Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ня будзе ўзбуджаная крымінальная справа ў рамках так званай “валожынскай справы”.


Гэта рашэньне зафіксаванае ў пастанове, якую падпісаў старшы сьледчы па найважнейшых справах пракуратуры Менскай вобласьці спадар Азарэвіч.

Аднак апазыцыйны палітык па-ранейшаму абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу — хуліганства і непадпарадкоўваньне законнаму распараджэньню службовай асобы.

15 лютага ў Валожыне адбылося судовае паседжаньне, на якім разглядалася справа актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, які ачольвае Анжаліка Борыс. На гэтае паседжаньне спрабаваў патрапіць і Анатоль Лябедзька. Аднак мясцовая міліцыя не прапусьціла яго ў залю. Тады апазыцыйны палітык паспрабаваў зрабіць здымкі на свой мабільны тэлефон.

Міліцыянты затрымалі апазыцыйнага палітыка і даставілі ў РАУС, дзе пратрымалі дзевяць гадзін. Там і склалі два пратаколы аб адміністратыўных парушэньнях.

Цяпер Анатоль Лябедзька чакае, чым скончыцца справа аб адміністратыўных правапарушэньнях. У размове са “Свабодай” палітык заявіў: “Абодва пратаколы —гэта ілжывая фальсыфікацыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG