Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ты з замежнай звалкі машыну якую прыцягнуў – цябе ўжо лічаць багатым”


Агляд тэлефанаваньняў за 4 сакавіка


Сьледчая ў асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлана Байкова, якая расьсьледавала справы высокапастаўленых чыноўнікаў сілавых структураў, арыштаваная супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У сувязі з гэтым адмыслоўцы выказваюць меркаваньні, што ў Беларусі распачаўся новы віток барацьбы сілавых ведамстваў за лідэрства ў краіне. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Органы КДБ арыштавалі высокапастаўленую міліцыянтку Сьвятлану Байкову за тое, што яна нешта супраць іх “капала”. Што тут скажаш? Вядома, што КДБ і МУС даўно ўжо ваююць паміж сабой за тое, хто зь іх бліжэйшы, хто зь іх больш ляяльны правадыру. А правадыр — як той арбітар: на чый бок ён стане, той і пераможца. Але і правадыру ня трэба забываць, што калі гэтыя два монстры, якіх ён сам і стварыў, раптам аб’яднаюцца супраць яго, то і правадыру мала не падасца. Таму што, напэўна, і ў яго за 16 год праўленьня грахоў больш, чым у сабакі блох”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў і магчымага прыходу да ўлады дэмакратычнай апазыцыі:

Спадарыня, Менск: “Той, хто будзе балятавацца ў мясцовыя саветы, павінен быць бліжэй да людзей. Яны павінны ведаць усё тое, што турбуе простых людзей, бо нельга дагрукацца да вышэйшага начальства. Яно вельмі далёка ад нас. А мы жадаем жыць, як жывуць у іншых краінах. Пагатоў абяцалі, што будзем жыць, як у Эўропе, ужо набліжаемся. Пастаўце такое пытаньне: трэба вярнуць ільготы на праезд, трэба, каб вышэйшыя структуры вярнулі грошы па ўкладах, многія ўжо не дачакаліся, зьнізіць кошт на камунальныя паслугі. Тое, што абяцаюць, павінны выканаць. Тады і будзе давер абраньнікам ад малога да вялікага”.

Спадар: “Пасьля прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў, калі пойдзе беларусізацыя: добра, калі чалавек працуе вартаўніком, дык можна хоць па-японску размаўляць. А вось як будзе справаводзтва, мэдыцына, будзе вельмі цяжка ўсю дакумэнтацыю перакласьці на беларускую мову. І ці патрэбна гэта? Дапусьцім, калі камунікацыя за мяжой, усе дакумэнты пойдуць на беларускай мове. Можа, я крышку перабольшваю, але мне не зразумелае гэтае пытаньне”.

Яшчэ адна тэма абмеркаваньня — папраўкі да Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх падвышаны штраф за расьпіцьцё алькагольных напояў і піва ў грамадзкіх месцах:

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Цяпер самая папулярная тэма — драконаўскія штрафы. Што тут зьдзіўляцца? Палітыка нашай улады зразумелая: калі мае чалавек дах над галавой, значыць, жыве добра. А калі з замежнай звалкі машыну якую дадому прыцягнуў, гэта ўжо занадта багаты і яго патрэбна ўжо раскулачваць, што ўжо і пачалося. Спачатку далі волю алькаголю, а цяпер пры дапамозе гэтай жа волі вырашылі папоўніць бюджэт. Гэтая барацьба вядзецца толькі з тымі парушальнікамі парадку, хто працуе, у каго ёсьць нейкая капейка за душой і хто ня мае дачыненьня да ўлады. Ад парушальніка з пустымі кішэнямі нічога не атрымаеш, а зьвяжасься з тым, хто пад шырокім гальштукам, — можаш сутыкнуцца зь непрыемнасьцямі. Вось таму ўвялі такія велізарныя штрафы, каб хто-небудзь адзін разьлічваўся ня толькі за сваё парушэньне, але і за парушэньне тых двух хлопцаў. Дый пратаколаў у 10 разоў менш складаць патрэбна, а прыбытак, наадварот, у столькі ж разоў большы атрымліваецца. Адным словам, дзяржаўная рэкетная сваволя”.

8 сакавіка ў Беларусі дзяржаўнае сьвята — Дзень жанчын. Летась напярэдадні сьвята жанчын скончыла жыцьцё самагубствам салігорская праваабаронца Яна Палякова. Тэлефанаваньні слухачоў:

Ніна Ярмалінская, Салігорск
: “7 сакавіка спаўняецца гадавіна з дня заўчаснай сьмерці салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай. У гэты дзень мы возьмем кветкі і пойдзем на могілкі, каб ушанаваць памяць нашай сяброўкі”.

Курневіч, Барысаў: “Грошы ў краінах на мацярынства ідуць, а на Беларусі жанчыны дабаўку толькі чакаюць. Жанчын са сьвятам БТ павіншуе, а дабаўка, як зязюлька ў лесе, пракукуе. Застаецца адна надзея, каб мужыкі мужыкамі былі, каб добра рабілі і не пілі, каб у кішэні грошы былі на ўтрыманьне сям’і. Са сьвятам вас, беларускія дарагія жанчыны!”

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG