Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Захараў сам сябе прызначыў, ніхто ў Фэдэрацыі не вылучаў яго”


Беларускія хакейныя заўзятары распачалі кампанію недаверу галоўнаму трэнэру нацыянальнай зборнай Міхаілу Захараву. Ініцыятары кампаніі лічаць выступ зборнай на Алімпіядзе ў Ванкувэры нездавальняючым. У адмысловай заяве гаворыцца, што менавіта пры Захараву склалася заганная сыстэма, калі ў галоўнай камандзе гуляюць “блатныя”, а тыя, хто насамрэч заслужыў гэта сваёй гульнёй, з асноўнага складу выціскаюцца. Падпісанты звароту мяркуюць: паколькі дэкляраваная напярэдадні Алімпійскага турніру задача-мінімум — трапіць у васьмёрку наймацнейшых — пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава дасягнутая не была, то цалкам справядлівым уяўляецца сыход трэнэрскага штабу ў адстаўку.


Госьць “Начной Свабоды” -- адзін з актывістаў кампаніі Васіль Соўсь.

Аляксей Знаткевіч: Васіль, а ці так ужо кепска выступіла беларуская зборная ў Ванкувэры? Усё ж такі перамаглі немцаў, Швайцарыі прайгралі па булітах...

Гэта сорамна казаць, што канадцы нічога не разумеюць у гульні хакей
Васіль Соўсь:
Мабыць, вынікі не такія ўжо і кепскія, але калі вы глядзелі гэтыя гульні, то ў гульні нашай зборнай не адчувалася ніякай трэнэрскай думкі. Гэта маё меркаваньне. Гэтыя ж самыя гульцы, якія гулялі летась і пазалетась, нічога не маглі супрацьпаставіць супернікам. Я і многія іншыя заўзятары лічым, што гэта правал менавіта трэнэрскага штабу зборнай.

Знаткевіч: У адмысловай заяве гаворыцца, што менавіта пры Захараву склалася заганная сыстэма, калі ў галоўнай камандзе гуляюць “блатныя”, а тыя, хто насамрэч заслужыў гэта сваёй гульнёй, з асноўнага складу выціскаюцца. Але наколькі заўзятары тут больш кампэтэнтныя за трэнэра, чаму іх меркаваньню наконт гульцоў варта верыць больш?

Соўсь: Не, гэта толькі адна з тых прэтэнзій, якія мы выстаўляем Захараву. Колькі людзей, столькі і меркаваньняў. Гульцоў шмат і многія маглі б паехаць. Гэта не асноўная прэтэнзія да Захарава. Асноўная ў тым, што ён абяцаў, што трапіць у васьмёрку і не выканаў сваё абяцаньне.

Знаткевіч: Мы папрасілі наведнікаў нашага сайту задаваць вам пытаньні. Алена запытваецца «А хто на вашую думку павінен быць трэнэрам нацыянальнай зборнай па хакею?»

як у любой іншай краіне, трэнэра павінна прызначаць Фэдэрацыя хакею, а Захараў сам сябе прызначыў, сам напісаў заяву, і яго нават ніхто ў Фэдэрацыі хакея не вылучаў на гэтую пасаду
Соўсь:
Ёсьць шмат добрых спэцыялістаў. Некалькі гадоў запар даволі пасьпяхова кіраваў зборнай Глен Хэнлан, але ж ён наўрад ці пагодзіцца яшчэ раз зайсьці ў адну і тую ж раку пасьля звальненьня. Ёсьць і маладыя беларускія спэцыялісты, той жа Андрыеўскі, можна згадаць беларусаў, якія працуюць у Расеі -- Крыкуноў, ёсьць і іншыя кандыдаты. Той жа Захараў казаў, што калі я не выканаю сваё абяцаньне ўвайсьці ў васьмёрку, то болей да зборнай я ніколі не падыду. А зараз ён кажа, што яму патрэбна яшчэ 4 гады, каб кіраваць зборнай.

Знаткевіч: На вашую думку, якая сыстэма прызначэньня галоўнага трэнэра беларускай зборнай па хакею павінна існаваць, каб яна была празрыстай і адпавядала чаканьням заўзятараў?

Соўсь: На маю думку, як у любой іншай краіне, трэнэра павінна прызначаць Фэдэрацыя хакею, а Захараў сам сябе прызначыў, сам напісаў заяву, і яго нават ніхто ў Фэдэрацыі хакея не вылучаў на гэтую пасаду.

Знаткевіч: Ці чакаеце вы, што да меркаваньня заўзятараў прыслухаюцца?

Соўсь: Прыслухаюцца, не прыслухаюцца, але мы абавязаныя выказаць сваю думку. Заўзятары розных узростаў, з розных рэгіёнаў, з Гомеля, Магілёва, Берасьця, Менску, якія сустракаліся, зараз выказваюць адну і тую думку, што Захараву трэба пакінуць сваю пасаду. І ня толькі таму, што зборная не паказала ніякай гульні, але і з прычыны ягоных выказваньняў пасьля гэтых гульняў у інтэрвію, калі ён зьневажальна выказваўся пра канадцаў, пра арганізатараў, жадаў ім паразы. Гэта сорамна казаць, што канадцы нічога не разумеюць у гульні хакей.

Знаткевіч: Адкажыце на такое пытаньне наведніка сайту “Свабоды”. “Заўзятары – гэта адэкватныя людзі? Якая ў сьвеце рэпутацыя ў беларускіх заўзятараў?

Соўсь: Заўзятары -- людзі адэкватныя. Сярод іх таксама ёсьць розныя людзі, як і больш спакойныя, так і больш агрэсіўныя. Але ж я думаю, што ў асноўным беларускія заўзятары адэкватныя.

Знаткевіч: А вы даўно заўзееце? Даўно наведваеце хакейныя матчы?

Соўсь: З 1988 году.

Знаткевіч: Як часта? Колькі разоў на месяц?

Соўсь: Я ўсе матчы наведваю клюбу, за які заўзею. За “Дынама” Менск.

Знаткевіч: А за зборную?

Соўсь: Зборная, на жаль, у Менску практычна не гуляе. Усе матчы праходзяць далёка. Але я пляную сёлета зьезьдзіць на чэмпіянат сьвету ў Нямеччыну.

Знаткевіч: Зьміцер запытваецца: “Чым хакей лепшы за футбол?”

Соўсь: Гэта як адказаць на пытаньне: “Каго больш любіш -- маму ці тату?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG