Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 сакавіка сьпікэр Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Літвін заявіў, што кааліцыя, якая падтрымлівала ўрад Юліі Цімашэнкі, спыніла сваю дзейнасьць.


Чакаецца, што 3 сакавіка ўкраінскі парлямэнт будзе вырашаць пытаньне адстаўкі ўраду Цімашэнкі. Дэмакратычную кааліцыю, якая падтрымлівала ўрад Юліі Цімашэнкі да прэзыдэнцкіх выбараў, стваралі Блёк Юліі Цімашэнкі (155 дэпутатаў), Наша Ўкраіна-Народная Самаабарона (72 дэпутаты) і Блёк Літвіна (20 дэпутатаў). У апазыцыі да ўраду знаходзіліся фракцыі Партыі рэгіёнаў (171 дэпутат) і Камуністычнай партыі (27 дэпутатаў). У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны — 450 дэпутатаў.

Заява Літвіна азначае, што кааліцыю пакінуў блёк, які носіць ягонае імя. З паведамленьняў украінскіх СМІ вынікае, што і частка дэпутатаў з праюшчанкаўскай фракцыі Наша Ўкраіна-Народная Самаабарона таксама выйшла з кааліцыі. Але паколькі гэтую фракцыю ўтвараюць 11 партый і рухаў, няма пакуль поўнай яснасьці, колькі дэпутатаў фракцыі пакінула кааліцыю.

Дэпутаты з Блёку Юліі Цімашэнкі схіляюцца да думкі, што заўтра Вярхоўная Рада выкажа вотум недаверу кабінэту Юліі Цімашэнкі, такім чынам распачынаючы фармаваньне новай урадавай кааліцыі і новага ўраду.

Паводле канстытуцыі Ўкраіны, калі на працягу 30 дзён ад распаду старой кааліцыі Вярхоўная Рада ня здолее стварыць новую, прэзыдэнт мае права распусьціць парлямэнт і прызначыць новыя выбары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG