Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі патрабуюць прыпыніць паўнамоцтвы экс-амбасадара ў Беларусі


Зэеў Бэн-Ар’е піша беларускую дыктоўку, 2008 год
Зэеў Бэн-Ар’е піша беларускую дыктоўку, 2008 год

Рух за якасьць ураду ў Ізраілі накіраваў у Камісію па грамадзянскай службе, да генэральнага пракурора Егуды Вайнштэйна і прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньяху з хадайніцтвам аб неадкладным прыпыненьні паўнамоцтваў дыплямата Зэева Бэн-Ар’е.


Рух за якасьць ураду ў Ізраілі накіраваў у Камісію па грамадзянскай службе, да генэральнага пракурора Егуды Вайнштэйна і прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньяху з хадайніцтвам аб неадкладным прыпыненьні паўнамоцтваў дыплямата Зэева Бэн-Ар’е, падаюць ізраільскія СМІ.

Да канца 2008 году Зэеў Бэн-Ар’е працаваў амбасадарам Ізраілю ў Беларусі, потым — дарадцам кіраўніка МЗС па сувязях з Расеяй і краінамі СНД. Зусім нядаўна яго прызначылі амбасадарам Ізраілю ў Латвіі і Літве.

Учора дыплямат Бэн-Ар’е (да эміграцыі з СССР — Уладзімер Фланчык) быў дапытаны сьледчымі аддзелу па барацьбе з махлярствам і прызнаў сябе вінаватым у службовым злачынстве. Колішні амбасадар Ізраілю ў Беларусі пацьвердзіў, што скапіяваў сакрэтны дакумэнт, які ў 2008 годзе быў перададзены Тэль-Авівам праз амбасаду ў Менску непасрэдна для праваахоўных структураў Беларусі, а потым перадаў копію Авігдору Лібэрману, чыю зьвязаную з карупцыяй справу цягам амаль дзесяці гадоў расьсьледавала ізраільская пракуратура.

Гэта было ў кастрычніку 2008 году, калі пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах Лібэрман наведаў Беларусь. Тады ён яшчэ ня быў міністрам замежных спраў.

Дарэчы, падае ізраільскае выданьне Haaretz, Авігдор Лібэрман палюбіў Беларусь яшчэ задоўга да свайго прызначэньня на пасаду кіраўніка МЗС. Сваю зацікаўленасьць гэтай краінай ён актыўна пачаў дэманстраваць у 2004 годзе, калі займаў пасаду міністра транспарту ў кабінэце Арыеля Шарона. Тады ён выступіў з патрабаваньнем аднавіць дзейнасьць зачыненай на той час ізраільскай амбасады ў Менску, а таксама прапанаваў вылучыць на гэтыя мэты сродкі зь бюджэту ўласнага міністэрства. Потым, паводле ананімных крыніцаў у МЗС, Лібэрман усяляк спрыяў прызначэньню Бэн-Ар’е на пасаду амбасадара ў Менску. У 2008-2009 гг. Лібэрман наведаў Беларусь тройчы: два разы з афіцыйным візытам, а адзін раз, адразу пасьля выбараў, — каб адпачыць. Якая сапраўдная прычына такой вялікай сымпатыі да так званай «апошняй дыктатуры ў Эўропе», журналістам невядома.

Паводле крыніцаў Haaretz у структурах МЗС, кар’ерны рост дыплямата Зэева Бэн-Ар’е стаў нечаканым для многіх. Да таго як трапіць у Менск, а потым стаць дарадцам шэфа ізраільскай дыпляматыі па пытаньнях былога СССР і, нарэшце, амбасадарам у Рызе, Бэн-Ар’е займаў вельмі нязначную пасаду ў эўраазіяцкім адзеле МЗС.

Haaretz таксама цытуе адказнага чыноўніка ў ізраільскім замежнапалітычным ведамстве, які паведаміў, нібыта на пасадзе амбасадара ў Беларусі ён быў «зусім далёкі ад таго, што робіцца ў гэтай дыпляматычнай місіі» і «ўсе ведалі, што ён не выконвае абавязкаў амбасадара, а заняты перакладам паэзіі на расейскую мову».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG