Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: “Адзіны валютны саюз — вельмі далёкая пэрспэктыва”


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Магчымасьць стварэньня ў пэрспэктыве адзінага валютнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі агучыў сёньня першы віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Ігар Шувалаў. Такое меркаваньне ён выказаў на Міжнародным эканамічным форуме дзяржаў-удзельніц СНД у Маскве.


Расейскі чыноўнік заявіў, што спачатку будзе створаная агульная эўразійская эканамічная прастора. Затым — на яе тэрыторыі адзіны валютны саюз.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч патлумачыў “Свабодзе”:

“Расейскі чыноўнік агучыў ідэю стварэньня рэгіянальнай валюты. Гэта — ня новая ідэя. Пра яе кажуць і на Арабскім Усходзе, і ў Лацінскай Амэрыцы, і ў Паўночнай Амэрыцы, і нават у Афрыцы. Стварэньне рэгіянальных валют — гэта традыцыйна наступны крок пасьля стварэньня эканамічных супольнасьцяў. Таму і прапанову спадара Шувалава трэба разглядаць як магчымую.

Іншая справа, ці патрэбна гэта Беларусі? Я асабіста лічу — не. У нас ёсьць свая валюта, якой мы можам і надалей карыстацца, маючы пэўны сувэрэнітэт у эканамічнай палітыцы. Тут няма куды сьпяшацца. Я вось назіраю за тым, што цяпер адбываецца ў Грэцыі. І лічу, што, калі б у гэтай краіны была свая валюта, а ня эўра, яна хутчэй выйшла б з крызісу, хутчэй збалянсавала попыт і прапанову.

Да таго ж мяне непакоіць, што ініцыятыва паходзіць з Масквы. Расейская эканоміка — сыравінная, нестабільная і няўстойлівая. І прывязвацца да яе небясьпечна. Сур'ёзнай эканамічнай базы для гэтай ідэі пакуль няма. І пра яе рэалізацыю можна казаць толькі ў вельмі далёкай пэрспэктыве”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG