Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя дапыталі Ірыну Халіп і Андрэя Саньнікава


Ірына Халіп

Ірына Халіп

Журналістку Ірыну Халіп і яе мужа, каардынатара «Хартыі’97» Андрэя Саньнікава, сьледчы міліцыі Партызанскага раёну дапытаў у крымінальнай справе, распачатую КДБ паводле паклёпу на былога старшыню гомельскага УКДБ, які цяпер займае аналягічную пасаду ў Гарадзенскай вобласьці — Івана Каржа.

Сьледчы аддзелу дазнаньня міліцыі Партызанскага раёну Аляксандар Пазьняк цікавіўся, ці праводзілі журналісцкае расьсьледаваньне ў так званай «паляўнічай справе» Ірына Халіп і Андрэй Саньнікаў.

Паводле гэтай справы чатырох высокапастаўленых міліцэйскіх чыноўнікаў абвінавацілі ў злоўжываньні службовым становішчам, браканьерстве і незаконным ціску на супрацоўнікаў КДБ.

Ірына Халіп паведаміла «Свабодзе», што сьледчы апытваў яе і мужа па даручэньні КДБ. Ён задаў некалькі фармальных пытаньняў, у тым ліку — якое дачыненьне Андрэй Саньнікаў мае да сайтаў «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Ірына Халіп: «Усе асноўныя пытаньні тычыліся таго, ці ведаем мы гэтага Каржа, ці сустракаліся мы калі-небудзь са сваякамі міліцыянтаў, якіх арыштавалі па крымінальнай «паляўнічай справе». Пытаўся, ці перадавалі яны там нейкія дакумэнты, ці пісалі што-небудзь, ці разьмяшчалі мы якую-небудзь інфармацыю на сайце «Хартыі’97», якое дачыненьне мы маем да сайту і ці зьяўляемся мы яго каардынатарамі. Пытаўся, ці маем мы дачыненьне да сайту «Беларускі партызан».

Гэты допыт быў хутчэй звычайнай фармальнасьцю, чым жаданьнем нешта высьветліць.
Ірына Халіп лічыць, што мэтай допыту было не знайсьці новыя факты, а папярэдзіць журналістаў, каб тыя не займаліся пошукам матэрыялаў у справах, у якіх замяшаныя супрацоўнікі сілавых структур:

«Магу сказаць, што гэты допыт быў хутчэй звычайнай фармальнасьцю, чым жаданьнем нешта высьветліць. Ніхто ад нас не хаваў, што дзейнічаюць па даручэньні КДБ. Магу ўявіць сабе, што ім ня вельмі прыемна гэтым займацца. Атрымліваецца, што міліцыянты павінны выконваць даручэньне кадэбэшнікаў, якія пасадзілі ў турму іх жа калегаў. Мне падаецца, што мы былі не апошнія, каго выклікалі на допыт у гэтай справе. Гэта адна крымінальная справа, якая дазваляе праводзіць ператрусы на кватэрах журналістаў».

26 лютага сьледчы прыходзіў дадому да Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава, каб зьняць паказаньні, але яго не пусьцілі ў кватэру. У той жа дзень, крыху пазьней, правялі ператрус на кватэры шэф-рэдактаркі «Народнай волі» Сьвятланы Калінкінай. Носьбіты інфармацыі сьледчыя забралі з сабой.
XS
SM
MD
LG