Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўракамісія створыць адмысловую праграму для Беларусі


У 2011-2013 гадах Эўразьвяз прадставіць сваім суседзям больш за 5,7 мільярда эўра для ўмацаваньня палітычнага супрацоўніцтва і разьвіцьця эканамічнай інтэграцыі, паведамілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі. Таксама ў прадстаўніцтве паведамілі, што Эўрапейская Камісія разгледзіць спэцыяльную праграму для Беларусі. Як можа выглядаць адмысловая беларуская праграма? Ці можна сказаць, што ўвага Эўракамісіі да Беларусі актывізавалася апошнім часам? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Эўракамісія разгледзіць адмысловую праграму для Беларусі. Наколькі можа быць плённым гэты праект? Чаму Беларусь стала адзінай краінай, для якой Эўракамісія распрацоўвае адмысловую праграму?

Лагвінец
: Па-першае, варта адзначыць, што стасункі Беларусі з Эўразьвязам толькі наладжваюцца. Яны яшчэ не зьяўляюцца поўнафарматнымі і напоўненымі ва ўсіх сфэрах. За гады самаізаляцыі афіцыйнага Менску пэўныя фонды, што мусілі выдаткоўвацца Беларусі, былі проста замарожанымі. Беларусь сёньня – адзіная з усіх краінаў, суседзяў Эўразьвязу, якая поўнафарматна ня ўдзельнічае ў эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва.

Ёсьць пэўныя сродкі, якія маглі быць аддадзеныя Беларусі. Калі параўнаць тыя сродкі, якія выдаткоўваюцца Ўкраіне, Грузіі, Малдове, то розьніца не на нашу карысьць – у некалькі разоў, а часам у дзясяткі разоў. Вось чаму Эўразьвяз думае сёньня пра адмысловую праграму для Беларусі.

Цыганкоў: Калі параўнаць праграму добрасуседзтва з праграмай “Усходняе партнэрства”, то ці не падзеленыя тут пэўныя ролі? Адна праграма канцэнтруецца на палітычным партнэрстве, другая (добрасуседзтва) -- на падтрымку праектаў у сфэрах транспарту, энэргетыкі, аховы навакольнага асяродзьдзя і барацьбы з кліматычнымі зьменамі…

Лагвінец: Праграмы могуць называцца па-рознаму, але гэта адлюстраваньне адзінай палітыкі Эўракамісіі ў супрацоўніцтве з краінамі, што знаходзяцца на межах Эўразьвязу. Ніякай супярэчнасьці паміж гэтымі рознымі праграмамі я ня бачу.

Цыганкоў: Калі сёлета старшыняваць у Эўразьвязе пачала Гішпанія, то некаторыя аналітыкі выказвалі занепакоенасьць, што гэтая краіна будзе больш увагі надаваць адносінам з краінамі Міжземнамор’я, а беларуская тэма можа быць адсунутая. Аднак выглядае, што ўвага да Беларусі не зьмяншаецца.

Лагвінец: Увага да Беларусі не зьмяншаецца яшчэ з той прычыны, што Эўразьвяз вельмі неаднародны. Да таго ж краіна-старшыня не вырашае пытаньні, яна толькі можа ўносіць іх у парадак дня. У Эўракамісіі ёсьць свае сродкі, для замежнай дзейнасьці яна мае, калі не памыляюся, каля 8 мільярдаў эўра ў год.

Эўракамісія прымае рашэньне ў залежнасьці ад таго, якія ёсьць прыярытэты, які ёсьць патэнцыял для далейшага разьвіцьця. А Беларусь якраз мае вялікі патэнцыял для разьвіцьця адносінаў з ЭЗ, бо з-за самаізаляцыі афіцыйнага Менску сёньняшнія нашы стасункі пакуль што “ў мінусе”.

Таксама адзначу, што Эўракамісія – якраз тая інстытуцыя, якая мусіць ахоўваць інтарэсы Эўразьвязу і дзейнічаць у адпаведнасьці з каштоўнасьцямі, на глебе якіх створаны Эўразьвяз. Можа ў адрозьненьні ад ўрадаў дзяржаваў-чальцоў, менавіта Эўракамісія дбае пра пашырэньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Можа таму менавіта Эўракамісія будзе ўвесь час уздымаць пытаньне правоў чалавека, дэмакратыі і правоў меншасьцяў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG