Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі буйных менскіх заводаў і фабрыкаў канстатуюць няпоўную занятасьць, істотнае скарачэньне заробкаў, скасаваньне прэміяльных выплат. Усё часьцей зьяўляюцца зьвесткі пра магчымае скарачэньне пэрсаналу — зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці не патрабуе ранейшай колькасьці працоўных рук.

Майстар аднаго з цэхаў заводу спэцыяльнай тэхнікі «Амкадор» кажа, што размовы пра скарачэньні датычна гэтага прадпрыемства не зусім актуальныя — людзі масава звальняюцца самі:

«Тут страчваць у прынцыпе няма чаго, бо заробак нікчэмны. Няма за што трымацца. Зарплата ў рабочых-зьдзельшчыкаў упала вельмі істотна. У ІТР за студзень выплацілі мінімальную прэмію, а да студзеня ніякіх прэмій не было ўвогуле. Мы працуем не на канвэеры, а на стацыянарных пастах, дык працы амаль няма. Таму пэрспэктывы даволі цьмяныя, хоць пра нейкія скарачэньні пэрсаналу ніякай інфармацыі не даводзілася».

У нас на заводзе ёсьць клюб. Дык там зрабілі рамонт і прывезьлі абсталяваньне лепшае, чым у рэспубліканскіх установах.
Аналягічная сытуацыя на менскім заводзе буйнагабарытнай бытавой тэхнікі «Атлант». Рабочы канвэеру кажа, што крызіс адбіўся на заробках, аднак не перашкодзіў з размахам аздобіць заводзкі клюб:

«13-ы заробак ня плацяць, хоць паводле калектыўнай дамовы трэба было заплаціць па выніках яшчэ пазамінулага году, калі крызісу не было. Мы тады адпрацавалі цалкам па норме, без прэтэнзій. Павінны былі заплаціць прэміяльныя, але грошай ніхто так і не дачакаўся. Хоць паводле дамовы былі абавязаныя. То бок гэта адкрытае парушэньне калектыўнай дамовы. Зь іншага боку, я быў у шоку, калі даведаўся вось пра што. У нас на заводзе ёсьць клюб. Дык там зрабілі рамонт і прывезьлі абсталяваньне лепшае, чым у рэспубліканскіх установах. Мільярд рублёў уклалі — 250 тысяч эўра ўбухалі ў рамонт гэтага клюбу. Нядаўна скончылі рамонт, якраз падчас крызісу».

Па-ранейшаму няма пэўнасьці адносна будучыні менскага заводу «Мотавела». Аўстрыйскі інвэстар так і ня здолеў ажывіць вытворчасьць, а некалькі сотняў рабочых занятыя пераважна прыбіраньнем тэрыторыі. Экс-генэральны дырэктар пасьпяховага колісь прадпрыемства Канстанцін Устымчук наракае на непразрыстасьць падобных інвэстыцыйных праектаў:

«Яны нібыта аўстрыйская фірма, але разабрацца насамрэч у гэтай схеме досыць складана. У свой час, калі яны на рынак прыйшлі, я ім шмат расказваў пра спэцыфіку прадпрыемства і ўвогуле прапаноўваў свае паслугі. З улікам таго, што яшчэ і мазгі засталіся, і сувязі ёсьць. Чаго хаваць, я і ведаю шмат, і ўвесь сьвет аб’езьдзіў, рэальна ў курсе, што такое ровар і матацыкл. Але, на жаль, нікому гэтыя веды не патрэбныя, у тым ліку і гэтай камандзе. Яны каго толькі дырэктарам не прызначалі: там і філёзаф быў, і іншыя людзі, далёкія ад пытаньняў вытворчасьці. Асабіста ведаю і галоўнага
Узровень адміністрацыі павінен быць такі, каб ён хоць нешта мог самастойна рабіць. А там сытуацыя зусім іншая.
інжынэра, і дырэктара. Але ўзровень адміністрацыі павінен быць такі, каб ён хоць нешта мог самастойна рабіць. А там сытуацыя зусім іншая».

Для бальшыні заводаў праблема № 1 — загружанасьць складоў гатовай прадукцыяй. Расейскі рынак, на які арыентавалася бальшыня беларускіх вытворцаў, практычна заблякаваны. Па выніках 2009 году таваразварот паміж дзьвюма краінамі склаў 3 мільярды даляраў, што на 44% меней за ўзровень дакрызіснага 2008-га, калі ён дасягнуў 5,5 мільярда даляраў. Ад такой дыспрапорцыі перадусім цярпяць гіганты кшталту Менскага аўтазаводу і МТЗ, якія ў экспартнай палітыцы залежалі ад Расеі амаль 100-працэнтна. Былы дарадца гендырэктара МАЗу Валянцін Лопан перакананы, што расейскія ўлады і надалей будуць стрымліваць імпарт. Таму важна як мага хутчэй распачынаць працэс дывэрсыфікацыі:

«У трактароў „Беларус“ пазыцыі, можа, крыху лепшыя, чым па грузавіках, бо ў той жа Расеі ім пакуль што няма рэальнай альтэрнатывы, замены. Імпарт, канечне, там круты, але канкурэнцыя паступова ўзьнікае. Амэрыканскі вытворца „Джон Дзір“ зьбіраецца пад Масквой сёлета пачаць будаваць трактарны завод. У сваю чаргу, Пуцін наведваў у Чэбаксарах трактарны завод, якія былі ўказаньні — таксама невядома. Таму натуральна, што Расея будзе па ўсіх гэтых пазыцыях — і па грузавіках, і па трактарах, і па ўсім астатнім, уключна з малочнымі прадуктамі, — мэтанакіравана і стратэгічна разьвіваць свае галіны. Адзінае, што можа ім перашкодзіць у бліжэйшыя 10-15 гадоў, — дэмаграфічная праблема. Калі ў іх проста ня хопіць працоўнай сілы, каб гэта ўсё загрузіць і каб было каму працаваць. А так яны будуць намагацца самі сябе забясьпечваць, тым часам як нам трэба змагацца за кожны працэнт гэтага рынку».

Сёньня атрымала працяг гісторыя з абвешчаным пры канцы мінулага году продажам акцый менскага гадзіньнікавага заводу «Луч» швайцарскай кампаніі «Франк Мюлер». Дырэктар прадпрыемства Мікалай Гаеўскі заявіў, што перамовы знаходзяцца на завяршальным этапе, а распаўсюджаная раней інфармацыя, што зьдзелка была заключаная падчас нядаўняга знаходжаньня ў Швайцарыі Аляксандра Лукашэнкі, не адпавядае сапраўднасьці. Таксама зьняпраўджаныя чуткі, што швайцарцы нібыта рыхтуюць масавае скарачэньне працаўнікоў гадзіньнікавага заводу.
XS
SM
MD
LG