Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвін: міністры назвалі Анджэя Крэмэра і Леаніда Гуляку


Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін пацьвердзіў карэспандэнту “Свабоды”, што рыхтуецца першае пасяджэньне польска-беларускай групы экспэртаў, якая мае ўзгадніць шляхі вырашэньня канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі.


”Але трэба яшчэ дамовіцца тэхнічна, — сказаў Генрык Літвін. — Учора сустракаліся міністры ў Будапэшце і ўзгаднілі, што гэта трэба хутка рабіць і што насамрэч ёсьць магчымасьць 9-га. Але трэба яшчэ папрацаваць над гэтым на тэхнічным узроўні. Магчыма, будзе 9-га, а магчыма, 10-га, — наконт гэтага, магчыма, яшчэ будуць зьмены”.

Міністры замежных спраў Польшчы і Беларусі назвалі прадстаўнікоў з абодвух бакоў — Анджэя Крэмэра і Леаніда Гуляку. Хто будзе ўваходзіць у склад групаў на ўзроўні экспэртаў, пакуль яшчэ ня вызначана, але гэта будуць прадстаўнікі ўрадаў. Таксама пакуль невядома месца пасяджэньня — Менск ці Варшава.

“Была сустрэча міністра Сікорскага з прэзыдэнтам Лукашэнкам, і было пагадненьне, што трэба рабіць сустрэчу экспэртаў пад кіраўніцтвам намесьнікаў міністраў. І гэта робіцца. А ці яны дамовяцца — мы гэта пабачым. Тое, што мы рыхтуем сустрэчу, яшчэ не азначае, што напэўна будзе пазытыўны эфэкт. Спадзяемся, калі будзе сустрэча, можа быць пазытыўны эфэкт”.

Рашэньне стварыць сумесную камісію экспэртаў для ўрэгуляваньня канфлікту вакол Саюзу палякаў было прынятае пасьля сустрэчы ў Кіеве 25 лютага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.

Пра тое, што экспэрты сустрэнуцца на наступным тыдні, паведаміў Радаслаў Сікорскі пасьля сустрэчы міністраў краінаў Вышаградзкай групы ў Будапэшце. Там ён меў гутарку зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Паводле спадара Сікорскага, міністар Мартынаў паведаміў, хто будзе прадстаўляць беларускі бок у гэтай групе. Спадар Сікорскі выказаў спадзяваньне, што яго сустрэча з прэзыдэнтам Лукашэнкам “пачынае даваць вынікі”, паведамляе Польскае радыё.
XS
SM
MD
LG