Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Допыт беларускай пракуратурай генэрала Ўсхопчыка быў пазытыўна ўспрыняты літоўскім кіраўніцтвам. Ці паспрыяе гэта паляпшэньню адносін? Як Літва ставіцца да будаўніцтва паблізу мяжы беларускай АЭС? Ці прыедзе Лукашэнка на сьвяткаваньне юбілею літоўскай незалежнасьці?


Удзельнікі: дырэктар Цэнтру грамадзка-палітычных стратэгій Віргініюс Савукінас зь Вільні і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.


“Справа генэрала Ўсхопчыка”

Валер Карбалевіч:
“Вядома, што справа Ўсхопчыка была перашкодай да паляпшэньня беларуска-літоўскіх адносін. І вось, здаецца, сытуацыя зрушылася зь мёртвага пункту. Допыт беларускай пракуратурай генэрала Ўсхопчыка быў пазытыўна ўспрыняты літоўскім кіраўніцтвам. Як гэта паўплывае на разьвіцьцё беларуска-літоўскіх дачыненьняў?”

Віргініюс Савукінас
Віргініюс Савукінас: “Жэст беларускага боку пазытыўна ацэнены ў літоўскіх палітычных колах. Аднак гэтага мала. Патрэбна, каб літоўскія пракуроры задалі пытаньні Ўсхопчыку. То бок патрэбныя новыя крокі зь беларускага боку”.

Андрэй Фёдараў: “Відавочна, што сытуацыя зрушылася зь мёртвага пункту. Сапраўды, застаецца пытаньне, што далей. Калі літоўскія пракуроры прасілі, але не змаглі задаць пытаньні Ўсхопчыку, то ў афіцыйнай Вільні будзе пэўнае незадавальненьне”.

Карбалевіч: “Думаю, літоўскія праваахоўныя органы хацелі б бачыць Усхопчыка ў Літве. Але праблема тут шырэйшая. Падаецца, што беларускія ўлады добра разумеюць лёгіку паводзінаў палітыкаў суседніх краін ЭЗ і эфэктыўна на гэтым гуляюць. Усім зразумела, што выдаваць генэрала Ўсхопчыка Беларусь не зьбіраецца. Але афіцыйнай Вільні дастаткова і такога жэсту добрай волі, каб успрыняць гэта як рашучы крок.

Нешта падобнае адбываецца і ў дачыненьнях Беларусі з Польшчай. Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з польскім міністрам замежных спраў Сікорскім у Кіеве Варшава ўздыхнула з палёгкай. То бок — тая ж лёгіка: усім зразумела, што праблема ня вырашаная, але суседнім палітыкам дастаткова жэсту, каб заявіць аб прагрэсе і працягваць дыялёг”.

Савукінас: “Сапраўды, сытуацыя з Польшчай вельмі падобная. Жэсты Лукашэнкі нагадваюць паказуху. Мы ж ня ведаем, якія пытаньні задалі Ўсхопчыку беларускія пракуроры, якія яны атрымалі адказы. Павінны быць новыя крокі. Але, думаю, новых крокаў у “справе Ўсхопчыка” ня будзе. Падаецца, што літоўскі ўрад ня будзе задаволены толькі гэтым жэстам”.
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: “Мне таксама падаецца, што большасьць палітычнай эліты Літвы ўспрыме гэты жэст як недастатковы. Так, гэтыя міралюбныя крокі беларускіх уладаў былі ўспрынятыя з палёгкай і ў Варшаве, і ў Вільні. Але калі праз пэўны час новых крокаў ня будзе, свае абяцаньні афіцыйны Менск ня выканае, то рэакцыя будзе нэгатыўнай, сытуацыя вернецца да ранейшага статус-кво”.

Карбалевіч: “Усё залежыць ад таго, што лічыць выкананьнем абяцаньняў. Калі вярнуцца да беларуска-польскіх дачыненьняў, то цалкам верагодна, што камісія экспэртаў будзе створаная, яна будзе шмат засядаць. Але які вынік?”

Будаўніцтва беларускай АЭС і адносіны з Літвой

Карбалевіч: “Сёньня ў аўторак у Вільні адбываюцца грамадзкія слуханьні аб будаўніцтве беларускай АЭС з удзелам чыноўнікаў зь Беларусі. Наколькі важная для Літвы гэтая праблема?”

Савукінас: “Гэта важная тэма. Бо Літва таксама зьбіраецца будаваць АЭС на тым месцы, дзе стаіць зачыненая Ігналінская станцыя. Расея абвясьціла, што пабудуе АЭС у Калінінградзкай вобласьці. То бок тры праекты ў адным рэгіёне. Вядома, што Літва, як і Беларусь, пакуль знаходзіцца ў былой савецкай сыстэме энэргазабесьпячэньня. Літва хацела б выйсьці зь яе. Калі ж будуць пабудаваныя новыя АЭС у Беларусі і Калінінградзкай вобласьці, то Літва ня зможа выйсьці з старой савецкай сыстэмы энэргазабесьпячэньня”.

Фёдараў:
“Усё будзе залежаць ад таго, як гэтая беларуская АЭС будзе ўплываць на прыроднае асяродзьдзе. Пакуль эколягі дакладных адказаў ад беларускіх уладаў не атрымалі. Калі Літва не атрымае гэтых адказаў, то можа паскардзіцца ў МАГАТЭ. Гэта можа стварыць праблемы ў беларуска-літоўскіх стасунках”.

Карбалевіч:
“Ці запросяць Лукашэнку на сьвяткаваньне юбілею літоўскай незалежнасьці?”

Савукінас: “Прагнозы — рызыкоўная справа. Думаю, на 80% Лукашэнка будзе запрошаны. Бо жэст добрай волі ў “справе Ўсхопчыка” ён зрабіў”.

Фёдараў:
“Пагаджуся з сп. Савукінасам. Больш шанцаў, што Лукашэнка будзе запрошаны”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG