Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму Салігорскі суд асудзіў на 2,5 года «хіміі» мясцовую праваабаронцу Яну Палякову, якая праз тры дні павесілася ў сваёй кватэры. Што цяпер кажуць пра гэтую гісторыю ў Салігорску?

На апошнім судовым паседжаньні ў працэсе над Янай Паляковай пракурор раптам зьмяніў ёй абвінавачаньне, а судзьдзя пастанавіў працягваць працэс, хоць у такіх выпадках звычайна робяць перапынак на некалькі дзён, каб азнаёміцца з новымі матэрыяламі і падрыхтаваць абарону. Салігорская журналістка Ларыса Насановіч згадвае, што Яна Палякова ўспрыняла гэтае рашэньне, а потым і прысуд, моўчкі:

«Паседжаньне скончылася, і я кажу ёй: пішы скаргу ў абласны суд. Яна кажа, што ня будзе. Чаму? Я зьдзівілася, у тым ліку і тым, што яна на судзе сябе не абараняла, раней такога пра яе б не сказалі. А яна кажа: я ведаю, што буду рабіць».

Паводле Ларысы Насановіч, і праз год гісторыя Яны Паляковай застаецца не да канца зразумелай: чаму маладая жанчына, якая знаходзіла сілы дапамагаць іншым, наклала на сябе рукі? Некаторыя кажуць пра асаблівасьці яе псыхікі. Але большасьць тых, хто знаў Яну, мяркуюць, што галоўная прычына — яе канфлікт зь мясцовай міліцыяй і чыноўнікамі, якія падтрымліваюць адзін аднаго. Ларыса Насановіч згадала: некалькі месяцаў таму ў Салігорску актывісты распаўсюджвалі бюлетэнь, у якім апісвалася праваабарончая дзейнасьць Яны Паляковай. Хутка ў горадзе зьявіліся ўлёткі зусім адваротнага зьместу:

«У іх усё было з ног на галаву. Палякова ўжо не ахвяра, а яна сама вінаватая, яна навяла паклёп на гэтага міліцыянта. І гэтак далей. А той бюлетэнь, які мы распаўсюджвалі, яго ў асноўным склаў Сяргей Панамароў. Ён шуму нарабіў тут у Салігорску, людзі былі моцна ўражаныя».

Паседжаньне скончылася, і я кажу ёй: пішы скаргу ў абласны суд. Яна кажа, што ня будзе. Чаму? А яна кажа: я ведаю, што буду рабіць.
Актывіст з Клецку Сяргей Панамароў і цяпер бывае ў маці Яны Паляковай рэгулярна:

«Учора быў у яе, дапамог на кухні, пліту наладзіў, заўтра зноў паеду і 7-га буду таксама».

Неаніла Палякова, маці нябожчыцы, вельмі ўдзячная ўсім, хто прыяжджае да яе, у тым ліку проста адведаць:

«Дзякуй хлопцам, якія прыяжджалі, у тым ліку з рэгіёнаў. Тут у мяне былі праблемы з вадой, усе краны цяклі, зь цяплом. Дык падключалі домакіраўніцтва, палепшылі крыху. А то мы з дачкой колькі тут пражылі, заўсёды было холадна».

Што да суседзяў, паводле маці Яны Паляковай, яны ставяцца да яе гора па-рознаму. Ёсьць тыя, хто вельмі спачувае. Адна жанчына, былы мэдык, аказвае мэдычную дапамогу. Але ёсьць і такая суседка, якая пры сустрэчы адмыслова зьневажае. Маці Яны Паляковай перакананая: калі быў канфлікт яе дачкі зь мясцовым участковым, той нібыта настройваў супроць яе некаторых суседзяў. Ва ўсякім разе, калі Яна напісала заяву, што ўчастковы яе зьбіў, той дэманстраваў скаргі на яе саму. У Салігорску шмат людзей, абыякавых ня толькі да яе гора, а ўвогуле да чалавечага гора, кажа Неаніла Палякова.

Як склаліся лёсы тых прадстаўнікоў улады, якія год таму фігуравалі ў гісторыі Яны Паляковай? Міліцыянт Віктар Пугачоў, на якога праваабаронца, паводле суду, навяла паклёп, звольніўся зь міліцыі і цяпер працуе ў ахове. Судзьдзя Сяргей Бараўцоў працягвае судзіць. А вось што распавёў праваабаронца Валер Шчукін адносна пракурора, які нібыта аддаў загад завесьці справу на Яну Палякову:

«Менавіта паводле яго каманды завялі крымінальную справу, бо не салігорская пракуратура яе пачынала, а абласная. Дык вось, ён сам апынуўся на лаве падсудных паводле іншай справы».

Пасьля сьмерці Яны Паляковай шэраг праваабарончых арганізацый пасьмяротна ўзнагародзілі яе за праваабарончую дзейнасьць. Цягам году Неаніла Палякова спрабавала дамагчыся, каб завялі крымінальную справу паводле артыкула аб давядзеньні да самагубства, але як пракуратура, гэтак і суд адмовіліся заводзіць такую справу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG