Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога ізраільскага амбасадара ў Беларусі выклікалі на допыт у паліцыю


Зэеў Бэн-Ар’е

Зэеў Бэн-Ар’е

Былы амбасадар Ізраілю ў Беларусі, а цяпер супрацоўнік ізраільскага МЗС Зэеў Бэн-Ар’е (да эміграцыі з СССР — Уладзімер Фланчык) быў дапытаны сьледчымі аддзелу па барацьбе з махлярствам у сувязі з падазрэньнем у стварэньні перашкодаў сьледзтву, ашуканстве, парушэньні грамадзкага даверу і парушэньні рэжыму працы з сакрэтнымі дакумэнтамі.

Сёньня па гэтай жа справе быў дапытаны кіраўнік МЗС Ізраілю Авігдор Лібэрман, падаюць мясцовыя СМІ.

Паводле прэсавай службы паліцыі, справа зьвязаная з сакрэтным зваротам міністэрства юстыцыі Ізраілю ў 2008 годзе да праваахоўных структураў Беларусі з просьбай аказаць падтрымку ў расьсьледаваньні супраць Лібэрмана. Гэты дакумэнт са строга канфідэнцыйнай інфармацыяй быў перададзены адпаведным адрасатам. Аднак ізраільскаму амбасадару ў Менску ўдалося скапіяваць яго і азнаёміць зь ім самога Лібэрмана, калі той прыяжджаў у Беларусь у кастрычніку 2008 году. Паведамляецца, што Бэн-Ар’е ужо прызнаў сябе вінаватым у службовым злачынстве.

Як адзначае прэсавая служба ізраільскай паліцыі, цяпер сьледчымі таксама правяраецца інфармацыя адносна ўдзелу Лібэрмана ў кар’ерным прасоўваньні Бэн-Ар’е. Пасьля дыпляматычнай службы ў Менску ён заняў пасаду дарадцы кіраўніка МЗС Ізраілю па сувязях з краінамі былога СССР і суправаджае міністра ў паездках па краінах СНД.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG