Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у чаканьні паводкі


Паводка 2009 года на Віцебшчыне.
Паводка 2009 года на Віцебшчыне.

Мінулая надзвычай сьнежная зіма пагражае Беларусі вялікай паводкай. За апошнія паўстагодзьдзя ў Беларусі адбылося 12 буйных паводак. Самыя небясьпечныя зь іх здараліся ў 1979 і 1999 гадах. Узровень вады ў рэках тады павялічваўся на 6 мэтраў. У 1979 годзе ў Столінскім раёне ў вадзе літаральна плавалі 13 паселішчаў. Асабліва пацярпеў Давыд-Гарадок. Апошняя сур'ёзная паводка адзначалася ў 2004 годзе.

Паводле інфармацыі Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, сёлета паводка можа быць дастаткова сур'ёзнай. Таму народ да яе рыхтуецца. Ірына Цішкоўская, жыхарка Турава, што ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай аобласьці, распавяла:

«Нявесела, не зусім прыемна. Людзі рыхтуюцца, падымаюць вышэй, хто што можа. Хто там ужо даўно жыве – ускраек Турава, Дварэц, Азяраны, што ў пойме некалькіх рэк – яны ўжо ведаюць, як гэта адбываецца, рыхтуюць гумавыя боты, лодкі ў кожным двары ёсьць. Ну ладна, самі могуць выехаць, скарб вывезьці на лодках да сваякоў куды-небудзь вышэй. Але ж усё не перавязеш: і дровы ляжаць, і куры, гусі, парасяты паплывуць, і каровы... Ой, гэта не дай Бог... У мяне, напрыклад, цётка жыве ў такім месцы, што звычайна затапляецца, дык яна ўжо рыхтуецца, вяжа вузлы, падымае мэблю».

На паводку можа паўплываць мноства фактараў: вялікі сьнег, прамярзаньне глебы, працяглы безадлігавы пэрыяд, таўшчыня лёду на рэках, вялікія сьнегавыя запасы на тэрыторыі суседніх дзяржаваў. З сакавіка міністар у надзвычайных сытуацыях Энвэр Барыеў распавёў, што сёлета вызначаны 6 месцаў магчымых падтапленьняў: Палеская, Лоеўская, Добрушская, Слаўгарадзкая, Чаўская і Верхнядзьвінская зоны:

“Паводле папярэдняга прагнозу, паводка можа закрануць 77 населеных пунктаў, у якіх пражывае 54909 чалавек. Магчымай эвакуацыі можа падлягаць 3872 чалавека. Падтапленьні магчымыя на 1948 падворках, а таксама ў дзевяці месцах участкаў дарог”.

Міністр МНС Энвэр Барыеў распавёў, што ў межах праграмы інжынэрных мерапрыемстваў па абароне населеных пунктаў ад паводкі на Палесьсі на 2005-2010 гады пабудавана амаль 300 кілямэтраў дамбаў, 335 кілямэтраў каналаў, 36 помпавых станцый – такім чынам абаронена 29 населеных пунктаў, дзе пражывае болей за 20 тысяч чалавек. Зараз набываюць дадатковае абсталяваньне – маторныя лодкі, моталедарубы, бэнзапілы. Супрацоўнікі МНС абыходзяць літаральна кожны двор у небясьпечных раёнах.

Жыхарка Лоева Ірына пацьвердзіла гэта:

«Хадзілі па дварах прадстаўнікі МНС, глядзелі, якая абстаноўка, у каго што ёсьць, якая гаспадарка. Дзе ёсьць старыя самотныя людзі, будуць хоць ведаць, каго ў першую чаргу трэба будзе эвакуіраваць. Бо маладзейшыя, больш жвавейшыя самі будуць уцякаць і вывозіць сваё дабро, а шмат жа людзей у вёсках нямоглых, старых, якім няма каму дапамагчы. Можа, хоць дзяржава, службы МНС будуць дапамагаць».

Характар паводкі будзе залежыць ад таго, наколькі інтэнсіўным будзе пацяпленьне. Калі рэзка пацяплее – істотнай паводкі не пазьбегнуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG