Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле дадатковых артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу, за здачу кватэры ці пакоя ў арэнду без адпаведнага афармленьня і выплаты падаткаў давядзецца заплаціць штраф 3,5 мільёна рублёў, а ў выпадку грубага зафіксаванага парушэньня суд можа канфіскаваць саму кватэру. На дапамогу фіскальным органам прыйдуць міліцыянты і «суседзі-добразычліўцы».

Людзі, якія здаюць кватэру, не афармляючы дамову арэнды і ня сплачваючы падаткі, рызыкуюць страціць і грошы, і кватэру. Паводле заканадаўства, яны займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Участковыя інспэктары міліцыі будуць займацца пошукам такіх кватэраў і складаць адміністрацыйныя пратаколы на парушальнікаў заканадаўства. Кіраўнік аддзелу аховы правапарадку Савецкага раёну Менску Аляксандар Млынарчык запэўніў, што яго падначаленым няцяжка будзе даведацца адрасы такіх кватэраў.

У міліцыянтаў участковых заўсёды ёсьць інфармацыя наконт здачы кватэраў.
«У міліцыянтаў участковых заўсёды ёсьць інфармацыя наконт здачы кватэраў. Тым больш што й суседзі самі скардзяцца, калі кватэра здаецца, хоць на суткі, хоць на некалькі гадоў. Пішуць, каб высьветлілі, ці плаціць сусед падаткі за яе і ўсё такое. Паводле закону аб зваротах грамадзянаў мы выконваем усе неабходныя мерапрыемствы. Наша кіраўніцтва просіць, каб участковы быў бліжэй да народа, так што нам такую інфармацыю няцяжка атрымаць».

Што тычыцца кватэраў, якія здаюцца на суткі без адпаведнага афармленьня, то, паводле міліцыянтаў, суседзі даволі часта тэлефануюць і пішуць заявы, каб праверылі, ці адпавядае заканадаўству арэнда, бо такое суседзтва, натуральна, ня ўсім даспадобы. Тым больш, што некаторыя кватэры здаюцца нават пагадзінна.

Часам нядобрасумленныя арандатары, каб не плаціць грошай, пагражаюць уладальнікам кватэраў, што заявяць на іх у падатковую інспэкцыю. Штраф за здачу кватэры бяз сплаты падатку быў прадугледжаны і раней, але цяпер яго памер значна павялічыўся. І, самае галоўнае, законам цяпер прадугледжана канфіскацыя жытла.

Пэнсіянэрка Яўгенія Чыжоўская распавяла «Свабодзе», што раней здавала два пакоі сваёй трохпакаёўкі і плаціла падаткі. Але летась новы кватарант, даволі забясьпечаны малады чалавек, сам параіў ёй не зьвяртацца ў падатковую. Ён заплаціў за два месяцы, а потым усё абяцаў, што заплаціць, як толькі будуць грошы. У выніку ён завінаваціўся 4 тысячы даляраў.

Жанчына бачыла, што малады чалавек езьдзіць на шыкоўным аўтамабілі, а ягоная сяброўка адчыніла ўласны салён. Калі ж пэнсіянэрка папрасіла кватарантаў зьехаць і прыгразіла, што па грошы зьвернецца ў суд, то кватаранты патлумачылі ёй, што яна такім чынам можа страціць яшчэ больш.

«Мне ў пракуратуры сказалі, што такая сытуацыя ня толькі ў мяне. Мне пракурор казаў, што такая сытуацыя пагалоўная ў нас у горадзе. Прыехала ягоная дзеўка з Англіі. Я кажу: „У вас сумленьне ёсьць? Я плачу за ваду, за сьвятло“. А яны кажуць, што крызіс, няма грошай. Усё казалі, што вось у наступным месяцы, і ўсё. А я ж ведаю, што такое 105 тысяч падатку. У мяне застаецца 30 тысяч, і няма з чаго падатак плаціць».

За апошнія два месяцы ахвотных здаць кватэры ў арэнду значна больш, чым тых, хто можа за гэта плаціць грошы.
Рыэлтар менскага агенцтва нерухомасьці Ірына Грыбава некалькі гадоў спэцыялізуецца на арэндзе памяшканьняў. Яна паведаміла, што за апошнія два месяцы ахвотных здаць кватэры ў арэнду значна больш, чым тых, хто можа за гэта плаціць грошы. Паводле назіраньняў рыэлтараў, амаль кожны другі здае кватэру без адпаведнага афармленьня.

«Больш прапановаў, чым саміх кліентаў. Курс даляра быў больш-менш сувымерны з заробкамі. 250 даляраў — тады і цяпер, плюс камунальныя, плюс падатак, калі нехта заключае дамову. А пры нашых заробках вялікіх каля 500 тысяч — самі разумееце. Падатак — 35 тысяч у месяц на пакой, а калі два пакоі, ідзе яшчэ каэфіцыент на раён. У залежнасьці ад раёну можа быць паўтары ці дзьве базавыя велічыні. У цэнтры гораду — 75 тысяч з аднаго пакоя плюс яшчэ 75 тысяч. Адзін толькі падатак колькі абыдзецца».

Назіральнікі лічаць, што новы артыкул дасьць магчымасьць цягам кароткага часу папоўніць бюджэт за кошт штрафных санкцыяў. Але потым бюджэт будзе папаўняцца за кошт арэндадаўцаў, якія, асьцерагаючыся суседзкіх даносаў, панясуць грошы ў падатковыя інспэкцыі. Паводле судовай практыкі, канфіскаваць кватэру могуць у выпадку грубага парушэньня — напрыклад, калі арэндадаўцу неаднойчы штрафавалі за нелегальны бізнэс.

У Міністэрстве падаткаў і збораў адмаўляюць магчымасьць канфіскацыі кватэраў. "Перад тым, як здаваць кватэру, яе ўладальнік павінен зарэгістраваць дамову (напрыклад, у ЖЭСе) і стаць на ўлік у якасьці плацельшчыка, -- цытуе Камсамольская Праўда прэс-сакратара Міністэрства падаткаў і збораў Сяргея Шкута. -- Няўплата падатку караецца штрафам, канфіскацыя памяшканьня ў дадзеным выпадку не прадугледжаная".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG