Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нелюбоў рознага роду працаўнікоў нябачнага фронту, роўна як і бачнага, да фатографаў ды рэпартэраў даўна вядомая. Розныя спэцназы хаваюць свае твары пад маскамі-страшыдламі, а таптуны-правакатары ды разганялы мірных дэманстрантаў рвуць камэры з рук журналістаў. Самыя азьвярэлыя іх б’юць ці топчуць разам з гаспадарамі, самыя “лібэральныя” проста закрываюць аб’ектывы рукой ці штурхаюць фатографаў.


А што рабіць, калі здымае звычайны чалавек ды яшчэ неўпрыкмет? Балазе зараз гэтую мультымэдыйную функцыю мае ледзь ня кожны прас з электрачайнікам. Дык мала таго, што здымаюць, яшчэ і ў інтэрнэт сваю творчасьць выкладаюць.

У ДАІ Віцебскай вобласьці вырашылі не вынаходзіць ровар ды скарысталі стары правераны спосаб – загадзя інфармаваць сваіх супрацоўнікаў пра небясьпеку. Як любяць гаварыць ангельцы, "Forewarned — is forearmed" (Хто папярэджаны, той узброены).

Як паведамляе вядомы беларускі змагар за правы кіроўцаў, актыўны ўдзельнік інтэрнэт-форуму з красамоўнай назвай stop-gai.by, а таксама аўтар сайту resurs.by Фёдар Сухаў, у якасьці процідзеяньня грамадзянскаму асьвятленьню ў інтэрнэце дзеяньняў аўтаінспэкцыі, у Віцебскай вобласьці з мінулага году ДАІшнікі разьвешваюць па сваіх падразьдзяленьнях ўлёткі з фатаграфіямі і асабістымі дадзенымі кіроўцаў-актывістаў з надпісамі накшталт «Здымае ўсё на камэру і адпраўляе ў інтэрнэт». Як вядома, такія вышуковыя лісты звычайна суправаджаюць загалоўкам “Іх шукае міліцыя” альбо “Асабліва небясьпечны злачынца”.


Памятаецца, вядомаму “гоншчыку” Мянцюку такога гонару аказана не было. Ягоную сьціплую асобу доўгі час рука пільнай Фэміды “прашчупаць” не хацела. Зрэшты, гэта добры паказьнік і вагі народнай журналістыкі, і прыярытэтаў тых, хто мусіць бараніць паспалітых падаткаплацельшчыкаў ад такіх “лётчыкаў”.

Мяркуючы па прыкладзеным здымку, інтэрнэт-віжы пакуль непераможныя, бо імя ім народная стыхія. Хаця, як казаў вядомы пэрсанаж з “Трох мушкэтэраў”, няма такога народу, які нельга пасадзіць у Бастылію.

Але з другога боку, дзе цяпер тая Бастылія?...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG