Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атручаньне


Людзі яшчэ не прыдумалі, як прыручыць час, але перамагаць вялікія адлегласьці яны ўжо даўно навучыліся. Шлях, на які калісьці затрачваўся месяц, цяпер можна адолець менш чым за суткі; дарога цягніком ад Гамбургу да Бэрліну ўжо ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя займала прыкладна дзьве гадзіны. Але і ў наш час здараюцца сытуацыі, калі адлегласьць здаецца непераможнай.

Аднойчы я палову дня патраціў на тое, каб дабрацца зь менскай Sierra Branca ў менскія ж Шабаны. Амаль дванаццаць гадзін я прабіраўся да роднае хаты скрозь цагляныя таросы і чэзлыя хмызы Ленінскага, а потым Заводзкага раёну, нібы Робэрт Піры да запаветнага полюсу. Прабіраўся на жоўтых сабаках, кожнага зь якіх нібы на зьдзек звалі Ікарам.

Так, гэта было атручаньне. Ня ведаю, што яны мне падсыпалі. І спытаць не было з каго: і гаспадары, і госьці даўно разьехаліся па справах, ампутаваўшы мне перад разьвітаньнем падушку і выкінуўшы мяне, беспадушачнага інваліда, вонкі, у злы і неспрыяльны для вэртыкальных істотаў сьвет. Ужо на шляху да аўтобуснага прыпынку я адчуў, што мае шанцы пакінуць тутэйшыя берагі памяншаюцца з кожным крокам, я марудна ішоў, і ўсё, што я бачыў, адразу ж падсьвядома ацэньвалася мной на прадмет таго, ці можа яно захінуць сабой чалавека, якога зараз званітуе: трансфарматарная будка, кіёск “Белсаюздруку”, палінялая такса, міліцыянэр, слуп, агароджа школьнага двара… Sierra Branca багатая на розныя ласункі, і адзін зь іх мучыў мяне цяпер, прымяраючы на сябе маё цела, нібы цесны пінжак з сэканд-хэнду.

Самае страшнае для атручанага – праспаць той момант, калі можна проста сунуць два пальцы ў рот і вызваліцца ад ўсяго непатрэбнага. Празь некалькі гадзін атрута пранікне ў кроў, тая пацісьне плячыма і паволі пацячэ далей, несучы сваю багатую даніну: тваё жаданьне ўжо ня ўлічваецца,
Галоўнае - не праспаць той момант, калі можна сунуць два пальцы ў рот.
ты становісься закладнікам арганізму, дурнога і фанатычнага, як і ўсё тэрарысты; як і ўсе тэрарысты, ён ставіць абсалютна невыканальныя ўмовы: зараз жа апынуцца ў гарызантальным стане, заплюшчыць вочы і адключыцца. Я праспаў і цяпер мог засоўваць у рот хоць усе пальцы на руках і нагах – марна.

Мне, аднак, было дваццаць чатыры. Я лічыў сябе здольным на подзьвіг. Я няцьвёрда ступаў па выпаленай сонцам зямлі і думаў пра тое, што паміж Sierra Branca і маім ложкам, урэшце, ня так шмат сьветлавых год, як здаецца.

Joseph Maclise, "Surgical Anatomy", 1856

На шчасьце, існаваў аўтобус, на якім ад Sierra Branca можна было безь перасадак за сорак хвілінаў даехаць да самых Шабаноў. Першы такі Ікар я, натуральна, прапусьціў, бо ягонае зьяўленьне выклікала ў мяне жах – ён быў перапоўнены. Няма большае жудасьці, чым ехаць атручанаму, улетку, у перапоўненым аўтобусе. Езьдзіць у перапоўненым аўтобусе – гэта спорт для бедных. Глядыятарскія баі крыважэрных сардынак. Паветра, як у школьнай разьдзявалцы. Асабістай прасторы менш, чым у труне. Але ня ехаць нікуды было яшчэ жахлівей.

Другі Ікар, трэці… І ўсе пад завязку. У чацьверты я ўлез і трохі званітаваў на тратуар перад тым, як за мной у аўтобус ускочылі яшчэ некалькі чалавек і дзьверы нарэшце зачыніліся. Гэта дало мне невялікі пярэдых. Я нават змог агледзецца вакол.

Чалавек я даволі паважнага росту, і таму я стаяў, узвышаючыся над астатнімі пасажырамі, і разглядваў іхныя лысіны, цемянныя ўпадзіны і плямы на кепках. Яны бачылі, што са мною адбылося, і ўсе як адзін з агідай адвярнуліся. Трымаючыся за поручань, я адчуваў сябе нібы чорны паўднёваафрыканец, які сеў у аўтобус “White only” у часы апартэіду.
Мне было сорамна.
У сіняватых лысінах і высакародных цемях адчувалася гнеўнае асуджэньне. Мне было сорамна. Я разумеў, што мяне зараз званітуе, і званітуе проста на іхныя галовы. Стрымліваючы хвалю, якая рвалася з майго нутра, і адчуваючы ў роце смак будучай ганьбы, я сьцяў зубы і вырашыў выйсьці на наступным прыпынку. Але нічога не атрымалася. На прыпынку нас, вязьняў “дзявяткі”, стала яшчэ больш. Ніхто ня выйшаў адсюль, сюды толькі пускалі, злосна падціскаючы азадкі. Аўтобус быў поўны мясцовых жыхароў, якія ехалі на заробкі ў раён МАЗу. Я гучна адрыгнуў. Жанчына пада мной нешта прамовіла, але я не разумеў ні слова на мове Sierra Branca.

Нечалавечым намаганьнем я здолеў прымусіць сябе праехаць яшчэ два ці тры прыпынкі і ўрэшце мяне вынесла з аўтобусу каля ўнівэрмагу “Беларусь”. Там я ўпаў на траву і даў волю ванітам. З вачэй паліліся сьлёзы, буйныя і чыстыя, як у прафэсійнай плакальніцы. Ня ведаю, колькі я праседзеў там, на траве, на кукішках, у прыватных Лукішках свайго атручаньня. А потым зноў залез у аўтобус.

У ім мне адразу ж пагоршала. І ўжо на наступным прыпынку я выскачыў і кінуўся да сьцяны найбліжэйшага дома. Там, пад мэмарыяльнай дошкай паэту Куляшову, мяне зноў званітавала. І гэтым разам працэс быў хутчэй катаваньнем, чым катарсісам. Зь мяне выходзіла жоўць.
Пакуты вядуць да прасьвятленьня.
У жоўты дзень, у жоўтым горадзе, каля жоўтага дома, у акне якога жаўцелі кветкі, з жоўтым шумам жоўтых аўтобусаў за сьпінай, я вывяргаў зь сябе жоўць, зеленаватую, зь белай пенай… Я, з жоўтым тварам хворага на ліхаманку. Трапічную ліхаманку Sierra Branca.

І зноў аўтобус, і зноў прыпынак… Адплёўваючыся, я сядзеў на лаўцы ў нейкім кустоўі. Кажуць, Сідхартха Гаўтама, ён жа Будда, памёр ад харчовага атручаньня. Не зусім памёр, вядома ж, а дасягнуў парынірваны – стану, калі яму ўжо ня трэба было далей перараджацца. Будда памёр у позе, у якой сядзеў і я: нахіліўшыся ўправа і прытрымліваючы рукой галаву. Пакуты вядуць да прасьвятленьня. Усе пакуты вядуць толькі да прасьвятленьня. Да сьвятла.

Сьвятло ўспыхвала на паверхні лужынаў, на вітрынах, на вокнах аўтобусаў, на шкле разьбітых бутэлек, на гузіках міліцыянта… Ён пагрозьліва параіў мне ісьці адсюль, зь ягонага ўчастку, ён не хацеў праблем. І я пакорліва пабрыў у бок Шабаноў, памячаючы чужы раён сваёй жоўцю, як цяжка паранены кот.

Эдуард Мунк, Крык, 1893-1910

Існуе псэўданавуковы спосаб высьветліць, чым жа ты атруціўся. Трэба па чарзе ўяўляць сабе ежу і напоі, якія спажыў. Калі дойдзеш да таго, што шукаеш, у нутрох запішчыць, загарыцца зялёная лямпачка, шлюзы адкрыюцца і цябе званітуе. Я пачаў перабіраць: усё пішчыць, усё зялёнае, усё жоўтае, усё колеру небясьпекі… Каб ачуняць, трэба ставіць сабе пытаньні.

Адзін прыпынак, другі... Колькі ў чалавеку жоўці! А колькі сьлёзаў! А якое цудоўнае слова – ваніты; а якая гэта цудоўная мэтафара! Яны прыйшлі ў літаратуру ня так даўно, раней літаратура збольшага ня мела ні малой, ні вялікай патрэбы, не псавала паветра – і не ванітавала. Ванітаваць магло толькі ад яе. А потым вырасьлі Les fleurs du mal. І паплыў “П’яны карабель" Рэмбо:

“Салодкая на смак, як дзецям кіслы яблык,
Сьціраючы сьляды ванітаў і віна,
Зялёная вада так вымыла караблік,
Што больш ні якара ня меў я, ні стырна”
(пераклад Андрэя Хадановіча)

І Готфрыд Бэн. І “Млосьць” Сартра. І безьліч іншых аўтараў і твораў. У беларускай літаратуры ваніты таксама паступова займаюць пачэснае месца.
Колькі ў чалавеку жоўці!
Генэрацыя пісьменьнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў канцы васьмідзясятых і ў дзевяностыя, далі нарэшце званітаваць сваім героям. Найноўшая літаратура не адстае. Напрыклад, Сяргей Календа напісаў “Помнік атручаным людзям”, зборнік прозы, які адкрываецца апавяданьнем “Ваніты”. Ваніты – паратунак ад атручаньня. Цікава, у колькіх беларускамоўных кнігах людзей ванітуе? А колькі было такіх кніг дваццаць гадоў таму? А колькі пасажыраў улазіць у адзін куплены калісьці ў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы патрыманы “Ікарус” вугорскае вытворчасьці?.. Вось гэтая жанчына, якую так прыціскаюць да мяне зводнікі-пасажыры – хто яна? Швачка? Прачка? На дудзе іграчка? Цікава, ці здольная яна кагосьці атруціць?

Звычайна атручаньнямі займаюцца жанчыны. Напэўна таму, што на працягу стагодзьдзяў іхнай стыхіяй была кухня. Месца, дзе адбываецца таемства стварэньня ежы. Ежы, куды можна чаго-небудзь дадаць. Якой-небудзь прыпраўкі бяз смаку і паху. Лепш ня думаць пра ежу. Каб ачуняць і не запэцкаць салён, трэба думаць пра што-небудзь прыгожае. Напрыклад, пра Мары Бэснар. Прыгожа гучыць, амаль як Мэрылін Манро.

Мары Бэснар называлі “людэнскай удавой”. Гэтая францужанка ў трыццатых-саракавых гадах атруціла з дапамогай мыш’яку сваіх мужа і сьвёкра і яшчэ адзінаццаць чалавек. Яна клала ім мыш’як у суп, потым у лекі і цёплае пітво, якое прапісваў наіўны тоўсты доктар.
Ваніты – паратунак ад атручаньня.
Ахвяры паміралі хутка, і кожны перад сьмерцю падазраваў Мары. І тым ня менш пасьля доўгага, шматгадовага судовага разбору мадам Бэснар адпусьцілі на волю. Бо, эксгумаваўшы трупы ўсіх ахвяраў, экспэрты сутыкнуліся зь нязвыклай праблемай. Мыш’як у трупах быў у вялікай колькасьці, ускосныя доказы таксама паказвалі на Мары, але падчас працэсу высьветлілася, што мыш’як можа зьяўляцца ў зямлі могілак і, адпаведна, у трупах сам, у выніку таемных працэсаў браджэньня глебы. І давесьці, што мыш’як у ахвярах Бэснар паходзіў з рук “людэнскай удавы”, стала немагчыма. Хаця ў яе вінаватасьці не сумняваўся амаль ніхто…

Дзякуй табе, Мары, непрыгожая, як мыш (па сьведчаньнях сучасьнікаў), і нясмачная, нібы мышаціна. Думкі пра твае паскудзтвы дапамаглі мне тады выжыць. Атруціўшы трынаццаць чалавек, ты так і скончыла свой жыцьцёвы шлях на волі. І што з таго, што ў Людэне на твой дом паказваюць, жагнаючыся. Я такі даехаў тады да Шабаноў. Уяўляючы, як ты жыла там, дзе мыш’яком дагэтуль труцяць пацукоў. Як ты мясіла нагамі вінаград і як ты апраналася ў царкву. Як ты плаціла ў маршрутцы. Як хадзіла ў кінатэатар “Салют” і вышывала крыжыкам. І як аднойчы на кухні табе прыйшла ў галаву адна ідэя…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG