Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць аб хваробах шчытападобнай залозы?


Вы яе ня бачыце, не адчуваеце, і большасьць людзей нічога ня ведае пра яе функцыі. Фактычна, большасьць людзей нічога ня ведае аб шчытападобнай залозе, нават калі яны маюць тыя ці іншыя сымптомы яе хваробы.


Шчытападобная залоза – гэта залоза ў вашай шыі даўжынёй 5-6 сантымэтраў у форме матылька. Гэта адна з залозаў, якія складаюць эндакрынную сыстэму чалавека. Яна вырабляе, захоўвае і распаўсюджвае праз кроў вельмі важныя гармоны, якія кіруюць дзейнасьцю нашы клетак. Гэтыя гармоны рэгулююць мэтабалізм або, інакш кажучы, выкарыстаньне нашым целам энэргіі і аказваюць сваё дзеяньне амаль на кожны наш орган. Яны ўплываюць на разьвіцьцё мозгу, на дыханьне, на функцыі сардэчнай і нэрвовай сыстэмаў, тэмпэратуру цела, сілу мускулаў, сухасьць скуры, мэнструальныя цыклі, вагу і ўзровень халестэрыну. Калі шчытападобная залоза вырабляе больш свайго гармону, чым нам патрэбна, то многія функцыі арганізму паскараюцца. У мэдыцыне гэта называецца гіпэртэрыёз. І наадварот, калі гэтага гармону мала, функцыі арганізму запавольваюцца – гэта называецца гіпатэрыёз.

Прыкметы захворваньня шчытападобнай залозы могуць быць вельмі розныя ў розных людзей. Да ліку агульных прыкметаў гіпэртэрыёзу належаць – нэрвознасьць, раздражнёнасьць, стомленасьць, слабасьць цягліцаў, парушэньне сну, непераноснасьць высокай тэмпэратуры, парушэньне сардэчнага рытму, панос, страту вагі і вальляк. Агульныя ж прыкметы гіпатэрыёзу – гэта стомленасьць, павелічэньне вагі, апухлы твар, непераноснасьць холаду, боль у суставах і мускулах, запоры, сухія і патончаныя валасы, зьменшанае паценьне, цяжкія і нерэгулярныя мэнструацыі, дэпрэсія і запавольваньне сардэчнага рытму.

Жанчыны больш схільныя да хваробаў шчытападобнай залозы, чым мужчыны. Большую верагоднасьць захварэць маюць таксама людзі, старэйшыя за 60 гадоў. Жанчынам з гіпэртэрыёзам вельмі важна кансультавацца зь лекарам перад тым, як зацяжарыць, бо такі стан у спалучэньні зь цяжарнасьцю небясьпечны рознымі ўскладненьнямі.

Хваробы шчытападобнай залозы паддаюцца лячэньню, аднак яго зыход залежыць ад тыпа хваробы і яе прычынаў. Ёсьць некалькі розных тэстаў, каб устанавіць хваробу і яе прычыны. Сучасная мэдыцына рэкамэндуе дарослым людзям, асабліва жанчынам, пасьля 35 гадоў здаваць спэцыяльны аналіз крыві кожныя пяць гадоў.

Асабліва рэкамэндуецца надаваць увагу шчытападобнай залозе і своечасова наведвацца да лекара жанчынам, калі:

– у іх ужо былі раней праблемы са шчытападобнай залозай, апэрацыі на ёй,

– калі нехта ў сям’і хварэў на адну з хваробаў шчытападобнай залозы,

– калі ў іх ёсьць нейкія аўтаімунныя хваробы, кшталту рэўматоіднага артрыту,

– дыябэт І тыпу,

– генэтычныя праблемы, напрыклад сындром Торнэра,

– калі ім больш за 60 гадоў,

– калі яны былі цяжарныя або нарадзілі ў працягу апошніх 6 месяцаў,

– атрымалі дозу радыяцыі ў раёне шыі або грудзей.

XS
SM
MD
LG