіі № 1.

Сытуацыю зь беларускамоўным навучаньнем у Жодзіна камэнтуе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

«Адзін у полі ня воін. Усё ж трэба было б працаваць у Жодзіна зь людзьмі. Калі б у Жодзіна было некалькі чалавек аднадумцаў, то была б і кляса, як у іншых гарадах. А калі людзі замыкаюцца ў сваёй сям’і, то, канечне, аднаму нешта зрабіць вельмі цяжка».

Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія змагаюцца за беларускамоўнае навучаньне свайго сына Янкі ад моманту ягонага паступленьня ў гімназію № 1 у 2002 годзе. Адміністрацыя школы і гарадзкія ўлады адмаўляліся адкрываць клясу зь беларускай мовай навучаньня, нібыта зь меркаваньняў эканоміі сродкаў. Пасьля страйку і навучаньня дома ў 2004 годзе юрыдычныя магчымасьці для беларускамоўнага навучаньня былі створаныя, але на практыцы не выконваліся. А ў сёлетнім навучальным годзе гарвыканкам Жодзіна скасаваў і юрыдычныя ўмовы для беларускамоўнай адукацыі, ліквідаваўшы адзіную беларускамоўную клясу ў гімназіі № 1. Сьвятлана і Аляксей Лапіцкія мяркуюць, што гэта зьвязана зь іх палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю: яны актывісты партыі БНФ, праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднойчы бралі ўдзел у выбарах розных узроўняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG