Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускай эканоміцы не хапае замежных грошай. Пра гэта сёньня казаў Аляксандар Лукашэнка, які заслухаў даклад ураду аб прыцягненьні ў краіну замежных інвэстыцыяў. А ўдзельнікі пашыранага паседжаньня калегіі Міністэрства замежных спраў Беларусі абмяркоўвалі, чаму адмоўнае сальда зьнешняга гандлю краіны штогод павялічваецца.

Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў працу ўраду ў справе прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. Два апошнія гады іх аб’ёмы ў рэальным сэктары эканомікі няўхільна зьмяншаліся. Летась такіх грошай было ўсяго 420 мільёнаў даляраў, што на 38% меней, чым у 2008 годзе, — канстатаваў, спаслаўшыся на статыстыку, Аляксандар Лукашэнка:

«Некаторыя апраўдваюць такое падзеньне агульным зьніжэньнем інвэстыцыйнай актыўнасьці ў сьвеце. Мне ж падаецца, што тут пытаньне ня толькі ў інвэстыцыйнай актыўнасьці, а, у тым ліку, і ў безадказнасьці, у нежаданьні і няўменьні некаторых службовых асобаў эфэктыўна працаваць».

Лічбы гучалі і на паседжаньні ў МЗС. Так, летась адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі дасягнула 7 мільярдаў 281 мільёна даляраў ЗША. Гэта амаль на паўмільярда болей, чым было ў 2008 годзе. На нарадзе шмат казалі пра зьнешнеэканамічную дзейнасьць як усяго міністэрства, так і асобных амбасадаў.

Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец тлумачыць, чаму Міністэрства замежных спраў Беларусі аддае прыярытэт эканоміцы:

«Ім нічога не застаецца, як ператварыцца ў больш такую гаспадарчую інстытуцыю. Бо ў нас замежная палітыка вызначаецца ня столькі на прафэсійным роўні і разуменьні нацыянальных інтарэсаў. Даволі часта палітычныя рашэньні прымаюцца на ідэалягічнай аснове. І з гэтага гледзішча МЗС ня мае сваёй аўтаноміі, як гэта робіцца ў любой дэмакратычнай краіне. Таму, напрыклад, абмяркоўваць пытаньне аб наладжваньні дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам і што МЗС для гэтага можа зрабіць, міністэрства сёньня ня ў стане. І гэта — адлюстраваньне рэчаіснасьці.

Што яны могуць зрабіць? Гэта, сапраўды, — спрыяць павялічэньню таваразвароту. І хоць камусьці прадаць не заўсёды канкурэнтаздольную беларускую прадукцыю».

Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць: нельга адказнасьць за цяперашні стан рэчаў перакладаць толькі на ўрад, а тым больш на галоўнае зьнешнепалітычнае ведамства Беларусі:

«Мне падаецца, што тут хутчэй ня столькі МЗС вінаваты. Абставіны так складаюцца агульныя. Па-першае, сытуацыя ў сьвеце зусім не спрыяе. Па-другое, агульная палітыка беларускага кіраўніцтва таксама была не такой спрыяльнай. У адмоўным нашым сальда галоўнае прыпадае на Расею. Тут найбольшая ягоная велічыня. І я ня ведаю, якім чынам можна выправіць становішча пры такіх велізарных адмоўных велічынях».

Меркаваньне экспэрта Фёдарава пацьвярджаюць і наступныя лічбы: 3 мільярды 378 мільёнаў даляраў у адмоўным сальда (амаль ягоную палову) складаюць энэрганосьбіты. А іх Беларусь купляе пераважна ў Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG