Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спыніцца ціск на Незалежны прафсаюз “Азоту”?


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

Ціск на Незалежны прафсаюз на прадпрыемстве “Гродна Азот” часова прыпыніўся. Чатыры актывісты прафсаюзу падалі скаргі ў пракуратуру на тое, што іх прымушаюць выйсьці з арганізацыі. У ёй цяпер засталося менш за сто чалавек. Яны правялі сход, на які зь Менску прыехалі падтрымаць іх старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў.

Сябры Незалежнага прафсаюзу “Азоту” абмеркавалі сваё становішча. Генадзь Грынкевіч гаварыў пра стаўленьне да прафсаюзу з боку Ігара Жыліна — новага дырэктара, які быў запрошаны кіраваць “Азотам” з Расеі.

Грынкевіч: “Пры першых нашых сустрэчах з генэральным дырэктарам ён быў сапраўды чалавекам бізнэсу. Яго не цікавіла — хто ў якім прафсаюзе. Ён тады быў шчыры. Цяпер сытуацыя зьмянілася, не па ягонай волі. Значыцца, быў ужыты на яго канкрэтны ціск, і ціск моцны. Раз ён, чалавек, які ня бачыць апроч бізнэсу нічога, раптам убачыў арганізацыю, якая “перашкаджае”, “пляму”, — гэта зусім ня проста так”.

На сходзе.
Сяргей Ліпніцкі лічыць, што гутаркі прафсаюзьнікаў з дырэктарам “Азоту” пакуль нічога рэальна не зьмянілі:

“Ніякай палёгкі мы не атрымалі. Што яны нам кажуць — аптымізацыя вытворчасьці, колькасьці людзей. Што я зараз скажу — Антусевіч застанецца, а таго — “нахрэн”! Як я буду дзяліць людзей?! Гэты — добры, а гэты — дрэнны?! Уяўляеце, куды прафсаюз трапіць? Але я лічу, што цяпер галоўнае пытаньне — як абараніць гэтых людзей, якія апынуліся “пад мячом”.

Намесьнік старшыні незалежнага прафсаюзу “Азоту” Андрэй Ханевіч:

“Давайце аддзелім мух ад катлет. Генэральны — ён сам па сабе, а нашыя начальнічкі — самі па сабе. Ён зь іншай краіны да нас прыйшоў, ён ведае, што ў любы момант — узяў і саскочыў, а гэтыя застануцца тут”.


Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук станоўча ацэньвае тое, што прадстаўнікі Незалежнага прафсаюзу “Азоту” зьвярнуліся ў пракуратуру:

“Што ім рабіць? Таму што калі раней не было факту, бо не было прозьвішча, цяпер прозьвішча ёсьць. Гэты злашчасны начальнік цэху “ўліп”. Ім жа ніхто не дае пад расьпіску — ідзі прымушай выходзіць зь Незалежнага прафсаюзу. Што ім цяпер рабіць? Пракуратура павінна праявіць сябе. Паглядзім, мы ілюзіяў ня маем, але для нас любы вынік — ёсьць вынік. Тым горш для іх, калі яны сказалі, што недагледзелі, не даказана. Тады гэта — прысуд для заканадаўчай сыстэмы краіны. Усё. Чалавек даў паказаньні, рэакцыі ніякай”.

Васіль Корабаў
Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў сустракаўся з генэральным дырэктарам “Азоту” . Што думае спадар Корабаў наконт ціску на сябраў Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства?

Корабаў: “Ціск, я думаю, ня будзе спынены да тых часоў, пакуль ня будзе адказаў на тыя заявы, што паступілі ў пракуратуру. Можа, тады яны павернуцца тварам, але не да людзей, да закону. А тое, што адбываецца, яно адбываецца цягам апошніх чатырох гадоў. Мы чулі, як на зьезьдзе ФПБ выступаў прэзыдэнт краіны, і гэта было ў сродках інфармацыі потым агучана — што ніякіх незалежных прафсаюзаў у нас ня будзе. Гэты ціск пачаўся з канца 2005 году на ўсіх прадпрыемствах”.

На “Гродна Азоце” працуюць прыблізна сем тысяч чалавек, гэта самае буйное прадпрыемства ў Гарадзенскай вобласьці. У якасьці сыравіны ўжывае прыблізна дзесяць адсоткаў ад усяго прыроднага газу, які выкарыстоўвае Беларусь. Выпускае аміяк, карбамід, капралактам, вадкія азотныя ўгнаеньні, мэтанол, сэрную кіслату, біяпаліва, тавары бытавой хіміі.


На здымках: Аляксандар Ярашук; Васіль Корабаў; удзельнікі сходу.
XS
SM
MD
LG