Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Агафонаў адмовіўся ад ўдзелу ў выбарах


Арцём Агафонаў з сынам Федзем.

Арцём Агафонаў з сынам Федзем.

Лідэр менскай абласной арганізацыі “Маладых дэмакратаў” Арцём Агафонаў адмовіўся ад свайго вылучэньня кандыдатам у дэпутаты Любанскага райсавету.

Арцём Агафонаў сабраў неабходную колькасьць подпісаў, але адмовіўся здаваць падпісныя лісты ў раённую выбарчую камісію. Ён пайшоў на такі крок з-за ціску на настаўнікаў-сяброў апазыцыйных партый, сярод якіх і жонка Арцёма Агафонава Надзея.

У студзені начальнік Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі Таіса Данілевіч ультыматумам запатрабавала ад шэрагу настаўнікаў выйсьці з палітычных партый альбо звольніцца са школы па асабістым жаданьні.

Арцём Агафонаў патлумачыў:

“Наша ўлада ня хоча гуляць з намі нават па тых правілах, вельмі льготных для яе самой, якія яна сама ўстанавіла. Тая ж Таісія Данілевіч у такіх вось выразах гутарыла з настаўнікамі. Мы пісалі некалькі зваротаў і адказала толькі пракуратура. Адказ нас не задаволіў, бо праца была праведзена аднабока. Не былі дапытаныя настаўнікі, якія ад яе пацярпелі. Мая жонка была адной з пацярпелых ад гэтага свавольства”.

Паводле Арцёма, яго жонка таксама зьбіралася балятавацца. Але ў зьвязку з такім ціскам, яе “вырашылі вывесьці з-пад удару”. Арцём пакуль ня вырашыў, ці будзе ён прэтэндаваць на дэпутацкі мандат у абласны савет.

Камэнтуючы сытуацыю ў Любанскім раёне старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што ў Менскай вобласьці робіцца “нешта неверагоднае”:

“Агафонавы фігуравалі ў “справе настаўнікаў”. Яго жонку сярод іншых выклікалі да спадарыні Данілевіч. І паралельна ішоў ціск на яго, накат наогул на сям’ю – з упраўленьня адукацыі, з падатковай інспэкцыі. Накат пайшоў такі, каб яны ня толькі адмовіліся ад удзелу ў выбарчай кампаніі, а каб проста зьнішчыць, паказаць, што ў такіх невялікіх гарадках ня можа быць нейкай альтэрнатывы, думкі, дзеяньняў. У нас такая ж сытуацыя ў Крупках, дзе ідзе мацнейшы прэсінг на Ганну Бандарэнку і яе сям’ю, яны індывідуальныя прадпрымальнікі. Такая ж сытуацыя па Сьвіслачы, дзе нашага маладога актывіста прымусілі зьняцца з выбарчай кампаніі. Гэта невялікія раённыя цэнтры. А па другое, гэта там, дзе ёсьць канкурэнтназдольныя кандыдаты, якія значна мацней за тых, каго выстаўляе ўлада”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG