Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч паскардзіўся на “Менскую спадчыну” ў Генпракуратуру


Антон Астаповіч.
Антон Астаповіч.

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры паінфармавала кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і Менгарвыканкам пра шэраг парушэньняў падчас рэстаўрацыйных працаў у гістарычным цэнтры Менску. Ва ўсіх выпадках адказнасьць за ігнараваньне нормаў ахоўнага заканадаўства старшыня таварыства Антон Астаповіч ускладае на заказчыка комплекснай рэканструкцыі Верхняга гораду — унітарнае прадпрыемства “Менская спадчына”.

Антон Астаповіч настойвае: кіраўнікоў “Менскай спадчыны” неабходна прыцягнуць як мінімум да адміністрацыйнай адказнасьці. Нягледзячы на нядаўні інцыдэнт з руйнаваньнем дома па вуліцы Рэвалюцыйнай, 24-а, што выклікала нэгатыўную рэакцыю нават у Міністэрстве культуры, “Менская спадчына” працягвае зьмяняць гістарычныя мясьціны сталіцы паводле свайго сцэнару. У прыватнасьці, ня маючы на руках праваўстаноўчых дакумэнтаў, яна пачала дэмантаж даху на помніку архітэктуры — адным з карпусоў мужчынскага бэрнардынскага кляштара на вуліцы Кірыла і Мятода, 8:

“Гэта так, бо “Менская спадчына” — заказчык аб’екту. Зараз, калі браць пад ўвагу ня толькі вуліцу Рэвалюцыйную, а глядзець на ўвесь гістарычны цэнтар, то самая праблемная кропка — гэта бэрнардынскі кляштар. Праблема ў сувязі з тым, што з будынка на вуліцы Кірыла і Мятода, 8 страху дэмантавалі без дазволу Міністэрства культуры. Гэтаксама на ўсю моц ідуць працы па Кірыла і Мятода, 6 на асноўным корпусе. Практычна няма ніякай станоўчай рэакцыі ні на зварот курыі, каб перадалі аб’ект каталікам, ні на зварот нашага Таварыства аховы помнікаў. Таму вельмі вялікая небясьпека, што мы проста страцім гэты помнік і будзе чарговы муляж з гатэлем і ўсімі астатнімі “прыбамбасамі”.

У сваім лісьце спадар Астаповіч удакладняе: будынкі па вуліцы Кірыла і Мятода, № 4, 6 і 8 унесеныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў як “комплекс будынкаў былога бэрнардынскага кляштара”. З гэтага вынікае, што “Менская спадчына” груба парушыла беларускае заканадаўства ў галіне захаваньня помнікаў гісторыі і культуры.

Антон Астаповіч піша, што толькі за апошнія два месяцы парушаны парадак правядзеньня працаў на гісторыка-культурных каштоўнасьцях “Сядзібны дом на плошчы Свабоды, 15” і “Дом па вуліцы Рэвалюцыйнай, 24-а”. Таварыства просіць Генэральную пракуратуру ў сувязі з сыстэматычнасьцю супрацьпраўных дзеяньняў правесьці праверку выкананьня прадпрыемствам заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны з прыцягненьнем да адказнасьці супрацоўнікаў, вінаватых у дапушчаных парушэньнях.

У аналягічным звароце ва Ўпраўленьне аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры спадар Астаповіч канкрэтызуе: скласьці пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні з боку дырэктара “Менскай спадчыны” спадара Шыкунца і галоўнага інжынэра Жыха і пачаць падрыхтоўку спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Ад кіраўніцтва Менгарвыканкаму таварыства просіць перагледзець сваё рашэньне ад 30 сакавіка 2006 году, згодна зь якім “Менская спадчына” выступае заказчыкам комплекснай рэканструкцыі, рэстаўрацыі, узнаўленьня і добраўпарадкаваньня гістарычнага цэнтру Менску, і пазбавіць прадпрыемства гэтага права за парушэньні заканадаўства і дыскрэдытацыю сыстэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

У офісе “Менскай спадчыны” паведамілі, што галоўны інжынэр Міхаіл Жых, упаўнаважаны размаўляць з журналістамі, да канца тыдня на бальнічным. Ягоны мабільны тэлефон не адказвае. Выслухаць пазыцыю зацікаўленага боку не ўдалося.

Тым часам Антон Астаповіч сьцьвярджае: пад бульдозэрную атаку “рэстаўратараў” ужо прызначаныя іншыя пабудовы ў гістарычным цэнтры:

“Мне таксама тэлефанавалі жыхары дому па вуліцы Рэвалюцыйнай, 32 — гэта самы апошні, кутні дом на гэтай вуліцы. Кажуць, што ў іх тыя ж самыя праблемы: “Менская спадчына” і іншая фірма-забудоўшчык “Фарт” фактычна “прыгаварылі” дом да зносу. Буду таксама сустракацца з жыхарамі, разьбірацца ў новых паваротах старой гісторыі”.

Колішні чыноўнік Менгарвыканкаму архітэктар Ўладзімер Папруга, які на пасадзе Галоўнага дзяржаўнага інспэктара адказваў якраз за захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны ў межах гораду, нежаданьне адных падпарадкоўвацца заканадаўству і абыякавасьць іншых да кантролю за відавочнымі парушэньнямі тлумачыць наступным чынам:

“Усё ўпіраецца ў вельмі просты момант — у наяўнасьць ці адсутнасьць прававой дзяржавы. Таму што калі дзяржава прававая, то такія рэчы ў прынцыпе немагчымыя. На гэта ёсьць кантрольныя і наглядныя органы, уся працэдура і спосабы абыходжаньня з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі вельмі дасканала і падрабязна апісаная. І з пункту гледжаньня права тое, што цяпер адбываецца ў гістарычным цэнтры, у прававых дзяржавах аб’ектыўна немагчыма. Вось і пытаньне: чаму так адбываецца? Калі права не працуе, то толькі адна выснова можа быць: значыцца, працуе тое, што вышэй за права. А вышэй за права — гэта крымінал, гэта карупцыя, гэта невыкананьне службовымі асобамі сваіх непасрэдных абавязкаў. А органамі нагляду — сваіх канстытуцыйных абавязкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG