Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ягоная партыя ўзяла курс на мадэрнізацыю. У АГП на гэты конт правялі адмысловы “круглы стол”. Лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалай Статкевіч заяўляе, што яго партыя таксама мадэрнізуецца, але сама сабой з-за існуючых беларускіх рэаліяў.

Паводле Анатоля Лябедзькі, насьпела неабходнасьць рэарганізацыі некаторых партыйных структур АГП, а таксама пераход да выкарыстаньня інтэрнэту на агульным партыйным узроўні.

“Мадэрнізацыя – гэта ня што іншае, як крытычны погляд на саміх сябе. Калі гэтага ня будзе, то тады стагнацыя. Мадэрнізацыя пачынаецца з самога сябе. Пасьля ўчорашняга круглага стала я б так сфармуляваў задачу.

Калі ў нас, напрыклад, ёсьць камісія па адукацыі ці па працы з прадпрымальнікамі, то гэта значыць, што трэба сабраць камісію, запрасіць іх у Менск, заплаціць за квіткі... А, калі ў кожнага сябра камісіі ёсьць інтэрнэт, то можна правесьці паседжаньне, не выходзячы з кабінэту. Ня трэба траціць рэсурсы на квіткі і г.д.”

Анатоль Лябедзька зазначыў, што справа ня толькі ў ліквідацыі кампутэрнай непісьменнасьці, але і ў сыстэме кіраваньня. Ён прывёў прыклад: у партыі ёсьць Нацыянальны камітэт са 130 чалавек. Але ён пераўтварыўся ў рудымэнт. Калі раней аб’ядноўваліся дзьве партыі – Аб’яднаная дэмакратычная і Грамадзянская – спатрэбілася структура, у якой маглі б зьмясьціцца людзі, якія раней займалі нейкія пасады.

Анатоль Лябедзька лічыць, што цяпер насьпела неабходнасьць правесьці рэарганізацыю ўнутрыпартыйных структураў.

“Лепш замест гэтай структуры актывізаваць працу профільных камісій, каб яны былі не на паперы, а рэальныя. Гэта пытаньне занятасьці. Да нас прыходзяць людзі, але яны ж спэцыялісты з вышэйшай адукацыяй і іх можна выкарыстоўваць. Трэба ўдыхнуць жыцьцё ў камісіі. Мы прынялі рашэньне стварыць Экспэртную камісію, у якую б увайшлі і беспартыйныя”.

Напярэдадні зьезду АГП шукае памяшканьне для яго правядзеньня, але пакуль атрымлівае адмоўныя адказы. Анатоль Лябедзька лічыць гэта паказчыкам таго, што партыя выбрала правільны накірунак дзейнасьці, бо аморфнай структуры ніхто б ня стаў чыніць перашкодаў.

Лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалай Статкевіч заяўляе, што ў Беларусі ня можа быць традыцыйных клясычных партый з-за таго, што няма дэмакратычных выбараў.

“Партыя – гэта мэханізм правядзеньня выбараў ці падрыхтоўкі да іх, бо праз выбары партыі здольныя прыйсьці да ўлады і рэалізаваць сваю праграму. Асаблівасьць беларускай сытуацыі палягае ў тым, што ў нас ёсьць незарэгістраваныя партыі. Ад 2005 году “Народная грамада” дзейнічае без рэгістрацыі”.

Мікалай Статкевіч кажа, што пасьля таго, як у Крымінальным кодэксе зьявіўся дадатковы артыкул за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, то партыя сама па сабе мусіла мадэрнізавацца.

“Мы мусілі адмовіцца ад вялікай колькасьці папер. Мусілі адмовіцца ад усім вядомага офісу. Ад таго, на чым, груба кажучы, нас могуць злавіць. Навошта сакратаркі, калі ёсьць мабільны тэлефон? Навошта партыйны бюлетэнь, калі ёсьць сайт? СМС-камі можна паведаміць кароткую інфармацыю, ці дамовіцца аб сустрэчы. Ёсьць электронная пошта і дакумэнты існуюць у электроннай вэрсіі. Нас жыцьцё прымусіла мадэрнізавацца, каб паменшыць пагрозу рэпрэсіяў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG