Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр з 20-гадовым стажам: “Мы — кляс, які вымірае”


Сёньня ў канфэрэнц-залі сталічнага гатэлю «Беларусь» адбыўся рэспубліканскі сход, прысьвечаны 20-годзьдзю фэрмэрскага руху ў Беларусі. На форум зьехаліся больш за 60 фэрмэраў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Фэрмэрства пачало адраджацца ў Беларусі ў 1990-м годзе. Тады 84 чалавекі не пабаяліся рызыкнуць, узялі зямлю і пачалі працаваць самастойна. Пік разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак прыпадае на 1993-94 гады. Тады іх колькасьць дасягнула 5 тысяч. Паводле стану на 2009 год у Беларусі налічваецца 2108 фэрмэрскіх гаспадарак. Гутару са старшынёй Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў Канстанцінам Ярмоленкам, які стаіць ля вытокаў фэрмэрскага руху. Пытаюся, што зьмянілася за гэтыя 20 гадоў:

Канстанцін Ярмоленка
«Мне асабіста здаецца, што як гэтыя пытаньні былі ад самага першага моманту — зямля, крэдыты, фінансы, удзел уладаў у жыцьці фэрмэрства — так яны і засталіся да сёньняшняга дня».

Карэспандэнтка: «Ці адчуваеце вы падтрымку дзяржавы, клопат? Або кожны сам-насам са сваімі праблемамі?»

«Мне здаецца, з фэрмэрствам і рэформамі сельскай гаспадаркі так: альбо рэформы ёсьць, і дзяржава гэтыя рэформы праводзіць і ўзначальвае, альбо адбываецца імітацыя бясконцая, што нешта там робіцца... Ну, а фактычна адзін ці паўтара працэнта зямлі ў фэрмэраў за 20 гадоў — што яны ёсьць, што іх няма, як гэта ні крыўдна для саміх фэрмэраў».

На сходзе выступіла каля дзясятка ганаровых гасьцей: пачынаючы ад старшыні Саюзу прадпрымальнікаў Уладзімера Карагіна і заканчваючы прадстаўніком Міністэрства сельскай гаспадаркі Ўладзімерам Вараб’ём. Вось толькі ніводнаму фэрмэру, які насамрэч робіць на зямлі, слова чамусьці не далі. Таму фэрмэр з Крупскага раёну Васіль Баравуля пра набалелае мусіў гаварыць зь месца:

Васіль Баравуля
Уладзімер Верабей
Міхаіл Хіўранко
«Гэтае пытаньне не патрэбна чыноўнікам ад фэрмэрства, якія тут выступалі. Але ў гэтым пытаньні кроўна зацікаўленыя ўсе фэрмэры Рэспублікі Беларусь. І гэтае пытаньне, спадарства, вы ніколі ня ўздымеце. Гэта пытаньне наша, фэрмэраў. І сёньня, калі Саюз фэрмэраў не выступае за ўвядзеньне элемэнтаў прыватнай уласнасьці на зямлю, то мне сорамна за такі Саюз фэрмэраў».

Дарэчы, на пытаньне паспрабаваў адказаць чыноўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ўладзімер Варабей, які прапанаваў фэрмэрам быць больш ініцыятыўнымі:

«Вы ведаеце, што такое праект указу? Гэта паўгода працы. Была яшчэ прапанова: распрацаваць праграму разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак. Хто перашкаджае? Хто будзе распрацоўваць? Мы, чыноўнікі? Уносьце прапановы, абагульніце ўсё гэта, а ня трэба займацца танным папулізмам».

Міхаіл Хіўранко з Асіповіцкага раёну — адзін з тых 84-х фэрмэраў, якія першымі ўзялі зямлю ў 1990-м годзе. (Дарэчы, засталося працаваць з тых васьмі дзясяткаў чацьвёра.) Быў дырэктарам саўгасу, 20 гадоў таму ўзяў больш за 130 гектараў зямлі — палеткі, лес, урочышча, азёры. Пачынаў з вырошчваньня грэчкі, потым займаўся вырошчваньнем гародніны, бульбы, зараз займаецца насеньняводзтвам зёлак. Таксама выступае за прыватную ўласнасьць на зямлю. Што да дапамогі дзяржавы, кажа:

«На дзяржаву крыўдаваць няма чаго, таму што дурнаватая наша дзяржава, яна не разумее, што мы ж ня красьці хочам, а мы працуем. Дайце нам магчымасьць працаваць. Мы, фэрмэрскія гаспадаркі, напэўна б маглі ўзяць зямлю ў прыватную ўласнасьць, і потым на аснове гэтай прыватнай уласнасьці маглі б разьвівацца альбо буйныя фэрмэрскія гаспадаркі, альбо штосьці яшчэ».

Дарэчы, зараз фэрмэрскія гаспадаркі валодаюць толькі 1% зямлі. Вырабляюць яны крыху больш за 1% валавай сельскагаспадарчай прадукцыі. Найбольшая іх доля — у агародніцтве: яны вырошчваюць каля 10% усёй гародніны.

Ці ёсьць будучыня ў беларускага фэрмэрства? Фэрмэр з 20-гадовым стажам Міхаіл Хіўранко перакананы:

«Фэрмэрства, канечне, як кляс у будучыні ня будзе існаваць наагул. Чаму? Таму што зараз яно сацыяльна не запатрабаванае. Карпарацыі будуць стварацца, як ва Ўкраіне. Ужо ва Ўкраіне ёсьць магутныя карпарацыі з выдатнай тэхнікай — занялі добрыя землі, цудоўна працуюць, зь вялікай прадукцыйнасьцю працы. І фэрмэрам там ужо не знаходзіцца месца. Мы — кляс, які вымірае, гэта відавочна, гэта зразумела. Нам засталося мала».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG