Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за 3 сакавіка


У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя саветы. Зараз адбываецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты і ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадарыня, вёска Квасоўка: “Добры дзень, Радыё Свабода! Наконт выбараў — якія могуць быць выбары? Дадуць колькі ім трэба працэнтаў. Пасьля гэтага будзеш ісьці на прыём да Лукашэнкі, дзьверы табе не адчыняць. Людзі — ніхто, з-пад малатарні салома. Як зь людзьмі, так і зь імі: выгнаць усіх да аднаго”.
Міліцыянт падыходзіць у парку да моладзі, якая п’е піва, і кажа: хлопчыкі, ведаеце, у нас дэмакратычная краіна, выбірайце самі, за што складаць пратакол


З 23 лютага ўступілі ў дзеяньне папраўкі да Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх падвышаны штраф за расьпіцьцё алькагольных напояў, у тым ліку і піва, у грамадзкіх месцах. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Міліцыянт падыходзіць у парку да моладзі, якая п’е піва, і кажа: хлопчыкі, ведаеце, у нас дэмакратычная краіна, выбірайце самі, за што складаць пратакол: ці вы брыдка лаецеся, ці вы плюяцеся тут, ці вы п’яце піва, ці няправільна сьпявалі гімн. Маладзёны адказваюць: пішыце пратакол за тое, што мы няправільна выконвалі беларускі гімн. Ведаеце, нашай Палаце прадстаўнікоў няма чым заняцца. Вось і прыдумляюць гэтыя дурныя законы. Людзі ня ўсе моляцца, а тут яшчэ і гімны раніцай сьпяваюць”.

Спадар: “У мяне ёсьць думка: не абурацца штрафамі пра расьпіцьцё сьпіртных напояў, а прапанаваць на суму дадзенага штрафу грамадзкую працу, нягледзячы на асобы, як гэта робіцца ў разьвітых краінах. Чыноўнікам, якія распрацоўваюць неразумныя дакумэнты, прайсьці мэдыцынскую камісію і пажыць у тых умовах, пра якія яны мараць і пішуць”.

Спадар: “Добры дзень, Свабода. Я званю наконт новага ўказу пра расьпіцьцё піва. Дзяржава рэклямавала піва па тэлевізіі фактычна да лютага: піце піва Рэчыцкае, піце піва Баброў, піце ўсё. Ладзіла піва-фэст каля Палаца працоўных рэзэрваў на Машэрава, які прывёў да ахвяраў у мэтро Няміга. За гэта павінен адказваць урад. Дзяржава, якой кіруе нянавісьць да свайго народу, ладзіць грамадзкую п’янку, у якой п’е моладзь, а потым кажуць, што ва ўсім вінавата апазыцыя. Апазыцыя тут ні пры чым, дзяржава ў адказе за спойваньне півам усіх маладых людзей, якія цяпер любяць выпіць піва. Я, пэнсіянэр, ня п’ю піва, таму што ведаю, што гэтым падтрымліваю гэтым рэжым антынародны. Ім бяз розьніцы, да чаго такое кіраўніцтва вядзе, сьпіўся чалавек, ня сьпіўся — халера яго бяры. Галоўнае, каб яго злавіць і 100 баксаў узяць”.

Працягваем праграму яшчэ адным тэлефанаваньнем:

Спадарыня, Менск: “Мядзьведзеў узяў групу прадпрымальнікаў і накіраваўся ў Францыю, каб вывучыць дзейнасьць французскіх прадпрымальнікаў. Пара і нашым кіраўнікам высокага рангу рабіць аналягічна. Тады падвысіцца прэстыж прадпрымальнікаў і будуць іншыя вынікі. А то мы толькі ведаем, як падвышаць цэны то на бэнзін, то на транспарт, то на кілбасу. Гэта ня вельмі папулярныя меры, але наш народ усё праглыне. Пройдзе пару месяцаў, і яшчэ нешта прыдумаюць: казну ж трэба папаўняць. Гэта самае простае, што можна зрабіць”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG