Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка адмовілася адказваць на пытаньні сьледчага



Жонка актывіста Сяргея Каваленкі, які вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой ёлцы ў Віцебску, згодна з парадай адваката скарыстала сваё права не даваць паказаньні, якія могуць быць скарыстаныя супраць мужа.

Алена Каваленка кажа, што адказала ўсяго на адно пытаньне сьледчага з управы папярэдняга расьсьледаваньня УУС Віцебскага аблвыканкаму Андрэя Баранава. Яго цікавіла, ці ёсьць у іх дома швейная машынка.

Спадарыня Алена сказала, што няма, хаця пытаньне яе зьдзівіла: міліцыянты рабілі ператрус у іх дома, калі Сяргея затрымалі за сьцяг. Пытаньне пра швейную машынку тады не паўставала — канфіскавалі адно што некалькі незалежных друкаваных выданьняў.

Алена Каваленка мяркуе, што сьледчы спрабуе высьветліць, адкуль узяўся бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ейным мужам 7-га студзеня, і ці можна знайсьці верагодных саўдзельнікаў.

Разам з жонкай на допыт выклікалі і самога Сяргея Каваленку. Допыт распачаўся зранку зь перапынкам на абед і працягнецца пасьля 14-й дня. Сябра КХП-БНФ вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — за грубае парушэньне грамадзкага парадку і супраціў прадстаўнікам органаў унутраных спраў. За гэта Сяргею Каваленку пагражае да 6 гадоў турэмнага зьняволеньня.

XS
SM
MD
LG