Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І Вярхоўны суд адмовіў “Залатому льву” ў рэгістрацыі


Алесь Масюк

Алесь Масюк

Сёньня Вярхоўны суд разглядаў скаргу слонімскіх актывістаў на рашэньне Гарадзенскага абласнога суду, які не задаволіў іх скаргі да абласнога ўпраўленьня юстыцыі ў справе адмовы ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Залаты леў». Вярхоўны суд пакінуў рашэньне абласнога бязь зьмены.

Згодна з рашэньнем абласнога суду, у статуце перавышаныя паўнамоцтвы праўленьня грамадзкай арганізацыі. А менавіта, згодна з пададзеным на рэгістрацыю статутам праўленьне нібыта мае паўнамоцтвы ўносіць зьмены ў статут, а гэта, маўляў, супярэчыць Грамадзянскаму кодэксу.

Актывіст Алесь Масюк сказаў нашаму радыё, што юрыст БХК сёньня даводзіў у судзе на канкрэтных вытрымках з статута і закону, што юрыдычных падставаў для таго, каб не рэгістраваць грамадзкую арганізацыю, няма.

У судзе, са слоў Масюка, яго моўчкі выслухалі і вынесьлі рашэньне: пакінуць у сіле рашэньне Гарадзенскага абласнога суду.

Нагадаю, што адной з прычынаў адмовы ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі чыноўнікі Ўпраўленьня юстыцыі называлі нават адсутнасьць тлумачэньня словазлучэньня «Залаты леў», якое нібыта супярэчыць статуту аб’яднаньня.
XS
SM
MD
LG