Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беласток-Полацак” Латышонка прэзэнтуюць у Горадні


Алег Латышонак.

Алег Латышонак.

4 сакавіка ў Горадні адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі гісторыка Алега Латышонка “Беласток-Полацак”. Аўтар сустрэнецца з чытачамі ў Таварыстве беларускай школы.

Выдавец кнігі ВалерБулгакаў зазначае, што літаральна цягам году выйшлі чатыры кнігі Алега Латышонка. Летась гэта былі “Жаўнеры БНР”, “Нацыянальнасьць —беларус” і супольнае выданьне з Яўгенам Мірановічам “Гісторыя Беларусі з сярэдзіны ХVІІІ-га да пачатку ХХІ стагодзьдзя”. І вось цяпер зьявілася наступная кніга пад назвай “Беласток-Полацак”.

“Адкрывае том ягоны артыкул, які быў апублікаваны напачатку 1980-х гадоў у беластоцкім выданьні падпольнага руху “Салідарнасьць”. За гэты артыкул камуністычныя ўлады Польшчы распачалі супраць аўтара крымінальную справу і арыштавалі яго, тэрмін зьняволеньня доўжыўся восем месяцаў”.

Назва кнігі можа быць умоўнай, але таксама ў любым разе перадае яе зьмест.

Алег Латышонак тлумачыць:

“Гэта перш за ўсё мой сантымэнт, паколькі мой бацька лічыў сябе палачанінам, ён паходзіў з Шаркоўшчыны і быў перакананым крывічом і палачанінам, так мяне фактычна й выхоўваў. Так што ў мяне змалку неверагодны сантымэнт да Полацку, я любіў усё, што з Полацкам зьвязана, Усяслаў Чарадзей быў маім улюбёным героем”.

Зьмест сваёй новай кнігі “Беласток-Полацак” Алег Латышонак акрэсьлівае наступнымі словамі:

“Перш за ўсё, мая публіцыстыка пра Беласток, пра нашыя справы, таксама пра тое, як беластоцкі беларус бачыць Беларусь: яна для нас і родная, і часам дзіўная, нечаканая. Ёсьць яшчэ крыху пра белы сьвет, таму што я пісаў часам пра справы, якія далёка ад Беластоку і Беларусі дзеяліся”.

Валер Булгакаў, гаворачы пра Алега Латышонка як аўтара некалькіх новых кніг, зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:

“У Алега Латышонка ёсьць вялікая зацікаўленасьць Беларусьсю ў яе рэальным стане. Ён ня грэбуе часта прэзэнтаваць свае кнігі перад беларускімі чытачамі таксама ў правінцыі. Летась адбылося каля трыццаці прэзэнтацый з удзелам аўтара, прычым часамі ў надзвычай малых асяродках — у райцэнтрах, у мястэчках”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG