Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскай “Яме” ўшанавалі памяць ахвяраў габрэйскага пагрому


На мэмарыяльным комплексе “Яма” адбылася жалобная імпрэза, прысьвечаная 68-й гадавіне пагрому ў габрэйскім гета Менску. Памяць ахвяраў нацызму прыйшлі ўшанаваць прадстаўнікі ўлады, дыпляматычнага корпусу, былыя вязьні.


Габрэйская малітва “кадыш” прагучала на заканчэньне жалобнага мітынгу. А на яго пачатку слова бралі амбасадар дзяржавы Ізраіль Эдуард Шапіра, прадстаўнік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў Міхаіл Рыбакоў, а таксама арганізатары памятнай імпрэзы. Адзін зь іх, намесьнік старшыні Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў Уладзімер Чарнецкі, сказаў:

Прамаўляе Якаў Шапіра
“Пагром 2 сакавіка быў адным з самых буйных. Як сказаў нядаўна адзін з былых вязьняў — ён і зараз тут стаіць — Леанід Рубінштэйн, што, магчыма, з гэтага пакаленьня зьвіліся б новыя вучоныя, новыя Шагалы, але іх няма. Ахвяраў магло быць і больш, калі б ня людзі, алея ў гонар якіх зараз засыпаная сьнегам. Гэта праведнікі сьвету — беларусы, людзі іншых нацыянальнасьцяў, якія ў гады вайны ратавалі габрэяў, рызыкуючы ўласным жыцьцём. Нізкі ім паклон”.

Жалобныя імпрэзы ў памяць ахвяраў першага пагрому ў менскім гета сталіся традыцыйнымі ад часу адкрыцьця другой часткі мэмарыяльнага комплексу “Яма” ў 2000 годзе. Але ацалелыя вязьні менскага гета прыходзілі сюды яшчэ ў 70—80-я гады, калі трагедыю габрэяў ваеннай пары і пратэсты савецкага часу ўлады стараліся замоўчваць, кажа адзін зь вядомых грамадзкіх дзеячаў, гісторык і публіцыст Якаў Басін:

Якаў Басін
“Мы з вамі стаім на касьцях. Але гэтае месца важнае для нас ня толькі таму, што тут ляжаць нашы браты, сёстры, дзядзькі і цёткі. Гэта адзіны такі помнік у цэнтры гарадоў былога Савецкага Саюзу, які захаваўся са сталінскіх часоў. А пасьля, у 70—80-я гады, гэтае месца сталася месцам мітынгаў габрэяў у барацьбе за выезд з СССР. Гэта сьвятое месца, і я спадзяюся, што яно ніколі ня будзе забытым”.

2 красавіка 1942 году нацысты ўчынілі першы буйны габрэйскі пагром, у якім загінулі 5 тысяч чалавек: старых, жанчын, дзяцей. Ушанаваць памяць нявінна закатаваных мірных людзей да “Ямы” сёньня прыйшлі іх нашчадкі. Гаворыць адзін зь іх, Уладзімер Малінкін:

“Памяць пра тое, што тут загінулі нашы сваякі, вельмі дарагая для нас. Трагедыя зачапіла кожную сям’ю, у тым ліку нашую: маленькі брат, 7 гадоў, быў тут па-зьверску забіты. Забітыя былі таксама людзі, якія знаходзіліся тады побач зь ім. Зараз падымаюць галовы падобнага роду фашысты. І вельмі важна для нас, каб людзі памяталі, што гэта можа паўтарыцца зь любым народам. Што нельга такога рабіць”.

У Менску на мэмарыяльным комплексе “Яма” некалькі разоў невядомыя ўчынялі акты вандалізму, абліваючы помнік фарбаю. Зламысьнікаў не знайшлі.

Гісторыкі сьведчаць, што ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі было створана больш як 150 гета. Толькі ў Менскім гета было забіта 100 тысяч чалавек. Усяго ў Беларусі ў пэрыяд акупацыі было зьнішчана каля 800 тысяч габрэяў. Вядома больш за 500 месцаў масавых забойстваў габрэяў у Беларусі. Мэмарыяламі, памятнымі знакамі і шыльдамі на сёньня пазначаныя каля 50 зь іх.

Памінальныя знакі праведнікаў

Удзельнікі мітынгу спускаюцца ў мэмарыяльны комплекс "Яма"

Упаўнаважаны па справах нацыяльнасьцяў Міхаіл Рыбакоў

Мітынг у мэмарыяльным комплексе "Яма"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG